Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эколяг Валер Дранчук пра “рэзыдэнцыю Дзеда Мароза”: “Гэта грандыёзна шкодны антыэкалягічны праект у Белавескай пушчы”


Вячаслаў Кулік, Берасьцейская вобласьць Рашэньне беларускіх уладаў аб прыцягненьні замежных турыстаў актывізавала зараз прапаганду так званай “рэзыдэнцыі Дзеда Мароза” у Белавескай пушчы. Паводле міністэрства спорту й турызму, з дапамогай падобных праектаў на беларускі бок Белавескай пушчы мяркуецца завабіць ня менш як 30% эўрапейцаў, што наведваюць Нацыянальны парк Польшчы. Аднак незалежныя адмыслоўцы заяўляюць, што гэтыя экспэрымэнты адмоўна ўплываюць на экалягічную раўнавагу Белавежы.

Для турыстаў з больш цёплых эўрапейскіх краінаў засьнежанае Белавежжа – найярчэйшая экзотыка. Зараз, аднак, зіма спазьняецца. Як выглядае найстарэйшы лес Эўропы, паведамляе журналіст-эколяг Валер Дранчук:

(Дранчук: ) “Я пахадзіў па пушчы. Сьнегу няма. Даволі цёпла. Сёньня – марозік. Увогуле, сьвежае бадзёрае надвор’е”.

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць турысты?”

(Дранчук: ) “Замежных турыстаў ня бачыў і, мяркую, іх няма. Ну, хіба паляўнічыя туры, але гэтым я не цікавіўся. Цяпер у пушчы вельмі цяжка чым-небудзь цікавіцца, бо яна практычна закрытая”.

Паводле Валера Дранчука, дарогі ў пушчу няма перадусім журналістам зь пераліку “нячэсных”. Бо інфармацыя, якую яны распаўсюджваюць, можа перашкодзіць плянам міністэрства спорту і турызму. Напрыклад, адказны чыноўнік гэтага ведамства Чэслаў Шульга кажа пра магчымасьць завабіць падарожнікаў з польскага боку Белавескай пушчы.

(Шульга: ) “Палякі прынялі 280 тысячаў грамадзянаў замежжа. Шмат не загадваем – 10 адсоткаў зможам прыцягнуць. Каб яны змаглі паглядзець, які дуб, якая рэзыдэнцыя Дзеда Мароза – гэта вялікі плюс для нарошчваньня экспарту турысцкіх паслугаў”.

Дзед Мароз не Сьвяты Мікалай, але няхай сабе. Тым ня менш, Валер Дранчук кажа, што гэты праект рэклямнага пасяленьня ў нерушы ўвогуле няўдалы.

(Дранчук: ) “Гэта грандыёзная ілюмінацыя ў цэнтры пушчы, разумееце? Пушча сьвятлее ад высечак і ілюмінацыі. Гэта грандыёзна шкодны антыэкалягічны праект у Белавескай пушчы. Тут няма цывілізаванай дзейнасьці ў бок экалягічнага турызму й дзейнасьці Нацыянальнага парку. Тут ёсьць вялікія магутнасьці, якія зьнішчаюць пушчу і, на вялікі жаль, я гэта яшчэ раз падкрэсьліваю, няма ніякіх магутнасьцяў інтэлектуальных, якія б яе адраджалі, якія б яе ратавалі”.

Дадам, што ў сераду 15 сьнежня ў Беларускім ПЭН-цэнтры адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Валерыя Дранчука “Белавеская пушча. Рэзалюцыя SOS”. Аўтар прэзэнтуе экспазыцыю сваіх малюнкаў ды новыя экалягічна скіраваныя выданьні.
XS
SM
MD
LG