Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падабед: “З апазыцыянэрамі я сябе паводжу даволі карэктна, але мушу выконваць загады”


Любоў Лунёва, Менск Рада ў справах агульных пытаньняў і вонкавых дачыненьняў Эўразьвязу зацьвердзіла сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу. Сярод іншых у сьпісе фігуруе прозьвішча кіраўніка менскага АМОНу Юрыя Падабеда. Як ён паставіўся да гэтага рашэньня?

Палкоўнік Юры Падабед з жалем успрыняў рашэньне Эўразьвязу. Асноўнай прычынай ён назваў спыненьне кантактаў зь сілавікамі Польшчы і Літвы.

(Падабед: ) “Яны прыяжджалі сюды. У часе апошняга візыту яны выказвалі пажаданьне нават абменьвацца супрацоўнікамі – на тыдзень-два прыедуць ад іх чалавек 10, а потым нашы паедуць туды стажыравацца. Гэта пазытыўныя крокі. Нашы былі на міжнародных спаборніцтвах “Антыкрымінал” у Санкт-Пецярбургу, потым мы былі на лёгкаатлетычным кросе, які праводзіцца ў Эўропе, і занялі там першае месца. Але мы й надалей будзем абменьвацца.

Зразумейце, ёсьць людзі, якія выконваюць замову, і ёсьць людзі, якія выконваюць загад. Мая задача – выконваць загады”.

Юры Падабед не ўтойваў сваіх эмоцыяў.

(Падабед: ) “Шчыра, па-мужчынску, па-чалавечы – асадак на душы ёсьць. Я разумею, што прапанова сыходзіць ад Лябедзькі. Чаму ж ён так пакрыўдзіўся!? З апазыцыянэрамі я заўсёды сябе паводжу даволі карэктна. Паўтаруся, што мушу выконваць загады. Я – афіцэр. Я пяць гадоў жыў і вучыўся ў Нямеччыне. Пяць гадоў служыў у Польшчы. Адзін год служыў у войску ў Літве. Траціну сьвядомага жыцьця я правёў за мяжой. А наконт Лябедзькі, то заўважце, што заўсёды ён уцякае, калі ёсьць пагроза разгону дэманстрацыі, і да канца на акцыі не прысутнічае. Статкевіч павёў сябе прыстойна. Ня стаў уцякаць, “як пацан”. Па-мужчынску… Падышлі, прадставіліся, папрасілі сесьці ў машыну – і ніякіх праблемаў.”

Сказаў Радыё Свабода кіраўнік менскага АМОНу палкоўнік Юры Падабед.

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў падзею наступным чынам:

(Лябедзька:) “Падабед не тая фігура, за якой апазыцыі трэба арганізоўваць паляваньне. Я шчыра скажу, што ў мяне няма ніякай злосьці, ні жаданьня камусьці помсьціць. Кожны атрымае тое, што заслугоўвае. А што тычыцца нюансаў, то 120 кг Падабеда, яны як раз у тых тлумачэньнях, якія ён даваў сьледчаму. Вось там 120 кг хлусьні. Паводле вэрсіі Падабеда і ягоных падначаленых атрымліваецца, што я ўзначаліў шэсьце на Адміністрацыю, што мяне дзесяткі разоў папярэджвалі, і амонаўцы толькі клапаціліся, каб я сам сябе не пабіў. Ну, пра што тут казаць.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG