Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крышылавічы


Ягор Маёрчык, Крышылавічы, Ганцавіцкі раён Берасьцейшчыны (эфір 13 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Разам з рэдактарам незалежнага тыднёвіка “Ганцавіцкі час” Пётрам Гузаеўскім па засьнежаных дарогах мы едзем у аддаленую вёску Крышылавічы.

(Гузаеўскі: ) “У рэдакцыю газэты “Ганцавіцкі час” прыйшоў ліст ад інваліда дзяцінства. Яна глядзіць тэлебачаньне, дзе заўсёды гавораць пра клопат аб вэтэранах і пэнсіянэрах. Яна скардзіцца на тое, што гэтага клопату яна насамрэч не адчувае. Мы разам вырашылі наведаць вёску, дзе жыве гэтая бабуля”.

Вольга Іванісеня жыве самотна ў хаце на вуліцы Садовая. Унутры нас засмучае пусты пакой. Толькі калі агледзеліся, заўважылі гаспадыню. Добра захінутая, яна сядзіць на печы, у самым куце.

(Гузаеўскі: ) “Ліст ваш атрымалі”.

(Іванісеня: ) “Ага, вы паглядзіце, як я жыву”.

(Карэспандэнт: ) “Вось мы і прыехалі паглядзець”.

(Іванісеня: ) “Я зараз зь печы зьлезу і ўсё вам пакажу”.

Старая зладзіць, бярэ крэсла і сядае побач з намі.

(Карэспандэнт: ) “Вы дасылалі ліст. Што там было напісана?”

(Іванісеня: ) “Я напісала, што мне ніхто нічым не дапамагае. Ніхто дзьвярэй не адчыняе! Мне дроваў не хапае. Мне ня трэба ні грошай, ні хлеба, ні ежы, але мне патрэбныя дровы”.

(Карэспандэнт: ) “Лес навокал”.

(Іванісеня: ) “А як я прывязу?!”

(Карэспандэнт: ) “За бутэльку нанялі б каго…”

(Іванісеня: ) “О-о-о! Цяпер за бутэльку ніхто і не павязе. Цяпер ведаеце, колькі патрэбна? 80–90 тысяч за прычэп дроваў! А на зіму патрэбна два прычэпы. Вы вось седзіцё ў маёй хаце… А ў мяне тут вада замярзае! А каму тут скардзіцца? Няма каму! Я старшыні сельсавету казала. А яна мне заявіла, што ў яе таксама трое дзетак. Хто?! Хто ў нас клапоціцца пра старых?!”

(Карэспандэнт: ) “А ў райвыканкам зьвярталіся?”

(Іванісеня: ) “Да Столяра?! Гэта наш старшыня райвыканкаму. Ці да тога Столяра, ці да майго барана — аднолькава. Я ў шпіталі ляжала. Ды не было на чым даехаць. Я за прыезд хуткай дапамогі аддала 9 тысяч. А так бы прыйшлося пешшу ісьці. А як я, калека такая, дайду дадому?”

(Карэспандэнт: ) “Вы за хуткую плацілі грошы? У нас жа мэдыцына бясплатная”.

(Іванісеня: ) “У вас, можа, і бясплатная, а ў нас платная! Я вам яшчэ пра ліхтары распавяду. Быў загад ад Лукашэнкі: каб кожны стары быў на ўліку, каб павесілі ў вёсках ліхтары. А ў нас невядома, дзе тыя старыя, на якім яны ўліку. Павесілі ўсяго тры ліхтары. І толькі там, дзе людзі паўміралі. Я патэлефанавала начальніку. А ён мне кажа: “Хай старшыня сельсавету набудзе ліхтары, а мы тады павесім”. Я патэлефанавала ў райвыканкам. А яны мне кажуць: “Цягнік пайшоў на Бэрлін, а пасажыры засталіся”.

(Карэспандэнт: ) “Так і сказалі?”

(Іванісеня: ) “Так і сказалі! Сакратарка сказала, што ўжо ўсё прапала і не адна я такая ім тэлефанавала”.

Колішняя настаўніца 80-гадовая Ганна Коўш — самая блізкая суседка Вольгі Іванісені. Яна жыве празь дзьве хаты, але сядзібы гэтыя закінутыя. У Крышылавічах такое паўсюль. Насельніцтва тут няўмольна скарачаецца — засталося з паўсотні жыхароў.

(Карэспандэнт: ) “Гутарылі мы з гэтай бабай Воляй. Яна стары скалечаны чалавек. Паводле закону да яе мусіць быць прыстаўлены сацыяльны работнік, які б яе даглядаў. Яна кажа, што ў вашай вёсцы такога чалавека няма. Яна добрым словам пра вас адгукалася, што вы часам ёй дапамагаеце”.

(Коўш: ) “Дапамагаем. Суседзі да яе ходзяць. То ціск ёй памераем, то вады наносім. Што вы? Я і чакаць ня буду, пакуль мяне папросяць. Раніца прыйдзе, гаспадарку ўпарадкую — і пайду паглядзець, ці не захварэла яна. Дапамогі ніадкуль мы ня бачым. Хоць і тая Іванісеня — было нават такое, што старшыня сельсавету напісала ў газэту, што ўсім яе забясьпечвае: дармавымі дровамі й харчамі. Але гэта няпраўда! А чым яна нам дапамагае? Нічым! Нядаўна тут былі з райвыканкаму, са шпіталю і з райсабесу. Тыя хоць выступалі, а яна нават і слова не сказала, не запыталася нічога”.

(Карэспандэнт: ) “А самі вы да яе зьвяртаецеся? Што яна адказвае?”

(Коўш: ) “Папросім пачысьціць ад сьнегу дарогу. Там на адной вуліцы расчысьцілі, ды й тое, можа, ад таго, што нехта бутэльку даў. А астатнія вуліцы не расчышчаюць. Прыкладам, заўтра ў клюб прывязуць хлеб. Але гэтая калека туды ня зойдзе”.

З размовы з бабай Ганнай я выношу яшчэ некалькі цікавых акалічнасьцяў жыцьця Крышылавічаў. Вось толькі адна зь іх. На прыватныя надзелы даюць неўрадлівыя землі. Адпаведна, лепшыя пакідаюць за калектыўнай гаспадаркай. Але шмат прылеглых да вёскі палёў пустуе — каб апрацаваць іх, бракуе тэхнікі й людзей. Але і з пэнсіянэрамі дзяліцца ніхто не сьпяшаецца.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што калгас надзелы пад бульбы дае вельмі далёка. Праўда ці не?”

(Спадарыня: ) “Далёка”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі кілямэтраў?”

(Спадарыня: ) “Мо паўтара, а мо і два. Некуды туды пад Клецкі раён. Знайсьці каня, каб разаралі, зайсьці туды зь мяшкамі. Як усё гэта пэнсіянэру?”

(Карэспандэнт: ) “А ў таго ж калгасу прасілі, каб соткі недзе бліжэй давалі? Зямля ж гуляе побач, ля вёскі…”

(Спадарыня: ) “А што прасіць? У каго прасіць? Нібыта яны гэтага ня ведаюць. Вось яшчэ, што мяне закранае. Даўней настаўнік быў нейкім аўтарытэтам, а цяпер настаўнікам нават сотак не даюць. Настаўнік цяпер як той Буран. Але свайго сабаку Бурана я гляджу і кармлю. А настаўнікі сёньня горш, чым тыя сабакі. Чаму я такая агрэсіўная? Мая дачка — настаўніца. Яна тры гады сотак ня садзіць! І я вымушаная яе карміць. Ці ёсьць такі закон?”

(Карэспандэнт: ) “А чаму яна ня можа пасадзіць?”

(Спадарыня: ) “Даюць такую зямлю, дзе нічога не расьце. Вось так нашыя людзі жывуць. Нічога ня буду казаць! Бо я нагавару на свой хвост. А што з гэтага? Кажы ці не — лепш маўчаць, дажывай свой век і чакай, пакуль прыйдзе машына і завязе на іншыя соткі”.

Да размовы далучаецца Пётра Гузаеўскі:

(Гузаеўскі: ) “Вы баіцеся прадставіцца, а хто і што вам можа зрабіць?”

(Спадарыня: ) “Ніхто нічога. А што — трэба так выступаць, як ва Ўкраіне?”

(Карэспандэнт: ) “А чаму і не?”

(Спадарыня: ) “Няма ў нас гэткага, бо мы беларусы. Мы ўжо старыя, каб змагацца”.

(Карэспандэнт: ) “Вашая суседка Вольга Іванісеня таксама старая, але яна не здаецца”.

(Спадарыня: ) “Вы бачылі яе? Як чалавеку жыць? А ў нас яшчэ хоць трошкі ногі ходзяць”.

Пра стан тутэйшай калектыўнай гаспадаркі я распытваю аднаго з працаўнікоў. Мы выпадкова сутыкнуліся на адной з вуліцаў паселішча. Была другая палова дня, а чалавек гэты быў яшчэ цьвярозы — гэта мяне і абнадзеіла.

(Спадар: ) “Старшынёй у нас іншы цяпер стаў — ён яшчэ малады да недасьведчаны. А ў калгасе ўсё развалілася і ўсё правалілася. Нават працы няма: у брыгаду адзін дзень ходзіш, а два — не”.

(Карэспандэнт: ) “Як заробкі ў калгасе?”

(Спадар: ) “Самы вялікі — 20 тысяч. Прыходзіцца хадзіць калыміць: то дровы парубаць, то яшчэ што небудзь зрабіць. Машыну дроваў пакалоць каштуе 10–20 тысяч. Але і гэта ня грошы”.

(Карэспандэнт: ) “На вуліцах, якія адыходзыць ад цэнтральнай, дарогі ня чысьцяць. Жыхары да вас не зьвярталіся, каб вы рыдлёўкай сьнег раскідалі ды сьцежку ім пратаплалі?”

(Спадар: ) “Бывае, што і зьвярталіся”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі за такую працу возьмеце?”

(Спадар: ) “На пачак цыгарэтаў”.

(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”

(Спадар: ) “Скварцоў Іван Фёдаравіч”.

(Карэспандэнт: ) “Вы самі аднекуль прыехалі?”

(Спадар: ) “З Іванаўскай вобласьці, з Расеі”.

(Чаркун: ) “Скварцовых у нашай вёсцы няма!”

(Карэспандэнт: ) “А гэты які з Іванаўскай вобласьці? Такі нізенькі, два зубы тырчаць”.

(Чаркун: ) “Худы?”

(Карэспандэнт: ) “Худы-худы!”

(Чаркун: ) “Страшэнны-страшэнны!”

(Карэспандэнт: ) “Страшэнны”.

(Чаркун: ) “Гэта ж Лазараў! Але ён прыехаў да нас з Маскоўскай вобласьці”.

(Карэспандэнт: ) “Ён яшчэ ў калгасе працуе, на лапкі ходзяць. А часам бабкам дровы паколе”.

(Чаркун: ) “Гэта ён і ёсьць — Лазараў! Ён ні на якіх лапках не працуе. Ён раней на калгаснай фэрме быў вартаўніком. Калі фэрму ў нас раскідалі, ён нікуды не пайшоў. Ён гультай з-пад гультая!”

Я гасьцюю ў старасты вёскі Валянціны Чаркун. Выпадкова згадаў папярэднюю сустрэчу, і гэта вылілася ў цэлае разьбіральніцтва. Але гаворка галоўным чынам пра цяжкасьці жыцьця ў Крышылавічах і ў прыватнасьці пра Вольгу Іванісеню.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўда тое, на што яна скардзіцца?”

(Чаркун: ) “Вядома, што ёй цяжка. Яна жыве адна. Дзяцей у яе няма. Яна без здароўя і нічога рабіць ня можа. Летась сацыяльнага работніка прысылалі. Але для яе адной сацыяльнага работніка таксама трымаць ня будуць. Я бы не сказала, што яе вельмі крыўдзяць: ёй калгас плот паставіў і дах на хляву перакрылі. Нібыта нейкую ўвагу зьвяртаюць і на яе”.

(Карэспандэнт: ) “Яна адна на ўсю вёску, хто скардзіцца, альбо ёсьць яшчэ такія незадаволеныя?”

(Чаркун: ) “Толькі адна такая, усім незадаволеная”.

(Карэспандэнт: ) “Яна і ня толькі яна казалі пра…”

(Чаркун: ) “…у нас вуліцы ад сьнегу ня чышчаныя”.

(Карэспандэнт: ) “Вы проста думкі мае чытаеце!”

(Чаркун: ) “Чытаю. У нас не прачышчана ні на адной з вуліцаў. Але да дому сацыяльна-культурных паслугаў нам абяцалі прачышчаць, бо па пятніцах і аўторках у нас прыяжджае сюды крама. Пакуль людзі да крамы даходзяць, ня тое, каб зусім было замецена”.

(Карэспандэнт: ) “А да вашае хаты чамусьці дарога прачышчаная”.

(Чаркун: ) “Гэта жучык мой сёньня пастараўся”.

Я вяртаюся да размовы з Вольгай Іванісеняй. Запытваюся, чаму яна выбрала такі незвычайны мэтад барацьбы, як лісты ў газэту?

(Іванісеня: ) “У мяне плот паваліўся. Людзкія куры, гусі й каровы хадзілі па маім агародзе. І тады я напісала ў газэту. Дапамагло! Калгас паставіў платы”.

(Карэспандэнт: ) “Аднойчы дапамагло…”

(Іванісеня: ) “…і я вырашыла напісаць яшчэ адзін раз, бо газэта павінна дапамагчы”.

На зваротным шляху мы зноў гутарым зь Пётрам Гузаеўскім. У Ганцавіцкім раёне ягонае выданьне з накладам 2 тысячы паасобнікаў папулярнейшае за райвыканкамаўскую газэту “Савецкае Палесьсе”.

(Карэспандэнт: ) “Вашыя далейшыя дзеяньні? Што вы будзіце рабіць, каб нейкім чынам аднавіць справядлівасьць?”

(Гузаеўскі: ) “Мы павінны атрымаць камэнтар ад чыноўніка, якія маюць дачыненьне да гэтай справы. Па сьлядах публікацыяў мы надрукуем, як справы разьвіваліся далей”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна ў дадзеным выпадку разьлічваць на посьпех?”

(Гузаеўскі: ) “Цяжка сказаць, але, паводле той інфармацыі, якую мы цяпер атрымалі, сюды ўпершыню павінен прыехаць кіраўнік аддзелу сацыяльных работнікаў, і гэтая справа павінна вырашацца. У мяне ёсьць спадзяваньні на тое, што вырашыцца хоць частка некаторых праблемаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG