Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль у “бяссрэбраніка” Лукашэнкі грошы на мэрсэдэсы, трактары і іншыя падарункі?


Казімір Яноўскі, Гомель У сельгаскаапэратыве “Івольск” Буда-Кашалёўскага раёну невядомыя злодзеі скралі падарунак прэзыдэнта – новы трактар МТЗ з адмысловым надпісам на капоце: “Жанчынам зямлі беларускай”. Мясцовай жанчыне-мэханізатару, для каго і прызначаны быў прэзыдэнцкі падарунак, не давялося нават як сьлед пасядзець за рулём. Як так сталася, што прэзыдэнцкі падарунак скралі? Тым больш у Беларусі, дзе высілкамі таго ж кіраўніка дзяржавы вядзецца бескампрамісная барацьба са злодзеямі, карупцыянэрамі, хабарнікамі?

Дасьледаваньнем крадзяжу займаюцца лепшыя міліцэйскія сышчыкі з Буда-Кашалёва. Ім удалося ўстанавіць, што ўвечары падчас крадзяжу тэхнікі вартаўнік спаў нападпітку. Верагодней за ўсё, што падарунак на калёсах вывезены пад замову ў суседнюю Расею. Такая вэрсія, ва ўсякім разе, разглядаецца як найбольш пэрспэктыўная.

Што да самога факту крадзяжу, то цяпер у рэгіёне цяжка не патрапіць на падарунак кіраўніка дзяржавы. У 2000 годзе прэзыдэнт падарыў чарнобыльскім раёнам Гомельшчыны 319 трактароў. У наступныя гады колькасьць такіх падарункаў падвысілася яшчэ на паўтары сотні. Гэта калі не лічыць дзесяткаў збожжаўборачных камбайнаў, якія прэзэнтаваў кіраўнік дзяржавы калгасьнікам падчас прыездаў у рэгіён.

Да падарункаў можна сьмела далучыць і 17 аўтобусаў, перададзеных Аляксандрам Лукашэнкам шэрагу сярэдніх школаў пасьля таго, як былі закрыты суседнія – пачатковыя й базавыя.

Мяркую, што ў рэестар падарункаў можна занесьці таксама і чорныя “мэрсэдэсы”, падараваныя прэзыдэнтам старшыням выканкамаў пасьля таго, як у 2001 годзе рэгіён нібыта 80 адсоткамі выбарцаў падтрымаў абраньне Лукашэнкі на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін. Так што куды ні руш, усюды падарункі кіраўніка дзяржавы.

Адкуль бяруцца ў кіраўніка сродкі на шматлікія падарункі вяскоўцам, школьнікам? Нешта не чутно было, каб Аляксандр Лукашэнка быў у шэрагах усясьветных багацеяў, такіх, як Біл Гейтс... Кіраўнік дзяржавы пры кожным зручным выпадку заяўляе, што ніякага багацьця, ніякіх асабістых рахункаў ня мае. Тым часам толькі на “мэрсэдэсы” для вэртыкальных чыноўнікаў выдаткавана каля 3 мільёнаў даляраў, ня кажучы ўжо пра сотні трактароў.

Падчас вайны людзі, у тым ліку і гамельчукі, супольна зьбіралі сродкі на танкавыя калёны для фронту. Гэта было зразумела. Цяпер адзін чалавек, няхай сабе і кіраўнік дзяржавы, шле трактарныя калёны ў вёску. І шараговаму грамадзяніну вельмі няпроста зразумець, адкуль усё гэта бярэцца. Меркаваньне жыхара Сьветлагорску спадара Вадзіма на гэты конт:

(Вадзім: ) “Гэта самы звычайны папулізм. Кіраўнік дзяржавы, ягоныя адміністрацыя і ўрад – яны самі нічога не вырабляюць. Усё, што робіцца, гэтыя трактары і аўтобусы, усё ствараецца працаю народу, людзей. Але кіраўнік паставіў сябе так, што нібыта ён усім усё дае. І хоча гэтую думку замацаваць. На самой справе ўсё гэта ня так, усё гэта за нашыя грошы”.
XS
SM
MD
LG