Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на ўкраінскіх выбарах


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 30 лістапада) Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Аляксандр Ядчанка, Валянціна Самарская, Валеры Барташ, Андрэй Барташ (Украіна).

Беларусы па цэлым сьвеце занепакоена назіралі за падзеямі ва Ўкраіне пад час прэзыдэнцкіх выбараў. Зразумела, што лёс суседняй зь Беларусьсю краінай ня можа не хваляваць і тых, хто жыве на Бацькаўшчыне, і эмігрантаў на чужыне.

Сярод беларускай дыяспары ёсьць значная частка людзей, якія маглі непасрэдна ўплываць на вынікі выбараў – гэта грамадзяне Ўкраіны беларускага паходжаньня.

Паводле апошняга перапісу 2001 году ва Ўкраіне налічваецца амаль 276 тысячаў беларусаў. Бальшыня зь іх жыве ў прамысловых раёнах усходняй Украіны і на паўночным памежжы зь Беларусьсю.

Аднак, ёсьць і такія, каму больш да душы прыйшліся заходнія рэгіёны. Прадпрымальнік Аляксандр Ядчанка ўжо шмат гадоў жыве ў Львове.

Вядома, што ў Львове і вобласьці каля 92% выбарцаў аддалі свае галасы Віктару Юшчанку, а мясцовая ўлада – гарадзкая і абласная Рады – першыя прызналі пераможцам выбараў менавіта Юшчанку насуперак афіцыйным вынікам.

(Сурмач: ) “Аляксандар, ці ёсьць на Львоўшчыне прыхільнікі Януковіча, наколькі іх шмат?”

(Ядчанка: ) “Ёсьць, недзе каля 10 адсоткаў. Тут ёсьць таксама філія Партыі рэгіёнаў, таксама і Сацыял-дэмакратычнай партыі аб''яднанай, якая найбольш моцная тут эканамічна”.

Да Партыі рэгіёнаў, як вядома, належыць Віктар Януковіч.

(Сурмач: ) “Аляксандар, мяне зьдзівіла, што пад час другога туру радыё перадавала інфармацыю, што ў першай палове дня яўка выбарцаў у заходніх рэгіёнах была меншая, чым на Ўсходзе, гэта сапраўды так?”

(Ядчанка: )” “едаеце, у нас такі звычай, што раніцаю ўсе людзі ідуць у царкву, ў гэты дзень было якраз сьвята сьвятога Міхаіла – гэта ў нас лічыцца вельмі вялікім сьвятам. Пабылі ў царкве, павіншавалі адзін аднаго, а потым пайшлі галасаваць. Потым вельмі актыўна ішлі, па 100-200 чалавек стаялі чэргі, вельмі дрэннае надвор''е было, холад, мароз, людзі стаялі на вуліцах”.

(Сурмач: ) “Які настрой быў у горадзе, не было нейкіх сутыкненьняў?”

(Ядчанка: ) “Усё спакойна, нічога страшнага не адбывалася. Прыехалі людзі з Данецка і Луганска ў Львоўскую вобласьць. І нашых туды паехала таксама шмат.

Назіральнікамі яны былі. Сядзелі на кожным участку, глядзелі як ідуць выбары. Іх тут прымалі вельмі добра. Запрашалі дахаты ў госьці, не было ніякіх эксцэсаў. Ня тое, што іх падтрымлівалі, але проста талерантна ставіліся, не тое, каб іх тут білі, рабілі ім абструкцыю. Наадварот ладзілі для іх экскурсіі, запрашалі ў сем''і. Яны былі задаволеныя. Ніводная газэта не паведамляла пра нейкія інцыдэнты”.

(Сурмач: ) “Дарэчы, Аляксандар, а як мясцовыя сродкі масавай інфармацыі рэагавалі на падзеі?”

(Ядчанка: ) “90% – за Юшчанку. Тут у нас газэта "Высокі замак" была раней супроць апазыцыі, а зараз яна цалкам за Юшчанку. У яе самы вялікі тыраж. Вось сёньняшні выпуск, напісана :"Украінская лістопадова рэвалюцыя"”.

(Сурмач: ) “Нацыянальныя суполкі, у тым ліку і беларуская, якія існуюць у Львове, каго пераважна падтрымлівалі?”

(Ядчанка: ) “Нацыянальныя структуры занялі кожны сваю пазыцыю. Армяне сказалі, што толькі за Януковіча, таксама грэкі, другая палова беларусаў – мая палова, зразумела, за Юшчанку”.

Аляксандар мае на ўвазе, што ў Львове, як і амаль што паўсюдна ва Ўкраіне, беларусы падзеленыя на прыхільнікаў сёньняшніх уладаў Беларусі і праціўнікаў. Тыя, хто трымае кантакты з афіцыйнымі структурамі Беларусі, падтрымліваюць у бальшыні кандыдатуру Януковіча.

Падзеленыя на дзьве часткі і беларусы ў Севастопалі.

(Сурмач: ) “Валянціна Самарская, напрыклад, галасавала за Віктара Януковіча”.

(Самарская: ) “Чула інфармацыю, бачыла наглядную агітацыю аднаго і другога кандыдатаў і мне больш спадабалася праграма Януковіча. Яна мне бліжэй тым, што ў яго арыентацыя на нашыя славянскія народы, якія былі раней аб''яднаныя ў адзін Саюз. Мне імпануе тое, што яго падтрымліваюць прамысловыя рэгіёны.

Гэта факт, што Ўкраіна стала падымацца, прамысловасьць і ўсё астатняе. Муж мой працуе ў порце, мы разам вырашылі пайсьці прагаласаваць за Януковіча таму, што апошнім часам мы сталі лепш жыць і мы не хацелі б гэта страціць”.

Таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня”, якую ўзначальвае вядомы ў горадзе адвакат Валеры Барташ, стаіць на дэмакратычных пазыцыях і не падтрымлівае беларускі рэжым.

(Сурмач: ) “Спадар Валер, каму, думаеце, аддалі перавагу на выбарах сябры вашай суполкі?”

(Валер Барташ: ) “Я так думаю, што адназначна ў падтрымку Юшчанкі. Нам другая Беларусь тут не патрэбная. У Севастопалі наша суполка адзіная, якая дэманстратыўна і адкрыта падтрымала. Таксама ніводнае ўкраінскае культурнае таварыства не падтрымала Януковіча, яны ўсе за Юшчанка – "Просьвіта", Саюз "Украіна"...”

(Сурмач: ) “Сп. Барташ браў удзел у кампаніі ня толькі, як выбарца?”

(Барташ: ) “Я зьяўляўся намесьнікам старшыні Севастопальскага гарадзкога штаба кандыдата ў дэпутаты Віктара Юшчанкі, мой сын зьяўляўся сябрам тэрытарыяльнай камісіі, мая жонка – сябра ўчастковай камісіі, мая дачка, ёй толькі 18 гадоў споўнілася, студэнтка, яна таксама сябра камісіі. У нас уся сям''я поўнасьцю аддалася гэтай працы”.

У Севастопалі, як вядома з паведамленьня ЦВК, каля 89% выбарцаў прагаласавала за Януковіча. Якая там была сытуацыя пад час выбараў, ці былі парушэньні?

(Валеры Барташ: ) “Што назіралася? Гэта ўдзел адміністрацыйных структураў у выбарчай кампаніі. Яны адкрыта ўдзельнічалі ў агітацыі, у тым ліку арганізоўвалі ўсе фальсыфікацыі. На прадпрыемствах вялася пастаянная прапаганда, якая пераходзіла ў патрабаваньне галасаваць за Януковіча, амаль што расьпіскі бралі. У ВНУ частка выкладчыкаў пад час лекцый займалася агітацыяй.

Фальшывы ліст распаўсюджваўся пад назваю "Адкрыты ліст да татарскага народу", дзе як бы Віктар Юшчанка гаварыў, што ён ненавідзіць расейцаў, што ён аддасьць Крым татарам. Проста фантастыка, я ніколі ня думаў, што ў нас да такога дойдзе.

Кідалася ў вочы, што ўдзельнічала праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. У цэрквах распаўсюджваліся лістоўкі з паклёпамі на адрас Юшчанкі. Я сам прымаў удзел ў выяўленьні гэтых выпадкаў і іх фіксацыі.

Нават плацілі грошы. Сябрам камісіі ад Януковіча плацілі па 500 грывен, гэта прыкладна 100 даляраў, для ўкраінцаў гэта немалыя грошы.

Мноства ўлётак на добрым паліграфічным узроўні распаўсюджвалася, быў проста лівень гэтых папераў".

(Сурмач: ) “Як лічыце, калі б не было такой актыўнасьці з боку ўладаў, вынікі галасаваньня маглі бы быць іншымі?”

(Валеры Барташ: ) “Калі б не было такой агітацыі, такога прэсінгу, яны такую колькасьць не набралі б. Мы з людзьмі кантактавалі. Я ніколі ня думаў, што гэты фальшывы ліст, які распаўсюджвалі, што Юшчанка хоча Крым татарам аддаць, можа так уплываць, што нават адукаваныя людзі шчыра верылі ўсяму гэтаму. Пісалі таксама, што ягоная жонка – амэрыканская шпіёнка, а ён крывавы нацыяналіст. І людзі ўсё гэта лёгка праглыналі.

Гэта ўсё так сумна, паслухмяна і запраграмавана.

Расейскі фактар таксама спрацаваў. Удзел адкрыты і закрыты прымаў флёт, друкавалі ўлёткі. Працавалі на бытавым узроўні і нават на арганізацыйным гэта выяўлялася. Рэдакцыя газэты "Флаг Родины", два грамадзяніна Расеі выпускалі буклеты ў падтрымку. Удзельнічалі былыя рэдактар ваеннай газэты "Флаг Родины", якія зараз у адстаўцы. Гэта газэта расейскага чарнаморскага Флёту, гэта грамадзяне Расеі”.

(Сурмач: ) “Сын Валера Барташа – Андрэй, юрыст па адукацыі, працаваў у выбарчай камісіі 224 выбарчай акругі. Ён таксама лічыць, што выбары ў Севастопалі былі сфальсыфікаваныя”.

(Андрэй Барташ: ) “Я працаваў сябрам 224 тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ад кандыдата на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі.

Выбары, якія адбыліся ва Ўкраіне цалкам сфальсыфікаваныя ўладамі. Улады на месцах, у прыватнасьці ў Севастопалі, ішлі на грубую фальсыфікацыю. Гэта ня толькі фальсыфікацыя галасоў выбарцаў на выбарчых участкаў, подкуп сяброў выбарчых камісій, але і гвалтоўнае запалохваньне прадстаўнікамі ўлады, у першую чаргу праваахоўнымі органамі, работнікаў бюджэтнай сфэры, студэнтаў, настаўнікаў і ўсіх тых людзей. якія знаходзяцца ў залежнасьці ад улады. З дапамогаю адміністратыўнага рэсурсу ў Севастопалі зьбіраліся мітынгі ў падтрымку Януковіча. Гэта рабілася незаконнымі, рэпрэсіўнымі мэтадамі.

Рэгіён Севастопаля – спэцыфічны, за Юшчанку аддалі галасы амаль 19 тысячаў выбарцаў у другім туры. Узровень ціску і супрацьстаяньня такі, што людзі проста баяцца, людзям пастаянна пагражаюць, людзі баяцца за свой лёс і жыцьцё”.

(Сурмач: ) “Вы зьбіралі гэтыя дадзеныя аб парушэньнях, фіксавалі іх, спрабавалі апратэставаць?”

(Андрэй Барташ: ) “Так, такая праца вялася, вялася праца па скасаваньню ў судовым парадку рашэньняў выбарчых камісій. З усёй колькасьці такіх справаў толькі дзьве справы былі разгледжаныя судом, а ў разглядзе астатніх справаў было адмоўлена па фармальных прычынах.

Мы рэгістравалі ня толькі тыя парушэньні, якія выявілі, але і тую статыстыку парушэньняў, якую мы сабралі ад людзей, якія зьвярталіся ў камісіі, яна вельмі вялікая. У калідорах судоў цягнуліся вялікія чэргі, па 200-300 чалавек. Людзі вырашалі не змагацца больш і ішлі дамоў”.

(Сурмач: ) “Гэтыя матэрыялы, якія вы сабралі, ці разглядала іх вашая выбарчая камісія, ці зьвярталіся і вы ў ЦВК?”

(Барташ: ) “Я зьвяртаўся ў ЦВК як сябра выбарчай камісіі. Бальшыня тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія складаліся з прадстаўнікоў Януковіча, проста адмаўлялі нам.

Гэта камісія 224 выбарчай акругі, дзе я працаваў, людзі галасавалі не на падставе закону, а на падставе ўказаньняў, якія давала гарадзкая ўлада. Камісія разглядала скаргі, але рашэньні прымаліся галасаваньнем і мы, прадстаўнікі ад апазыцыі, былі там ў меншыні, таму камісія бальшынёю галасоў адхіляла ўсе гэтыя скаргі і пратэсты.. Я хачу сказаць і пра тыя звароты, якія былі ў органы пракуратуры, у службу бясьпекі.

Адпраўляўся матэрыял аб фальшывым лісьце да крымскіх татараў. Ён быў сфальсыфікавана мясцовымі ўладамі Севастопаля, каб пасеяць у горадзе страх, сумненьні, міжнацыянальную нязгоду. Але, адусюль мы атрымалі фармальны адказ, што разгляд такой справы не ўваходзіць у кампэтэнцыю гэтых службаў”.

(Сурмач: ) “Вы зьбіраецеся неяк абнародаваць усю сабраную інфармацыю аб парушэньнях?”

(Андрэй Барташ: ) “Канечне, мы абавязкова гэта зробім. У Севастопалі адзіная газэта, якая аб''ектыўна падавала інфармацыю пра Юшчанка, газэта "Подробності" інфармавала сваіх чытачоў пра парушэньні, якія адбываліся ў горадзе. Гэты матэрыял ужо запатрабаваны. Мы настойваем, каб пасьля таго, калі да ўлады прыйдзе сапраўдны пераможца гэтых выбараў, гэтыя матэрыялы былі пакладзеныя ў аснову справядлівага судовага разьбіральніцтва, справядлівага суду над тымі, хто фальсыфікаваў гэтыя выбары і стварыў такую сытуацыю.

Я лічу, што цяпер справа ня толькі ў тым, хто перамог у выбарах, але справа ідзе пра будучыню Ўкраіны як адзінай дзяржавы.

Сёньня ва Ўкраіне пад пагрозаю знаходзіцца не толькі свабода выбараў, але і ўсе асноўныя свабоды, якія ёсьць у Канстытуцыі Ўкраіны”.

(Сурмач: ) “Спадар Андрэй, як юрыст, як лічыце, можна было б пазьбегнуць канфліктаў і напачатку вырашыць усё толькі ў судовым парадку?”

(Андрэй Барташ: ) “Справа ў тым, што сытуацыя абвастрылася настолькі, што ўлада проста не пакідае выбару людзям. Людзі галасавалі за зьмены ў краіне таму, што тая сыстэма ўлады і яе судовая сыстэма нікога не задавальняла. Людзі зьвязваюць надзеі на лепшае толькі зь Віктарам Юшчанкам”.

Спадар Барташ– старэйшы кажа, што яны не чакалі, што фальсыфікацыя набудзе такія вялікія памеры.

(Валер Барташ: ) “Мы, вядома, разьлічвалі на сумленныя выбары. Мы ня думалі, што яны будуць дзейнічаць так нахабна, так груба, так брудна і адкрыта, амаль што з усьмешкаю. Тое, што народ пратэстуе, робіць гонар украінцам, украінцы ўсё ж падымаюцца з каленяў, падняліся нават.

Усё гэта важна і для Беларусі. Мы змагаліся і за Беларусь, не толькі за Ўкраіну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG