Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў раман Уладзімера Падгола “Куля для прэзыдэнта”


Уладзімер Глод, Менск У Менску адбылася прэзэнтацыя рамана “Куля для прэзыдэнта” вядомага філёзафа і палітоляга Ўладзімера Падгола. Гэты ёмісты твор надрукаваны ў Санкт-Пецярбургу накладам 5 тысячаў асобнікаў. У яго даволі незвычайны й цікавы лёс. Як ставаралася “Куля для прэзыдэнта”, і чаму ў кніжкі такі палітычна-дэтэктыўны назоў?

“Куля для прэзыдэнта” стваралася літаральна на маіх вачах. Гэта былі 1996 і 1997 гады. Уладзімер Падгол шмат раіўся з рознымі людзьмі наконт пабудовы твору, характарыстыкаў яе дзейных асобаў, алегарычнасьці, мэтафараў ды іншых мастацкіх прыёмаў. Нейкія парады аўтар прымаў, некаторыя адкідваў. Наколькі я ведаю, найбольш карыснымі й уплывовымі сталі для яго заўвагі й выказваньні знакамітага нашага перакладчыка Васіля Сёмухі. А што тычыцца назвы, то тут, мне падаецца, варта паслухаць самога аўтара:

(Падгол: ) “Гэты назоў нараджала шмат людзей. Гэта ня толькі маё ўласнае адкрыцьцё. Справа ў тым, што “Куля для прэзыдэнта” перакладаецца на расейскую мову так: “Прэзыдэнт, гэтая куля для цябе, для твайго выкарыстаньня”. Калі б быў назоў “Куля на прэзыдэнта”, то тады быў бы толькі адзін сэнс – забіць прэзыдэнта. Шмат каму здаецца, што гэты кілер, што куля, якая мусіць патрапіць там у нейкага прэзыдэнта – гэта самае страшнае. Не, у маім рамане самае страшнае, калі Кашчавая – Сьмерць (адна з галоўных асобаў рамана) тую дзірку, якую прастрэліла куля пад Лёзна, куля прашыла дзірку ў прэзыдэнцкім “Мэрсэдэсе”, потым зямную кулю прашыла. Дык вось, Кашчавая закаркоўвае прэзыдэнтам дзірку ў зямной кулі. Вось яно – куля зямная для прэзыдэнта”.

Раман зь нейкіх прычынаў ня быў надрукаваны цягам сямі гадоў. У чым тут справа? Першая частка “Кулі для прэзыдэнта” была надрукаваная ў віцебскай газэце “Выбар” у чэрвені 1997 года. Але газэту арыштавалі разам з галоўным рэдактарам Барысам Хамайдам і мясцовым актывістам дэмакратычнага руху Ўладзімерам Плешчанкам літаральна за 5 хвілінаў да адыходу цягніку Полацак – Баранавічы. 25 жніўня таго ж году пракуратура Віцебскай вобласьці распачала крымінальную справу па факце зьнявагі “вышэйшай службовай асобы”. У лістападзе 1998 году крымінальную справу прыпынілі. А ў студзені 1999 году адкрылі ізноў. Увесь гэты час спадар Падгол дапрацоўваў свой твор. І вось ён нарэшце пабачыў сьвет.

Слова “раман” у дачыненьні да твору выкарыстоўвае сам аўтар. І на маю думку, ён мае рацыю, паколькі кампазыцыя, пабудова “Кулі...” сапраўды адпавядае агульным патрабаваньням да рамана як літаратурнага жанру. Вось як сам спадар Падгол бачыць сваю працу:

(Падгол: ) “Сёньня я магу сказаць, што гэта проста мастацкі твор. Раней гэта быў такі больш публіцыстычны, плякатнага характару твор. І ўсе гэтыя гады я выпальваў, вынішчаў гэтую публіцыстычнасьць, плякатнасьць і маляваў мастацкасьць. У мяне цяпер ёсьць пачуцьцё годнасьці, што гэта проста мастацкі твор. А што такое “проста мастацкі твор”? Гэта тэкст, які мусіць чараваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG