Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто аплачвае паездкі расейскіх журналістаў у Беларусь?


Ігар Карней, Менск Ад пачатку году ўжо пятая група расейскіх журналістаў пачынае вандраваць па Беларусі на запрашэньне беларускага боку. Гэтым разам тры дзясяткі прадстаўнікоў расейскіх мас-мэдыяў будуць знаёміцца з аграпрамысловым комплекскам на прыкладзе Берасьцейшчыны. Журналісты прабудуць у Беларусі да канца тыдня, а назіральнікі тым часам падлічылі, што вандроўкі расейцаў каштавалі беларускаму боку дзясяткі тысяч даляраў.

Упершыню паміж візытамі розных групаў расейскіх журналістаў не прайшло нават і тыдня. Калі папярэдняя каманда знаёмілася з досьведам працы сталічнай гаспадаркі, то новая партыя расейскіх гасьцей пачынае вандроўку па Берасьцейскім рэгіёне. Для іх заплянаваная паездка ў Белавескую пушчу і мэмарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасьць-герой”, а заўтра ў суправаджэньні кіраўніка аблвыканкаму Канстанціна Сумара яны наведаюць шэраг прадпрыемстваў — у прыватнасьці, малочны камбінат, прадпрыемства “Інка-Фуд” і некаторыя іншыя.

Пасьля гэтага журналістаў прывязуць у Менск, дзе яны сустрэнуцца з прадстаўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі й шэрагу міністэрстваў, наведаюць агракамбінат “Ждановічы” і Менскую птушкафабрыку.

Адметна, што беларускіх журналістаў у Расею цягам апошніх гадоў ніхто не клікаў. А ці практыкуецца досьвед запрашэньня вялікай колькасьці журналістаў з адной і той жа краіны на Захадзе? Пра гэта я запытаў у карэспандэнта Грамадзкага радыё Польшчы Ўладзімера Паца:

(Пац: ) “Бываюць такія выпадкі, калі дзяржава хоча зьвярнуць увагу на нейкую падзею, то можа запрашаць журналістаў зь іншых краінаў. Але пра масавы характар такой зьявы я, прынамсі, ня чуў. У дадзеным жа выпадку гаворка пра саюзную краіну... І мне здаецца, што гэта папросту прамоцыя дзяржавы, бо журналісты будуць пісаць ужо крыху інакш, магчыма, лепей, калі хто пісаў дагэтуль кепска. Так што, напэўна, у гэтым ёсьць свой эфэкт. І гэта вельмі цікавая зьява ў палітыцы”.

Стала вядома, што за свае візыты расейскія журналісты атрымліваюць прыстойныя нават па мерках расейскіх фэдэральных выданьняў камандзіровачныя — 48 даляраў на суткі. Фармальна выдаткі аплачваюцца зь беларускай часткі бюджэту так званай саюзнай дзяржавы, што ў любым выпадку ёсьць грашыма беларускіх падаткаплатнікаў. З улікам, што цягам году Беларусь наведалі паўтары сотні расейцаў, сума выдаткаў немалая. Да таго ж, трэба памятаць, што запрошаныя расейскія журналісты ня плацяць за праезд, пражываньне і харчаваньне. Падобны расклад шмат каму падабаецца: калі зыходзіць з прозьвішчаў і выданьняў, якія журналісты прадстаўляюць, то некаторыя паставілі паездкі ў Беларусь на сталую аснову.
XS
SM
MD
LG