Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Манаеў пра ператрус у кватэры: “Вайна ўлады са структурамі грамадзянскай супольнасьці набывае агрэсіўныя рысы”


Валер Каліноўскі, Менск Увечары 13 сьнежня супрацоўнікі КГБ правялі ператрус на менскай кватэры, якую арандуе намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў. Дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў лічыць гэта чарговай акцыяй улады, накіраванай на запалохваньне грамадзянскай супольнасьці.

Прафэсар Алег Манаеў перакананы ў палітычных матывах перасьледу ягонай навуковай установы:

(Манаеў: ) “Гэта зьвяно ў ланцугу, які цягнецца даўно. Больш за год дзяржава фактычна вядзе вайну супраць структураў грамадзянскай супольнасьці Беларусі”.

Паводле Алега Манаева, актыўны ціск уладаў на інстытут пачаўся з канца жніўня, калі пачалі прыходзіць лісты зь Міністэрства юстыцыі з фармальнымі прэтэнзіямі й папярэджаньнямі. За шэсьць дзён да рэфэрэндуму парфэсара Манаева запрасіў на гутарку міністар юстыцыі Віктар Галаванаў і прадэманстраваў падрыхтаваны зварот аб закрыцьці інстытуту ў Вярхоўны суд. Пасьля рэфэрэндуму ціск прадоўжыўся. У пачатку сьнежня прафэсара Манаева выклікалі ў пракуратуру Беларусі: сьледчы дапытваў пра паходжаньне вынікаў сацапытаньня экзыт-пол Інстытуту Гэлапа на мінулых выбарах і рэфэрэндуме. Пракуратура праводзіць на гэты конт праверку, хаця пра тое, што заведзеная нейкая справа, інфармацыі няма.

Апошнія дзеяньні КГБ Беларусі ў кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара НІСЭПД, Алег Манаеў наўпрост зьвязвае з публікацыяй лістападаўскага агульнанацыянальнага сацапытаньня, якое пацьвердзіла зьвесткі Інстытуту Гэлапа аб тым, што за канстытуцыйныя зьмены на рэфэрэндуме ў Беларусі рэальна галасавала меншасьць выбарцаў — 49%.

(Манаеў: ) “Гэтыя вынікі цяпер шырока распаўсюджваюцца ў міжнародных мэдыях, унутры краіны, па амбасадах, партыях, няўрадавых арганізацыях. Я не выключаю, што гэта паслужыла дадатковым фактарам, прычынай на фоне ўсяго, што адбываецца апошнія тыдні, — гэтай рэкансалідацыі беларускай улады. Напэўна, вырашылі НІСЭПД яшчэ нешта паказаць, каб мы не рабілі таго, што робім”.

Алег Манаеў перакананы, што ператрус мог бы завяршыцца зусім інакш, іншымі наступствамі, калі б на кватэру не прыехала шмат журналістаў. Аднак спадар Манаеў мяркуе, што і пракуратура, і Мінюст, і КГБ прадоўжаць ціск на ягоны інстытут.

(Манаеў: ) “Напэўна, будуць нейкія больш сыстэмныя дзеяньні. Будуць шукаць аргумэнты, знаходзіць іншыя формы, самыя розныя. Тут можна прыгадаць і ўзьдзеяньне, пад якое патрапіў Марыніч, і суд над БХК. Я ня думаю, што нас пакінуць у спакоі, бо гэта супярэчыла б агульнай тэндэнцыі, якая ёсьць цяпер у краіне, — разьвязаная і набывае адкрытыя агрэсіўныя формы вайна дзяржаўнай улады са структурамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Супрацоўнікі КГБ патлумачылі ўчарашні ператрус у супрацоўнікаў НІСЭПД пошукам “прыладаў злачынства” невядомага бізнэсоўца, жонка якога тры гады таму працавала ў той жа кватэры, якую цяпер наймае Аляксандар Сасноў. Падчас ператрусу, які доўжыўся 30 хвілінаў і быў даволі павярхоўным, супрацоўнікі цэнтральнага апарату КГБ нічога не знайшлі.
XS
SM
MD
LG