Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняпраўдзіць, зьняпраўджаньне


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

У савецкую пару ў нашай літаратурнай мове замацаваліся дзеясловы абвяргаць і абвергнуць, вытворны ад іх назоўнік абвяржэньне. Гэтыя словы – частковыя калькі з расійскіх опровергать, опровергнуть, опровержение. Названыя калькі пашыраліся з 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, выціскаючы на моўную пэрыфэрыю некаторыя традыцыйныя беларускія словы. Як вядома, у нашай літаратурнай мове значэньні царкоўнаславянскіх і расійскіх словаў з коранем -верг- звычайна перадаюцца словамі зь іншымі каранямі.

Абсалютны сынонім да калькі абвергнуць – празрысты беларускі дзеяслоў зьняпраўдзіць. Шматтомны тлумачальны слоўнік ілюструе ўжываньне слова зьняпраўдзіць ілюстрацыямі з мовы двух клясыкаў нашае літаратуры. “Крушынскі стараўся рознымі спосабамі зьняпраўдзіць гэтыя чуткі”, – чытаем у рамане Зьмітрака Бядулі. “Адбылося ў жыцьці нешта такое, што ўсё зыначыла й зьняпраўдзіла”, – гэты сказ з прозы Кузьмы Чорнага. Дзеяслоў зьняпраўдзіць памалу вяртае сабе месца ў літаратурным лексыконе. “Рэальнасьць зьняпраўдзіла ўсе прагнозы”, – тут ужо сучасная ілюстрацыя з мовы тыднёвіка “Наша ніва”. Поруч з словамі зьняпраўдзіць і зьняпраўджваць ёсьць і аддзеяслоўны назоўнік зьняпраўджаньне: можам, прыкладам, сказаць, што нехта выступіў зь зьняпраўджаньнем, то бо паказаў непраўдзівасьць тых ці іншых зьвестак.

Памятайма пра магчымасьць лексычнага выбару. Гаворым па-беларуску, што зьняпраўдзілі недакладную інфармацыю, давялі непраўдзівасьць зьвестак, запярэчылі чуткам, зьбілі памылковае цьверджаньне, выступілі з запярэчаньнем, надрукавалі ў газэце зьняпраўджаньне.
XS
SM
MD
LG