Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці згодныя беларусы, што Беларусь і Расея маюць адзіную духоўную, культурную, гістарычную спадчыну й моўнае адзінства?


Альгерд Невяроўскі, Менск 8 сьнежня з нагоды пяцігодзьдзя падпісаньня дамовы аб стварэньні гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, расейскае Міністэрства замежных справаў выступіла са спэцыяльнай заявай. У ёй у прыватнасьці адзначалася, што Беларусь і Расея маюць “адзіную духоўную, культурную, гістарычную спадчыну й моўнае адзінства”. Ці згодныя з гэтай заявай самі беларусы? Гэтае пытаньне тыдня беларускай Свабоды людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што так. Проста мы павінны, калі добра вывучаць гісторыю, то ўбачым, што й Беларусь мае свае карані, й Расея свае карані, але разам быў пройдзены вылікі пэрыяд гісторыі”.

(Спадар: ) “ Безумоўна. Маюць агульную спадчыну. Таму, што калісьці гэта была адзіная вялікая дзяржава”.

(Спадар: ) “ Я лічу, што трохі нашая спадчына розьніцца. Бо ў Расеі, цягам усёй яе гісторыі, іншыя карані. Беларусь была бліжэйшай да Эўропы, а Расея барбарская краіна. І яны розныя”.

(Хлопец: ) “Карані беларусаў і расейцаў паходзяць абсалютна з розных культураў. Бо беларусы больш падобныя да балтаў, і менш да расейцаў”.

(Спадарыня: ) “Хутчэй згодная, чым не. Мне здаецца ўсё ж такі адзін народ, нягледзячы на тое, што падзяліліся”.

(Дзяўчына: ) “Не, я так ня думаю. Беларусь – самастойная краіна са сваімі асаблівасьцямі”.

(Спадарыня: ) “ Ну я ўвогуле заўсёды была за саюз Расеі й Беларусі. Бо недзе й карані ёсьць расейскія, і вырасьлі мы на адной духоўнай веры”.

(Спадар: ) “Я думаю, што не. Бо нягледзячы на тое, што нашыя народы даволі блізкія, калі мы возьмем нашую гісторыю, то дастаткова многа разыходжаньняў, як ва ўнутраных, так і ў зьнешніх справах”.

(Спадар: ) “Прабачце, але ж гэта Белая Русь, ад Русі паходзіць. Вось і атрымліваецца Беларусь. Пэўна ж, я – за”.

(Спадар: ) “Адносна культурнага адзінства згодны, а наконт моўнага адзінства наўрад ці. Бо хаця расейская і беларуская мовы абедзьве славянскія, але на мой погляд яны ня ёсьць аднолькавыя”.

(Хлопец: ) “Не, ня згодны. У кожнай краіны свая культура”.

(Спадар: ) “Мы маем гісторыю відаць трохі іншую. Мне так здаецца. І таму яны ня мелі права так заяўляць”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што нашая краіна мае сваю спадчыну. Я ня згодная з гэтай думкай”.

(Дзяўчына: ) “Не, ня згодная. Расея гэта Расея, а Беларусь гэта Беларусь. Гэта розныя краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG