Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС заклапочанае візавай забаронай Эўразьвязу


Юры Сьвірко, Менск Беларускае дыпляматычнае ведамства адрэагавала на ўнясеньне ў “чорны сьпіс” Эўрапейскага Зьвязу старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і кіраўніка менскага АМОНу Юрыя Падабеда, якіх палічылі адказнымі за фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка й зьбіцьцё неўзабаве пасьля гэтага ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту.

Камэнтуючы панядзелкавае рашэньне Эўразьвязу пашырыць сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў з 4 да 6 асобаў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў:

(Савіных: ) “Мы выказваем заклапочанасьць у зьвязку з чарговым увядзеньнем Эўрапейскім Зьвязам візавых абмежаваньняў у дачыненьні асобных афіцыйных беларускіх асобаў. Мы расцэньваем гэты крок як працяг палітыкі ціску на сувэрэнную дзяржаву. Палітыка абежаваньняў, як ужо неаднойчы паказвала практыка, бессэнсоўная ды беспэрспэктыўная. Мы выступаем за дыялёг з Эўразьвязам, але толькі на аснове роўных правоў і ўзаемнай павагі”.

Паводле спадара Савіных, беларускія ўлады спадзяюцца, што ў Эўрапейскім Зьвязе зразумеюць немагчымасьць пасьпяховага будаўніцтва “Вялікай Эўропы” безь Беларусі.

Афіцыйны Менск яшчэ ня мае інфармацыі, ці далучыліся ЗША да візавых санкцыяў супраць Лідзіі Ярмошынай і Юрыя Падабеда, аднак Андрэй Савіных сказаў, што такія заявы з Вашынгтону ўжо гучалі, таму гэты камэнтар МЗС можна разглядаць і як рэакцыю на амэрыканскі крок.

На мінулым тыдні намесьнік прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі заявіў, што Злучаныя Штаты далучаюцца да рашэньня Эўрапейскага Зьвязу забараніць уезд на сваю тэрыторыю беларускім чыноўнікам, адказным за фальшаваньне выбараў і рэфэрэндуму й за перасьлед апанэнтаў рэжыму.

Раней, у верасьні, калі пад візавую забарону Эўразьвязу й ЗША трапілі чатыры беларускія чыноўнікі, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў, беларускае МЗС заявіла, што думае пра аналягічныя захады супраць эўрапейскіх і амэрыканскіх чыноўнікаў. Ці склаў Менск свой чорны сьпіс?

(Савіных: ) “Мы прадэкляравалі такую магчымасьць, але пакуль такое рашэньне не прынятае”.
XS
SM
MD
LG