Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуская ўлада прызвычаілася жыць у рэзэрвацыі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Імклівыя палітычныя зьмены ва Ўкраіне па-ранейшаму застаюцца адной з галоўных тэмаў многіх лістоў, якія мы атрымліваем ад сваіх слухачоў у гэтыя сьнежаньскія дні. Украіна сустрэне 2005 год зусім іншай, чым была дагэтуль, — незалежна ад вынікаў галасаваньня 26 сьнежня. І існуе вялікая верагоднасьць таго, што яна ўсё больш будзе набліжацца да адзінай эўрапейскай сям’і народаў. Як гэта адаб’ецца на Беларусі? Ці здольная аўтарытарная ўлада ізаляваць краіну і народ ад агульнаэўрапейскіх працэсаў і грамадзкіх зьменаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх допісах слухачы Свабоды.

Пачну зь ліста ад нашага сталага слухача і аўтара Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Украіна ўсім паказала, як трэба выкараняць камуністычную заразу, — піша слухач. — Але крызыс там яшчэ не пераадолены. Проста адзін бок канфлікту аказаўся пасіўным, не адважыўся на радыкальныя крокі. Але варта мець на ўвазе: дзяржаўная ўлада яшчэ магутная, і армія можа падавіць выступ апазыцыі. Ды і Расея ня ўпусьціць сваёй магчымасьці. А новыя выбары нічога не дадуць: пры цяперашніх кандыдатах у грамадзтве захаваецца раскол.

Думаю, калі ва Ўкраіне ўсё ж пераможа Юшчанка, то па-іншаму будуць складвацца і беларуска-ўкраінскія дачыненьні. У прыватнасьці, Кіеў зьверне пільную ўвагу на наш рэгіён — на палескамоўнае насельніцтва, якое жыве ад Белавежы да Мазыра. Новаўкраінцы (а нас больш як паўтара мільёна) будуць натхнёныя духам Свабоды. І Беларусь вымушана будзе пераводзіць на ўкраінскую мову мясцовыя асяродкі культуры і школы. Так, як гэта было падчас вайны — людзі сталага веку памятаюць, што ў нас працавалі ўкраінскія школы”.

Малаверагодна, спадар Сац, што падзеі ва Ўкраіне сур’ёзным чынам могуць паўплываць на моўную палітыку беларускай дзяржавы. Вы, відавочна, памятаеце, што Аляксандар Лукашэнка быў адным зь нямногіх прэзыдэнтаў, якія павіншавалі зь перамогай на выбарах Віктара Януковіча — у той момант, калі супраць гэтай падманнай перамогі пратэставала ўся Ўкраіна. Няцяжка прадбачыць, як у сувязі з гэтым могуць складвацца адносіны паміж Менскам і Кіевам у тым выпадку, калі прэзыдэнтам Украіны 26 сьнежня будзе абвешчаны Віктар Юшчанка.

Так званай “украінізацыі” палескага рэгіёну беларускія ўлады не дазволілі нават на пачатку 1990-х гадоў, калі ў Беларусі не існавала жорстка цэнтралізаванага аўтарытарнага рэжыму, і аўтанамісцкі рух беларускіх палешукоў быў даволі ўплывовым і моцным. А ў сёньняшніх умовах спрыяньне ўладаў любым нацыянальным рухам выглядае ўвогуле неверагодным. А зрэшты, Віктар Юшчанка — прыхільнік лібэральных дэмакратычных каштоўнасьцяў, і наўрад ці выпадае чакаць ад яго нейкіх вялікадзяржаўных экспансіянісцкіх памкненьняў і прэтэнзіяў да суседзяў.

Наш слухач зь Менску Ільля Копыл адклікнуўся на перадачу “Экспэртыза Свабоды”, у якой абмяркоўвалася магчымая тактыка апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах, што маюць адбыцца ў Беларусі ў 2006 годзе. Спадар Копыл лічыць бясплённымі размовы пра адзінага кандыдата ад апазыцыі. Ён піша:

“Няўжо апазыцыя рызыкне паўтарыць сцэнар 2001 году? Няўжо зноў наступіць на тыя ж граблі? Пра якога адзінага кандыдата можна весьці гаворку, не маючы доступу да СМІ? Хто пра яго даведаецца? А ў дзяржаўных мэдыях яго будуць паліваць брудам. Людзі нават у Менску ня ведаюць імёнаў кіраўнікоў апазыцыйных партыяў, за выключэньнем Шушкевіча і Пазьняка. Цяпер некаторыя раяць вызначыцца з адзіным кандыдатам раней, чым у 2001 годзе, каб было болей часу на яго раскрутку. Але і ва ўлады будзе болей часу, каб “утапіць” “адзінага”.

Я дык прадбачу наступнае: у 2006 годзе Лукашэнка прызначыць на ролю апанэнта свайго адданага паслугача Гайдукевіча. І можа, нават, не пашкадуе для яго 15% галасоў на выбарах. А “адзінаму” ад апазыцыі, нават калі ён набярэ больш за 50%, запішуць 3%. Пасьля 17 кастрычніка Станіслаў Шушкевіч вельмі слушна і дакладна сказаў: гэтую ўладу канстытуцыйным шляхам зьмяніць немагчыма. Зянон Пазьняк аб гэтым кажа ўвесь час, і ён мае рацыю. Тое, што Лукашэнку не прызнае цывілізаваны сьвет, яго ня надта хвалюе. Ён ужо прызвычаіўся жыць у рэзэрвацыі”.

Многае, спадар Копыл, будзе залежаць ад таго, якой на час наступных прэзыдэнцкіх выбараў будзе рэальная грамадзкая падтрымка Аляксандра Лукашэнкі, і ці зьявіцца ў асяродку апазыцыі асоба, вакол якой аб’ядналася б вялікая частка грамадзтва. Машына фальсыфікацыяў не такая магутная і ўсеабдымная, як часам здаецца. Нядаўні ўкраінскі досьвед гэта вельмі выразна паказаў. Што, дарэчы, заўважна занепакоіла Аляксандра Лукашэнку, які адразу ж узяўся ўмацоўваць і правяраць і без таго шмат разоў правераны і да мяжы цэнтралізаваны дзяржаўны апарат. Але якімі б вымуштраванымі й паслухмянымі ні былі чыноўнікі, АМОН і войска, яны бездапаможныя, калі на вуліцу выходзіць паўмільёна рашуча настроеных на мірны пратэст людзей. І перамагаюць у гэтым супрацьстаяньні людзі, а не дзяржаўная машына.

Ліст ад Міколы Канаховіча з Пружанаў. Слухач разважае пра тое, якімі маральнымі якасьцямі павінен валодаць палітык, што займае пасаду кіраўніка дзяржавы.

“У дэмакратычным грамадзтве, абіраючы сабе лідэра, заўсёды зьвяртаюць пільную ўвагу на тое, якую сям’ю ён стварыў, як ставіцца да дзяцей і жонкі, якія ў сям’і ўзаемадачыненьні, — піша слухач. — І калі ў палітыка няма жонкі, альбо ён яе кінуў, шанцы на галоўную пасаду ў краіне ў яго ня надта высокія. Мы добра ведаем, якую важную ролю адыгрываюць у сваіх краінах такія першыя лэдзі, як Барбара Буш, Людміла Пуціна, Ілона Квасьнеўская ды многія іншыя. А вось хто першая лэдзі ў нашай краіне — ніхто дакладна ня ведае. Ды і наагул, ці ёсьць такая асоба? У народзе на гэты конт ходзяць самыя неверагодныя чуткі. Вядома, такія абставіны гонару нашай краіне не дадаюць, наадварот — прыніжаюць нас перад цывілізаваным сьветам, ізалююць ад яго. І ці не таму ў нашай краіне колькасьць новых шлюбаў блізкая да колькасьці разводаў? Моладзі ёсьць з каго браць прыклад”

Ня думаю, спадар Канаховіч, што вялікая колькасьць няўдалых шлюбаў у Беларусі наўпрост зьвязаная зь сямейным становішчам кіраўніка дзяржавы. Павелічэньне колькасьці разводаў — агульная тэндэнцыя, уласьцівая многім эўрапейскім дзяржавам. Што да асаблівасьцяў сямейнага жыцьця прэзыдэнта Беларусі. Сапраўды, у дэмакратычных краінах, абіраючы кіраўніка дзяржавы, людзі выяўляюць вялікую цікавасьць да яго сямейнага жыцьця. Лёгіка тут відавочная: калі чалавек ня здолеў забясьпечыць ладу ў сям’і, калі для яго сямейныя каштоўнасьці ня ёсьць значнымі — то ці здольны ён кіраваць цэлай краінай?

Але беларускае грамадзтва ведала пра адметнасьці сямейнага становішча Аляксандра Лукашэнкі, абіраючы яго на высокую пасаду ў 1994 годзе. А калі ведала і не адрэагавала — то, напэўна, ня лічыць гэта вялікай заганай для палітычнага дзеяча.

На заканчэньне кароткі ліст ад Міхаіла Панфіленкі з Мазыра. Слухач піша:

“Зь вялікай павагай стаўлюся да палітычнага і грамадзкага дзеяча Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Яго дзейнасьць у палітыцы добра вядомая, але ён як належыць не ацэнены. Таму лічу яго чалавекам году і палітыкам году. Яго даўно варта было б уганараваць і адзначыць у Беларусі”.

Калі-небудзь, спадар Панфіленка, палітычная дзейнасьць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча будзе належным чынам адзначана. Хоць, вядома, палітыкам году Станіслаў Станіслававіч быў не ў 2004-м, а хутчэй у 1991 ці ў 1994 гадах. Менавіта пры ім Беларусь стала рэальна незалежнай дзяржавай, была прызнана ў сьвеце, стала на шлях рынкавых пераўтварэньняў, аднавіла свае нацыянальныя гістарычныя сымбалі, пачала адраджаць мову. Было шмат абставінаў, якія не дазволілі яму працягнуць пачатае, застацца пры ўладзе ў ключавы для маладой дзяржавы момант на пачатку 1994 году. Відавочна, можна шмат разважаць пра ягоныя памылкі й асабістыя якасьці, якія не спрыялі посьпеху ў палітычнай барацьбе. Але ў любым выпадку — гэта яркая асоба ў нацыянальнай гісторыі. І ўлада робіць вялікую памылку, калі незаслужана прыніжае яго — і публічнымі прэзыдэнцкімі выступамі, і пасьпешліва перапісанай ва ўгоду цяперашняй улады найноўшай гісторыяй, і зьдзеклівай пэнсіяй на тры даляры.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сьцяпан Ляшкевіч зь Вялейкі і Вольга Пастухова зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG