Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Магілёўшчыны патрабуюць ад дзяржаўных газэтаў пераходзіць на самаакупнасьць


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Магілёўскія ўлады запатрабавалі ад шэрагу раённых і абласных газэтаў, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца выканаўчыя камітэты, перайсьці з другога кварталу наступнага году на самаакупнасьць.

Дзяржаўным газэтам, якія выдаюцца ў Магілёўскай вобласьці, патрэбныя бюджэтныя датацыі. Кіраўнік управы ідэалёгіі аблвыканкаму Валеры Ільянкоў гаворыць, што не адзін год вядуцца размовы пра самаакупнасьць газэтаў, і цяпер — чарговая спроба падштурхнуць выданьні зарабляць сабе на жыцьцё.

(Ільянкоў: ) “Калі газэта датацыйная, узьнікае шмат пытаньняў, зьвязаных з паперай, з ганарарамі й іншымі рэчамі. Калі рэдактары газэтаў у заснавальніка з працягнутай рукой стаяць заўсёды”.

Са стратамі працуе крычаўская раёнка “Ленінскі кліч”, і зарабіць грошы тут мяркуюць на платных паслугах — напрыклад, вырабе копіяў і фатаздымкаў. Журналісты спадзяюцца захаваць працоўныя месцы і заробак.

(Спадар: ) “Мы пакуль трымаемся бадзёра. Гатовы пацярпець нейкі час, калі што. Але мяркую, што выб’емся”.

У газэце “Асіповіцкі край” не плянуюць скарачэньняў супрацоўнікаў і памяншэньня ганарару, а толькі павелічэньне накладу. Дарэчы, у адной з раёнак журналістам далі норму — кожнаму падпісаць на газэту 100 чалавек.

У Мсьціслаўскай раёнцы “Сьвятло кастрычніка” гавораць, што ім патрэбны наклад, які быў за партыйным часам — гэта як мінімум удвая большы, чым ёсьць цяпер. Таму, як сказаў галоўны рэдактар адной з газэтаў, поўнай фінансавай самастойнасьці ня будзе, хаця б з той прычыны, што ідэалёгія заўсёды была платная.

(Спадар: ) “Грошы будуць даваць! Калі хочуць мець раённыя газэты, іншымі словамі — каб быў ідэалягічны пласт, канечне, яго будуць датаваць”.

Кіраўнік магілёўскай арганізацыі БАЖ Генадзь Суднік лічыць, што раённыя газэты ня змогуць працаваць ва ўмовах самаакупнасьці, з прычыны эканамічных варункаў, а таксама і нізкага прафэсійнага роўню. Таму ён наступным чынам ацэньвае захады чыноўнікаў.

(Суднік: ) “Яны нібыта прыкармілі людзей, якія працуюць у нашых раёнках. Патрабуюць ад іх, каб яны працавалі на карысьць дзяржаўнай ідэалёгіі. Спачатку прылашчыць, а цяпер сказаць: “Ідзіце і жывіце”, — канечне, гэта не зусім сумленна з боку ўлады”.

Паводле Генадзя Судніка, для самастойнага існаваньня дзяржаўных выданьняў уладам трэба даць ім ня толькі эканамічную, але і ідэалягічную свабоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG