Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкі фонд “Дзеці Чарнобыля” адмовіўся ад аказаньня гуманітарнай дапамогі школам Сьветлагорску


Казімер Яноўскі, Сьветлагорскі раён Дабрачынны фонд “Дзеці Чарнобылю” зь нямецкага гораду Дуйсбург пасьля чарговага прыезду ў Сьветлагорск вырашыў спыніць пастаўку гуманітарнай дапамогі мясцовым школам. Прычына — непаважлівае стаўленьне чыноўнікаў да дзейнасьці замежных валанцёраў і шматдзённая затрымка з прыёмам калядных падарункаў.

Нямецкі фонд “Дзеці Чарнобылю” дзевяць апошніх гадоў прывозіў у Сьветлагорск гуманітарныя грузы. Іх рэгулярна атрымлівалі школы і мэдычныя ўстановы. Гэтым разам нямецкія сябры падрыхтавалі толькі невялікую частку грузу для мясцовых шпіталяў. Асноўная дапамога — звыш 3,5 тысячы калядных падарункаў — прызначалася для школьнікаў раёну.

Мэдыкі бязь лішняе цяганіны аформілі дакумэнты на атрыманьне лекавых прэпаратаў, а вось раённы аддзел адукацыі зацягнуў прыём падарункаў ажно на адзінаццаць дзён. Да таго ж немцам прыйшлося выслухаць і шэраг папрокаў з боку загадчыцы аддзелу адукацыі райвыканкаму Галіны Філіповіч — нібыта дапамагаюць немцы не ад шчырага сэрца.

Таму кіраўніца нямецкага фонду Ані Міазга і заявіла ў Сьветлагорску, што перапыняе тут сваю дзейнась і надалей накіроўвае дапамогу ў Босьнію.

(Філіповіч: ) “У мінулым годзе яны прыяжджалі і абураліся, былі не задаволены нашым заканадаўствам. Але ж мы ня можам зьмяніць на месцы тую ж інструкцыю прыёму гуманітарнага грузу. Я ім проста сказала: так нельга! Нельга без дазволу наўпрост працаваць з атрымальнікамі дапамогі. У нас свае законы. Законы Нямеччыны, можа, і добрыя, але ж мы ня можам іх прымяніць у Беларусі”, — лічыць загадчыца аддзелу адукацыі спадарыня Філіповіч.

Паводле яе, інцыдэнт ня ёсьць вынікам нейкага новага стаўленьня да замежнай дапамогі пасьля нядаўняга публічнага выступу кіраўніка дзяржавы, які заявіў, што гуманітарная дапамога і паездкі за мяжу нэгатыўна ўплываюць на беларускіх дзяцей, разьвіваюць у іх “спажывецтва”. Проста ў Сьветлагорску нібыта хацелі навесьці парадак, каб не было абвінавачаньняў у раскраданьні гуманітарнай дапамогі.

Кіраўнікі школаў, якім нямецкі бок аказваў асабліва значную дапамогу, лічаць, што інцыдэнт зь нямецкім фондам — не на карысьць установам адукацыі. Гаворыць дырэктарка Коўчыцкай сярэдняй школы Тацяна Белая:

(Белая: ) “Канечне, гэта не на карысьць. Я ня ведаю, будуць ці не надалей нашы дзеці аздароўлівацца ў Нямеччыне? Паедуць туды ці не? Дапамога для школы была істотная”.
XS
SM
MD
LG