Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Неўязнымі ў Эўразьвяз сталі Лідзія Ярмошына й Юры Падабед


Юры Сьвірко, Менск Паводле афіцыйнага рашэньня, прынятага ў панядзелак у Брусэлі, да сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронена выдаваць візы ў краіны Эўрапейскага Зьвязу, даданыя старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына й начальнік менскага АМОНу Юры Падабед. Усяго ў “чорным сьпісе” Эўразьвязу 6 службовых асобаў зь Беларусі.

Як паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар Рады Эўрапейскага Зьвязу Франсуа Гэд, у панядзелак Рада ў справах агульных пытаньняў і вонкавых дачыненьняў Эўразьвязу прыняла канчатковае рашэньне пра сьпіс тых чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу. Гэта тыя дзьве асобы, якія называліся раней, — Лідзія Ярмошына ды Юры Падабед. На думку Брусэлю, гэта якраз тыя “службовыя асобы, якія наўпрост адказныя за фальшаваныя выбары й рэфэрэндум, і хто адказны за грубыя парушэньні правоў чалавека падчас рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў”. Нагадаю, што прынцыповае рашэньне пра забарону выдаваць беларускім чыноўнікам эўрапейскія візы было прынятае радай Эўразьвязу яшчэ 22 лістапада.

Аднак на парадку дня сёньняшняга паседжаньня рады пытаньня пра гэта не было, сказала прэсавая сакратарка высокага прадстаўніка Эўразьвязу Хаўера Саляны спадарыня Крыстына Гэляк:

(Гэляк: ) “Яно не на парадку дня, але яно было ўжо ўзгодненае ў мінулую пятніцу”.

Тым ня менш, на рашэньні Эўразьвязу пра візавую забарону стаіць дата 13 сьнежня. Прадстаўнік рады Эўразьвязу Франсуа Гэд падкрэсьліў, што ў сіле застаецца яшчэ адзін “чорны сьпіс”, у які раней увайшлі былы генпракурор Віктар Шэйман, міністры спорту ды ўнутраных справаў Юры Сівакоў і Ўладзімер Навумаў і начальнік спэцбрыгады ўнутраных войскаў Дзьмітры Паўлічэнка.

Візавая забарона супраць гэтых чатырох асобаў была ўведзеная пасьля дакладу Хрыстаса Пургурыдэса ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы — у дакумэнце гаварылася пра іх мажлівую датычнасьць да зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму.

Гл. таксама • Л.Ярмошына пра візавую забарону: “Як на Ўкраіне, мяне высьцябалі дзеля застрашваньня” • Падабед: “З апазыцыянэрамі я сябе паводжу даволі карэктна, але мушу выконваць загады”
XS
SM
MD
LG