Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік адміністрацыі Леаніда Кучмы сыходзіць у адстаўку?


Валер Каліноўскі, Менск Украінскія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі пра яшчэ адну гучную адстаўку ў найбліжэйшым атачэньні дзейнага прэзыдэнта Леаніда Кучмы — гэтым разам заяву падаў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Медвядчук. Пазьней інфармацыя пра адстаўку Медвядчука мела досыць супярэчлівае разьвіцьцё.

Паводле аднапартыйца Віктара Медвядчука Леаніда Краўчука, той усьвядоміў, што пэрыяд праўленьня Кучмы завяршыўся, і што пасьля выбараў ён на сваёй пасадзе не застанецца. Медвядчук у свой час заяўляў пра сваю падтрымку на выбарах праўладнага кандыдата Віктара Януковіча. Апазыцыя абвінавачвала Медвядчука ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня 21 лістапада.

Рэдактар кіеўскага тыднёвіка “Міг” Міхаіл Білэцькі кажа, што Медвядчук быў надзвычай ўплывовай асобай, яму ўдалося паступова пераўтварыць адміністрацыю прэзыдэнта ў “дзяржаву ў дзяржаве”. Спадар Білэцькі не выключае, што адстаўка зьвязаная зь палітычнай неабходнасьцю:

(Білэцькі: ) “Я ня веру, што называецца, у альтруізм, і калі ачысьціць усё гэтае шалупіньне, то мне падаецца, што, магчыма, інстынктыўна гэта патрэбна для абароны Кучмы”.

Спадар Білэцькі ў сувязі з гэтым нагадвае зьвесткі намесьніка Медвядчука Васіля Базіва, апублікаваныя заходняй прэсай, аб тым, што Медвядчук і Януковіч настойвалі на сілавым вырашэньні процістаяньня з дэманстрантамі ў Кіеве, але Кучма не паддаўся на іх ціск. І цяпер Януковіч перайшоў у дзіўную апазыцыю Кучме, а Медвядчук вырашыў сысьці. Як паўплывае адстаўка Медведчука на вынікі выбараў 26 сьнежня? Меркаваньне Міхаіла Білэцькага:

(Білэцькі: ) “Тэарэтычна гэтая адстаўка не павінна асабліва паўплываць на сытуацыю, гэта ня той камень, выбіўшы які, можна разбурыць усю сыстэму. Але тым ня менш, гэта знакавая адстаўка”.

На думку спадара Білэцькага, каменем, які канчаткова разбурыць сыстэму ўлады, збудаваную Кучмам, стануць толькі вынікі выбараў, непрыемныя для Януковіча. І сам спадар Білэцькі прагназуе, што Януковіч прайграе з адрывам 10–12%, бо расчараваньне Януковічам пачалося ўжо нават на ягонай радзіме, у Данбасе.

***

Тым часам інфармацыя пра адстаўку Медвядчука мела сёньня досыць супярэчлівае разьвіцьцё. Сёньня адстаўка Медвядчука не была прынятая дзейным прэзыдэнтам Леанідам Кучмам.

Зараз Медвядчук працягвае выконваць свае абавязкі, і, як паведаміла прэсавая сакратарка Кучмы Алена Грамніцкая, пойдзе ў адстаўку з моманту ўступу на пасаду новага прэзыдэнта.

Сам Віктар Медвядчук заявіў, што пойдзе ў адстаўку і звольніць яго перад прыходам новага прэзыдэнта яшчэ Леанід Кучма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG