Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскім вэтэранам чытаць незалежныя газеты непажадана


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Гомельскі аблвыканкам забавязаў прадпрыемствы і арганізацыі выпісаць для вэтэранаў вайны на будучы год шэраг дзяржаўных газэтаў. Тымчасам незалежных выданьняў ня будуць мець нават публічныя бібліятэкі.

Прадпрыемствы, паводле адмысловага распараджэньня аблвыканкаму, выпісваюць для вэтэранаў вайны спрэс дзяржаўныя выданьні. Да прыкладу, станкабудаўнічы завод імя Кірава ўжо аформіў 17 падпісак на “Советскую Белоруссию”, прадпрыемствы “Сэйсматэхніка” і “Тэрмапляст” падарылі вэтэранам квітанцыі на атрыманьне мясцовых афіцыйных газэтаў. Акцыя прымеркавана да 60-х угодкаў перамогі ў другой усясьветнай вайне. Пры гэтым выпісваць вэтэранам незалежныя беларускія выданьні катэгарычна забараняецца.

У наступным годзе ніякіх недзяржаўных беларускіх газэтаў ня будзе мець пераважная большасьць публічных бібліятэк рэгіёну.

Загадчык аддзелу культуры Ельскага райвыканкаму Валер Гейфман кажа на гэты конт:

(Гейфман: ) “Разумееце, не магу я з вамі адкрыта пра гэта гаварыць. Не выпісваем!”

Паводле спадара Гейфмана, самастойна распарадзіцца, каб бібліятэкі ў горадзе і вёсках атрымлівалі тую ж “Народную волю”, “Белорусскую деловую газету” ці “Белорусский рынок”, ён ня можа:

(Гейфман: ) “Я ж таксама павінен узгадняць з вышэйшым кіраўніцтвам, што выпісваць”.

Падобныя абмежаваньні на недзяржаўныя выданьні існуюць і ва ўсіх астатніх раёнах. І толькі абласная ўнівэрсальная бібліятэка, паводле інфармацыі дырэктаркі Валянціны Дубровы, будзе атрымліваць у наступным годзе адзін асобнік “Народнай волі”.
XS
SM
MD
LG