Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уначы 13 сьнежня на кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара НІСЭПД А.Сасноў, быў праведзены ператрус


Валер Каліноўскі, Менск 13 сьнежня былі апублікаваныя вынікі лістападаўскага агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД). Паводле зьвестак сацыёлягаў, за зьмену Канстытуцыі на кастрычніцкім рэфэрэндуме галасавала меншасьць апытаных – 49%. У той жа дзень на менскай кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара гэтага інстытута Аляксандар Сасноў, супрацоўнікі КГБ правялі ператрус. Гэта адбылося позна ўначы, і наш карэспандэнт быў адным з панятых падчас гэтага ператрусу.

Па просьбе Аляксандра Саснова і са згоды начальніка апэратыўнай групы я разам з іншымі сачыў за паводзінамі саміх супрацоўнікаў КГБ, за выкананьнем імі заканадаўства – груба кажучы, каб яны не падкінулі якіх патронаў, зброі, наркотыкаў. Спадар Сасноў сам заявіў гэтым супрацоўнікам спэцслужбы, што не выключае падобных дзеяньняў зь іхнага боку, зыходзячы з практыкі савецкага і беларускага КГБ. За імі, акрамя таго, сачылі яшчэ каля дзясятка іншых журналістаў і навукоўцаў з НІСЭПД.

Тры супрацоўнікі КГБ на чале з маёрам цягам паўгадзіны вельмі бегла агледзелі пакоі, сталы, тумбы, паперы. Бачна было, што яны не цікавіліся справамі інстытута, а шукалі нейкія “прылады злачынства” (так было запісана ў пратаколе) паводле крымінальнай справы бізнэсоўца, жонка якога тры гады таму тут нібыта наймала офіс. Па крымінальнай справе гэтага нікому невядомага бізнэсоўца, уласна, і быў прызначаны ператрус. У іх нават не было адпаведнай санкцыі пракурора, толькі рэзалюцыя намесьніка старшыні КГБ. Чамусьці яны вельмі сьпяшаліся, нават ня мелі з сабою чыстых блянкаў пратаколаў ператрусу, так што адзін зь іх пісаў на чыстым аркушы ад рукі.

Відавочна, што нешта зьвязанае з гэтым бізнэсоўцам, якога абвінавацілі ў наўмысным банкруцтве фірмы, знайсьці тут, у кватэры, якую ўжо тры гады наймае супрацоўнік НІСЭПД, не маглі дый не асабліва хацелі. Так што працэдура скончылася фармальна безвынікова, нічога не знайшлі, што я і засьведчыў сваім подпісам пад пратаколам.

На думку Алега Манаева, дырэктара інстытута, сувязь ператрусу з вынікамі апошняга сацапытаньня, згодна зь якім большасьць рэспандэнтаў не пацьвердзіла, што яны галасавалі за зьмену ў Канстытуцыі – навідавоку, бо матэрыялы апошняга сацапытаньня былі шырока распаўсюджаныя сярод СМІ, амбасадаў, арганізацыяў. Спадар Манаеў дапускае, што ўлады, відаць, вырашылі правесьці такую вось чыста застрашальную акцыю.

Алег Манаеў не выключае, што яна магла выліцца і ў нешта большае: усе памятаюць прыклад Міхаіла Марыніча, які зараз знаходзіцца пад сьледзтвам у КГБ, што пачынаўся таксама зь ператрусу, пад час якога быў знойдзены пісталет. Але гэтым разам на кватэры, якая выкарыстоўваецца навукоўцамі НІСЭПД, было занадта шматлюдна, было шмат журналістаў, у тым ліку і з камэрамі.

Дырэктар інстытута бачыць у гэтым ператрусе чарговае зьвяно ў ланцугу дзеяньняў уладаў, накіраваных на перасьлед як іх навуковай установы, гэтак і ўсяго незалежнага грамадзтва ў Беларусі. Ён разумее, што ўладам несумненна не спадабаліся вынікі апошняга сацапытаньня, як не падабаліся і папярэднія, як не падабаліся ім вынікі экзыт-пола на рэфэрэндуме і парлямэнцкіх выбарах, праведзенага інстытутам Гэлапа. Кіраўніцтва інстытута ўжо выклікалі ў пракуратуру Беларусі, дапытваючы пра зьвесткі інстытута Гэлапа. А Мін’юст неаднаразова выносіў пісьмовыя папярэджаньні, рыхтуючыся да закрыцьця інстытута. Ціск пасьля рэфэрэндуму толькі ўзмацніўся, і пагроза закрыцьця стала рэальнай.

Як кіраўніцтва незалежнага інстытута можа засьцерагчыся ад далейшых рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў? Алег Манаеў прагназуе, што ціск уладаў прадоўжыцца, ён бачыць у гэтым лёгіку апошніх дзеяньняў беларускіх уладаў, якія пачынаюць сваю чарговую кансалідацыю. На ягоную думку, каб процістаяць гэтаму, няма ніякіх асаблівых сродкаў, напрыклад, юрыдычных – апрача публічнасьці, падтрымкі незалежных і замежных СМІ, замежных амбасадаў, міжнародных арганізацыяў.
XS
SM
MD
LG