Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Ярмошына пра візавую забарону: “Як на Ўкраіне, мяне высеклі дзеля застрашваньня”


Юры Сьвірко, Менск Старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла, што лічыць візавую забарону для яе, уведзеную 13 сьнежня Эўразьвязам, незаконнай.

На пытаньне Радыё Свабода, як яна ставіцца да таго, што трапіла разам з начальнікам менскага АМОНу Юрыем Падабедам у эўрапейскі чорны сьпіс, Лідзія Ярмошына адказала гэтак:

(Ярмошына: ) “Я магу сказаць, што яны зрабілі згодна са словамі паэта: “К штыку приравняли перо”. Я маю на ўвазе Падабеда й мяне. Я, напрыклад, лічу, што, па-першае, гэта неразумна, па-другое, гэта супярэчыць тым самым міжнародным правам, якія абараняюць краіны Эўразьвязу. Гэта правы на свабоду перасоўваньня”.

Паводле спадарыні Ярмошынай, такія правы могуць быць абмежаваныя толькі для тых, хто нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы нейкай краіны, а ні яна, ні спадар Падабед да такіх не адносяцца.

Камэнтуючы тую фармулёўку, якой Эўразьвяз абгрунтаваў пашырэньне “чорнага сьпісу” на яе й спадара Падабеда, — “за фальшаваныя выбары й рэфэрэндум, і за грубыя парушэньні правоў чалавека падчас рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў”, Лідзія Ярмошына сказала:

(Ярмошына: ) “Мяне, напэўна, тычыцца першая частка. Я магу сказаць, што назіральнікамі ад Эўрапейскага Зьвязу фактаў фальсыфікацыі падчас выбараў не ўсталявана. Таму я ня ведаю, як можна каго-небудзь караць, абмяжоўваць чыесьці правы ў зьвязку з тым, чаго не выяўлена ды не ўсталявана. Гэта ня больш і ня менш як меркаваньні. Я ўжо не кажу, што старшыня Цэнтральнай камісіі, як вам вядома, нічога на падлічвае”.

Спадарыня Ярмошына параўнала гэтую сытуацыю з кіеўскай:

(Ярмошына: ) “Як на Ўкраіне: знайшлі ахвярных казлоў — выбарчую камісію, якая, натуральна, ня можа ніякага дачыненьня мець ані да адміністрацыйнага рэсурсу, ані да фальсыфікацыяў, але папросту яе аддалі ў ахвяру. Так і я, думаю, ёсьць той самай ахвярай, якую для застрашваньня высеклі ў гэты момант чыноўнікі Эўразьвязу”.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму паведаміла Радыё Свабода, што з васьмі гадоў знаходжаньня на гэтай пасадзе яна мела каля пяці паездак у тыя краіны, куды цяпер ёй уезд забаронены: гэта Польшча, двойчы Вугоршчына, Швэцыя, Фінляндыя. Усё гэта былі службовыя паездкі.

“Адзіная мая Эўропа падчас адпачынку — гэта Латвія, Юрмала, наш санаторый”, — дадала спадарыня Ярмошына.
XS
SM
MD
LG