Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватныя наймальнікі шукаюць альтэрнатыву ФПБ


Галіна Абакунчык, Менск Работнікі прыватных прадпрыемстваў краіны скептычна ставяцца да ідэі стварэньня ў сваіх арганізацыях суполак Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. З ініцыятывай арганізацыі першасных суполак у недзяржаўным сэктары выступіў кіраўнік ФПБ Леанід Козік. Некаторых прыватных наймальнікаў гэта прымушае шукаць альтэрнатыву ў незалежным прафсаюзным руху.

На аўтатранспартным прыватным прадпрыемстве “Эўрагруз” працуе каля пяцідзесяці чалавек. Прафсаюзнай суполкі тут няма, і яе не плянуюць ствараць. Гаворыць загадчыца аргсэктару Сьвятлана Пракапчук:

(Пракапчук: ) “Мы самі пералічваем грошы дому інвалідаў, дзіцячаму дому. Віншуем сваіх супрацоўнікаў з прафэсійнымі сьвятамі, днём народзінаў, купляем падарункі да новага году. Калі мы робім усё тое ж самае, то навошта нам яшчэ нешта пералічваць дзяржаве?”

У беларускім прадстаўніцтве швэдзкай кампаніі “Вольва” да ініцыятывы Леаніда Козіка таксама паставіліся зь недаверам. Гаворыць прадстаўнік кампаніі, які не пажадаў называць сваё імя:

(Прадстаўнік “Вольва”: ) “Навошта мне быць сябрам прафсаюзнай арганізацыі, якая вельмі неэфэктыўная ў Рэспубліцы Беларусь. Я вельмі падтрымліваю ідэю моцнага прафсаюзу ў краіне, бо прафсаюзы заўсёды ў апазыцыі да наймальнікаў. Але пакуль пры ўладзе ён –– моцнага прафсаюзу ня будзе”.

Як паведамілі ў Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў, гэтымі днямі да іх зьвяртаюцца кіраўнікі некаторых прыватных кампаніяў з пытаньнямі аб стварэньні суполак незалежных прыфсаюзаў. Вось як гэта пракамэнтаваў старшыня кангрэсу Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Ініцыятывы спадара Козіка падштурхоўваюць іх да таго, каб нешта мець, дык лепш мець на ўвазе магчымасьць стварэньня прафсаюзу, які б не абавязкова ўваходзіў у склад Фэдэрацыі Козіка”.

Паводле Аляксандра Ярашука, ініцыятыва Леаніда Козіка аб стварэньні суполак ФПБ на прыватных прадпрыемствах Беларусі была адной з тэмаў, што абмяркоўваліся на зьезьдзе Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, які днямі прайшоў у Японіі.

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, на сёньня ў Беларусі каля 27 тысяч прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасьці, дзе працуюць больш за 800 тысяч чалавек. Усе яны мусяць стаць сябрамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У адваротным выпадку кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў будуць абавязаныя па 3% ад фонду заробку штомесяц пералічваць на рахунак ФПБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG