Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: “Заўсёды ёсьць мажлівасьць пашырэньня чорнага сьпісу для беларускіх чыноўнікаў”


Юры Сьвірко, Менск Прэсавая сакратарка высокага прадстаўніка Эўразьвязу Хаўера Саляны пракамэнтавала рашэньне ў панядзелак пашырыць сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў з 4 да 6 асобаў – старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і кіраўніка менскага АМОНу Юрыя Падабеда. Крыстына Гэляк заявіла, што не выключае мажлівасьці новага пашырэньня гэтага сьпісу, аднак пацьвердзіла, што Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму можа езьдзіць у краіны Эўрапейскага Зьвязу.

(Карэспандэнт: ) “Беларуская апазыцыя спадзявалася, што чорны сьпіс Эўразьвязу будзе шырэйшым, таму што ў фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму ды зьбіцьці ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць гэтага бралі ўдзел не два чыноўнікі, а значна большая іх колькасьць. Ці можаце вы сказаць штосьці з гэтай нагоды?”

(Гэляк: ) “Не, я не магу. Як я разумею, заўсёды ёсьць мажлівасьць пашырэньня сьпісу. Пытаньне ў тым, што гэта трэба рабіць крок за крокам. Я не магу выключаць, што больш асобаў будуць дададзеныя ў будучыні, але гэта застаецца прадметам для рашэньня дзяржаваў-сяброў. Я не чакаю, што гэта адбудзецца цягам найбліжэйшых тыдняў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьявіцца калі-небудзь у сьпісе візавых забаронаў Эўразьвязу Аляксандар Лукашэнка?”

(Гэляк: ) “Я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Гэта было б для мяне перавышэньнем паўнамоцтваў. Вы ведаеце, што сьпіс візавых забаронаў быў зроблены для канкрэтных людзей, якія былі зьвязаныя з канкрэтнымі абставінамі. Заўсёды мажліва, што асобы вельмі высокага ўзроўню могуць быць уключаныя ў гэты сьпіс, але ня думаю, што я павінна спэкуляваць наконт гэтага – гэта было б недарэчна. Але што мае значэньне, дык гэта тое, што беларусы ды кіраўніцтва краіны разумеюць, як сур’ёзна Эўрапейскі Зьвяз разглядае сытуацыю ў Беларусі ды як важна для Эўразьвязу даваць ясныя сыгналы. Я думаю, што гэта вельмі ясны сыгнал для ўсіх”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можа Аляксандар Лукашэнка свабодна езьдзіць у Эўрапейскі Зьвяз?”

(Гэляк: ) “Ён не падпадае ні пад якую візавую забарону. Але грамадзкая думка й лідэры Эўрапейскага Зьвязу вельмі добра ведаюць, якая палітычная сытуацыя ў краіне. Таму я ня думаю, што павінна рабіць больш камэнтароў пра той кшталт прыёму, які можа мець прэзыдэнт Лукашэнка ў выпадку, калі ён вырашыць паехаць за мяжу”.

(Карэспандэнт: ) “Адна з асобаў з эўрапейскага чорнага сьпісу – старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына – сказала, што рашэньне Эўразьвязу ёсьць парушэньнем правоў чалавека ды што яе зрабілі ахвярным казлом, як ва Ўкраіне, бо старшыня ЦВК, паводле яе, не фальсыфікуе выбары. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?”

(Гэляк: ) “Я б не хацела наўпрост адказваць на гэтыя камэнтары, але думаю, што рашэньні, ухваленыя міністрамі ў дачыненьні да некаторых прозьвішчаў, якія былі ўключаныя ў сьпіс, ёсьць вельмі добра абгрунтаванымі. Кожны, хто ёсьць у гэтым сьпісе, вельмі добра ведае, якія стасункі з рэжымам і якога кшталту злоўжываньні былі зьдзейсьненыя, што іх разглядаў Эўрапейскі Зьвяз. Відавочна, што гэта тая сытуацыя, якая можа зьмяніцца, – і гэта таксама галоўнае пасланьне Эўрапейскага Зьвязу: мы ня хочам уводзіць санкцыі такога кшталту – мы хочам праз санкцыі такога кшталту перадаць ясныя пасланьні, што ёсьць мажлівасьць адмяніць гэта. Мы б вельмі хацелі, каб цяперашняя сытуацыя ў Беларусі зьмянілася да лепшага. Што гэта значыць? Каб падтрымлівалася практыка дэмакратыі, павагі да правоў чалавека й да вяршэнства закону”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Гэляк, якія наступныя крокі можа зрабіць Эўрапейскі Зьвяз?”

(Гэляк: ) “Мы б вельмі хацелі падтрымліваць кантакты зь людзьмі, якія, на нашу думку, змагаюцца за дэмакратыю й за правы чалавека ў краіне. Мы б хацелі рабіць гэта адкрытым і празрыстым чынам, як гэта ўжо рабілася. Мы будзем падтрымліваць сувязі з прадстаўнікамі партыяў, індывідуальных групамі і няўрадавымі арганізацыямі. У той жа час мы захаваем вельмі пільны маніторынг сытуацыі ў краіне, і, без сумневу, мы будзем пераглядаць нашу палітыку, нашы стасункі пастаянна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG