Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Па-сапраўднаму мы, беларусы, з рускімі родныя толькі як “саўкі”, былыя насельнікі Савецкай імпэрыі”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 10-13 сьнежня 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Ігнась: ) “Шаноўная Свабода! Калі ласка, адшукайце магчымасьць данесьці да шматпакутных данбаскіх шахцёраў і іхных сем’яў, што ня варта ім баяцца Захаду. Ведаючы патрабаваньні Захаду да ўмоваў працы ў Усходняй Эўропе, не сумняюся, што такія ўмовы будуць заведзеныя і ва Ўкраіне. Застаючыся пад уплывам Расеі, яны і далей будуць гінуць за мэталь і вугаль, а нарэшце і за паўночны Каўказ”.

(Спадар: ) “Добрага здароўя, Свабода! Я наконт рашэньня Эўразьвязу і Злучаных Штатаў пра невыязных за межы Беларусі. Пакуль іхныя сьпісы нявызначаныя, кажуць. На маё перакананьне – яны больш чым вызначаныя. У лік асоб, якія ня могуць выехаць і не павінны выяжджаць за мяжу, павінны трапіць усе вэртыкальшчыкі, члены выбарчых камісіяў, карацей, усе, хто ўваходзіць у любыя дзяржаўныя структуры. Абгрунтаваньне простае. Нікому ня трэба даказваць, што рэжым Лукашэнкі злачынны. Значыць, усе, хто рохкае ля кармушкі ды іх лізуны зьяўляюцца падонкамі. Вось менавіта яны выконваюць злачынныя загады, зьяўляючыся парушальнікамі закону і канстытуцыі. Гэта малы працэнт насельніцтва Беларусі, і абмежаваньне на выезд іх не адаб’ецца на жыцьці, дабрабыце сумленных грамадзян Беларусі. Да пабачэньня”.

(Мікола Саскевіч: ) “Хачу загадзя павіншаваць зь вялікім сьвятам Нараджэньня Хрыстова калектыў нашай роднай Беларускай службы Радыё Свабода, а таксама калектыў расейскай і ўкраінскай службаў Радыё Свабода, а таксама калектыў радыёстанцыі Голас Амэрыкі й калектыў нашай роднай беларускай службы Радыё Палёнія! Жадаю ўсім Вам і Вашым сем’ям здароўя, шчасьця, посьпехаў і ўсяго самага найлепшага ў вашым жыцьці!

Але ж глушаць вас страшэнна! Слухаць немагчыма. Слухаю часткамі. У шэсьць гадзін зусім немагчыма пачуць. Частку ў восем слухаю і частку у дзесяць. Дзякуй за ўвагу!”

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Я і мая сям’я загадзя жадаем шчыра павіншаваць з надыходзячымі сьвятамі Раством Хрыстовым і Новым 2005 Годам усіх салдат ЗША, усіх салдат Польшчы, усіх салдат аб’яднанага каралеўства Вялікабрытаніі і ўсіх тых салдат кааліцыі, якія служаць і вядуць барацьбу з тэрарызмам у Аўганістане і Іраку. Мы жадаем вам здароўя, шчасьця, посьпехаў у вашай нялёгкай ваеннай службе! І, канечне, посьпехаў вам і перамогі! Ведайце, што ёсьць сям’я ў Беларусі, якую складаюць я (тата), мама і трое дзетак, дзьве дзяўчынкі і адзін хлопчык, якія падтрымліваюць вас, турбуюцца пра вас і лічаць вас сапраўднымі салдатамі і героямі. Вы – салдаты дабра, і за вамі перамога. Барані вас Бог! І ў мяне просьба да Радыё Свабода: калі магчыма, канечне, дашліце плякаты з рэклямнымі выявамі салдат арміі ЗША і войска польскага. Да пабачэньня”.

(Спадарыня: ) “Паважаная Свабода! Па-першае. Умяшаньне Расеі ў справы іншых краінаў – для гэтых краінаў суцэльнае гора, бо Расея дбае толькі пра свае інтарэсы, а астатняе яе не цікавіць. Па-другое. Лукашэнка кажа, што тое, што адбывалася ва Ўкраіне, у Беларусі немагчыма. Ён так кажа, бо ведае, што адразу кіне на людзей амон і танкі. Вось і Шэймана пасадзіў каля сябе ўзначальваць штаб барацьбы зь іншадумствам. Шэйман – вядомы натхняльнік усіх “перамог” нашага правадыра. І апошняе. Аб прыёме вашых перадач з 18 да 24 гадзін. Спачатку было ня кепска, але паступова стала псавацца. Зараз чысты прыём на кароткіх хвалях толькі з 20 да 21 гадзіны. І больш вас увечары няма, быццам, хто зьдзекваецца. Да пабачэньня. Жыве Ўкраіна і Беларусь!”

(Доктар Грыгаровіч: ) “У Дзень сьвяткаваньня правоў чалавека наш прэзыдэнт прыпаднёс чалавеку і ягоным правам яшчэ адзін падарунак – зноў урэзаў іх. Раней ён патрабаваў, каб бізнэсоўцы не займаліся палітыкай, парушаючы тым самым правы чалавека. Цяпер ён запатрабаваў, каб чыноўнікі не займаліся навуковай дзейнасьцю, новы плявок у твар чалавека. Трэба з гэтым змагацца!”

(Спадарыня: ) “Я слухаю вашае радыё рэгулярна. Вы ўсё кажыце пра нейкія парушэньні правоў у Беларусі. Будзьце ласкавыя, растлумачце, у чым заключаюцца гэтыя парушэньня, канкрэтна. Я пазначу сабе і праверу, упэўнюся, так гэта ці не, альбо гэта проста выдумка, каб лаяць Лукашэнку.

Пастаянна на вашым радыё гучаць тыя самыя галасы, якія абвінавачваюць Лукашэнку ва ўсіх грахах. Гэта што – самыя галоўныя завадатары бязладзьдзя на Беларусі, якім больш за ўсіх плацяць? Яны ўвогуле нясуць такое глупства, што нават сорамна слухаць! Як вы можаце працаваць з такой катэгорыяй людзей? Хаця, што тут казаць, вы ж такія самыя, як і яны.

Кожнае радыё павінна несьці праўдзівую інфармацыю для народа і перадаваць дакладныя факты. Вы ж гэтага ня робіце. Чаму? Я, напрыклад, вам некалькі разоў тэлефанавала, выказвала сваё меркаваньне наконт прэзыдэнта Джорджа Буша. Я яго называла дыктатарам, фашыстам і ўвогуле – гэта страшны чалавек, які ўвесь час умешваецца ў справы іншых дзяржаваў. Вы ж гэтага не перадалі. Чаму? Баіцеся, што ён ня будзе вас аплочваць. Вось яна вашая дэмакратыя! А лаяць нашага прэзыдэнта, канечне, гэта прасьцей за ўсё. Седзячы ў Празе можна несьці ўсякую лухту. Вы ж ня ведаеце, што адбываецца ў нашай Беларусі. Вы карыстаецеся плёткамі гэтых адмарозкаў, якія ня хочуць працаваць, а жадаюць вальготна жыць. Але ж такога нідзе не бывае. Каб краіна была багатай, трэба ўсім здаровым людзям працаваць, усім! І тады скарбонка будзе папаўняцца, і заробкі будуць большымі. А так ніякі дзядзечка гэтую чараду не накорміць, ніякі! І сорамна такімі справамі займацца і правакаваць на гэтую дурацкую аранжавую рэвалюцыю. Як кажуць: дурны прыклад заразны. Ужо і тут з аранжавымі стужкамі будуць выходзіць на вуліцу. Такіх завадатараў трэба расстраляць, каб непанадна было іншым.

Давайце разьбярэмся, на якіх людзей вы абапіраецеся ў сваіх перадачах, каб ліць усякі бруд на Лукашэнку. У свой час вы паведамлялі, што зьнікла Віньнікава Тамара. І ў гэтым абвінавачвалі Лукашэнку, што, як быццам, ён яе забіў. Аказваецца, Віньнікава драпанула за мяжу, накрала грошыкаў і ўцякла. Вось яна, вашая памочніца.

Што тычыцца зьнікненьня Ганчара. Можа, ён таксама драпануў за мяжу. Так што пачакаем, убачым, знойдзецца. Ну, яшчэ там нейкі журналіст Завадзкі. Маці зьбіраецца дапытаць Лукашэнку. Хто яна такая! Лепей бы выхавала сына свайго, каб ня лез ва ўсе дзіркі”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Вялікая крыўда. Калі вы перайшлі на зімовы час, зьмянілі частоты, у Горадні стала амаль немагчыма вас пачуць. Шмат было размоваў, што вы інфармацыйную падтрымку дасьце. Ніякай падтрымкі няма! Я слухаю ў 20 гадзін – і турэцкую, і карэйскую можна пачуць, а вас, родную мову – немагчыма. Шмат прэтэнзіяў да Эўразьвязу і да вас. Пакрыўдзілі! Вы нас проста кідаеце! Лукашысты павінны сьвяткаваць. Апошняя крыніца інфармацыі! Хлопцы, вы ж нас і безь яе пакідаеце! Добра, што ў нас тэлебачаньне Польшчы, але ж раз на тыдзень. А хлопцам з КГБ: Слухайце мяне ўважліва, добрага вам дзяжурства і атрымлівайце добры заробак ад Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “Добры вечар, таварышы кэгэбэшнікі, якія сядзяць на гэтым тэлефоне, на гэтым нумары! Віншую вас і спачуваю вашай цяжкай службе! Прывітаньне Шэйману. Сачыце за падзеямі ва Ўкраіне, хлопцы, вельмі ўважліва сачыце, і думайце кожны пра свой лёс. Вы ж добрыя нашыя хлопцы! Няўжо вам ня сорамна, хлопцы? Пасаромцеся!”

(Уладзімер, Менск: ) “Жахлівая якасьць прыёму! Часта нават ня хочацца ўключаць радыёпрымач. І пры чым тут атмасфэрныя перашкоды, калі на суседніх частотах працуе тая самая Свабода на ўкраінскай мове з добрай якасьцю мовы і прыёму, і шмат іншых станцыяў – напрыклад, “Нямецкая хваля”, якасьць, як у суседнім пакоі. Пра якія атмасфэрныя перашкоды можа ісьці размова? І так вы можаце адбіць шмат слухачоў. Я ўжо два дні не ўключаю прымач, бо гэта проста нейкі зьдзек. Хутчэй за ўсё гэта дасканалае глушэньне. То бок, можна пусьціць нясучую частату бяз мовы, і яна будзе падглушваць. Трэба нешта рабіць. Канечне, у палях і лясах якасьць прыёму будзе добрая, а для Менску трэба нешта рабіць, асобна для Менску, дзе большасьць вашых слухачоў. Дзякуй”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне! Адкажу на вашае пытаньне тыдня, як доктар этнаграфіі й гісторыі гуманітарных навук, якім зьяўляюся. Першае. Па крыві беларусы з рускімі толькі стрыечныя браты, калі не лічыць тых беларусаў, што былі палоннымі ці рэпрэсаванымі пазьней ад часоў Ванькі Жудаснага ды Сталіна. Тым болей што як славяне мы сваякі з чэхамі, а паводле іншага – з балтамі. Рускія ж сваякі баўгарам і эўраазіятам.

Другое. Гісторыя, культура Беларусі да яе захопу Масковіяй была агульнаэўрапейскай і не ніжэйшай паводле ўзроўню, чым француская альбо ангельская, ня кажучы пра зносіны і законы, зь якіх пісала ўся Эўропа, у тым ліку Масковія, якая была ў тыя часы як сучасная Афрыка з Эўропай у параўнаньні з нашай Беларусьсю.

Трэцяе. Нашая мова стала той галоўнай крыніцаю для маскальскай, якая зараз зрабілася рускаю. І апошняе. Па-сапраўднаму мы, беларусы, з рускімі родныя толькі як “саўкі”, былыя агульныя насельнікі Савецкай імпэрыі. Дый тым родныя, што з часоў захопу да сёньня рускія з нас так жадаюць зрабіць рускіх, бо іх нацыя хутка зьнікне. Вось і выдумляюць глупства і дзікунства, зь якіх увесь сусьвет сьмяецца, і галоўнае, глядзяць на іх, як на вар’ятаў. Імпэрыя ўжо ня зла, а ідыётаў, імпэрыя – краіна дурняў па Бураціна. Да пабачэньня”.

(Марыля: ) “Добры дзень! Паважаны дырэктар Беларускай радыёстанцыі Свабода! Адкажыце, калі ласка, на пытаньне. Чаму журналісты радыёстанцыі Свабода ўвялі двухмоўе? Яны стараюцца браць інтэрвію ў рускамоўных і не перакладаюць. Можа, яны хочуць даказаць расейскаму МЗС, што беларускі народ і расейскі народ – гэта адно? Але гэта ня так! Гэта хлусьня!”

(Ігнась: ) “Паважаная Свабода! Я пакуль знаходжуся на шпітальным ложку, таму зьвяртаюся праз вас да Януша Анышкевіча, а празь яго і да Эўрапарлямэнту. Сапраўдных змагароў з рэжымам вы, спадар, уласна бачылі ў нас на плошчы. Лічу, што толькі яны маюць грамадзкае права прызначаць, каму даваць дазвол на выезд. Раней і цяпер такое права маюць толькі той, хто трымае ўладу. Настаў час іншых! І Эўразьвяз павінен іх падтрымаць, тады і Беларусь неўзабаве апранецца ў аранжавы колер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG