Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму зь беларускіх чыноўнікаў варта было б забараніць уезд у краіны Эўразьвязу – меркаваньні беларускіх палітыкаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Рада ў справах агульных пытаньняў і зьнешніх дачыненьняў Эўразьвязу разглядае 13 сьнежня прапановы наконт забароны ўезду на тэрыторыю зьвязу шэрагу беларускіх чыноўнікаў, датычных да фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, а таксама перасьледу палітычных апанэнтаў улады. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў апазыцыйных беларускіх палітыкаў іхным меркаваньнем наконт таго, каго варта было б уключыць у гэты сьпіс.

Я задаў гэтае пытаньне намесьніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Мечыславу Грыбу. Вось што ён сказаў:

(Грыб: ) “Калі ўжо гэта прымаць і распаўсюджваць на людзей, я ня ведаю, каго там пазбаўляць гэтай магчымасьці езьдзіць, ці не пазбаўляць. Але я лічу, што датычнымі да фальсыфікацыі гэтых дакумэнтаў на выбарах ёсьць старшыні ўчастковых і акруговых камісіяў. А больш за ўсё намесьнікі кіраўнікоў адміністрацыяў раёнаў, гарадоў і рай-, гар- і аблвыканкамаў па выхаваўчай працы. Усё ад іх залежала. Ну, зразумела, і Цэнтральная выбарчая камісія, і ўсе яе сябры”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў з Горадні Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што гэты “чорны сьпіс” павінен быць даволі шырокі:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, перш за ўсё трэба падвесьці гэтым сьпісам вынік выбараў. Тая фальсыфікацыя, што была павінна быць нейкім чынам ацэненая эўрапейскімі структурамі, хаця сьпіс, безумоўна, атрымаецца даволі доўгі. Я думаю, у ім павінны быць старшыні камісіяў, калі не ўчастковых, то хаця б акруговых, і ўся Цэнтральная выбарчая камісія. Я меў нямала дачыненьняў і кантактаў зь людзьмі, якія працуюць у камісіях. Яны вельмі баяцца гэтага. І самая лепшая навука на будучыню можа быць менавіта такім чынам”.

А старшыня Фонду ў спрыяньні лякальнаму разьвіцьцю з Гомелю Віктар Карняенка лічыць, што эўразьвязаўскі сьпіс, наадварот, не павінен быць вельмі шырокі:

(Карняенка: ) “Мне здаецца, што ад гэтай акцыі павінен быць максымальна магчымы выхаваўчы эфэкт. А ён магчымы толькі тады, калі гэты сьпіс будзе звужаны да разумных межаў. Абавязкова трэба далучыць да гэтага сьпісу тых людзей, хто непасрэдна ўдзельнічаў у кампаніях фальсыфікацыяў— і гэта ня толькі ЦВК. Гэта абавязкова кіраўнік Міністэрства па падатках і зборах, гэта старшыня Вярхоўнага суду і ўсе ягоныя намесьнікі, якія таксама прымалі там рашэньні. Абавязкова кіраўнікі сілавых структураў. І я б абмежаваўся гэтым сьпісам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG