Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увядзеньне Ярузэльскім вайсковага становішча ў 1981 г. – злачынства ці “патрыятызм”?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы адзначаецца чарговая гадавіна ўвядзеньня ваеннага становішча ў сьнежні 1981 году. Цікава, што ацэнка неабходнасьці ўвядзеньня ваеннага становішча і яго вынікаў, дагэтуль падзяляе ня толькі гісторыкаў, але і звычайных палякаў.

(Ярузэльскі: ) “Грамадзянкі і грамадзяне Польскай Народнай Рэспублікі, я зьвяртаюся да вас у справе надзвычайнай важнасьці. Наша Айчына апынулася над безданьню...”

Гэтыя словы, пасьля якіх генэрал Войцех Ярузэльскі абвясьціў пра ўвядзеньне ваеннага становішча на тэрыторыі ўсёй краіны, палякі будуць памятаць яшчэ доўга. Прынамсі – тыя, хто штогод уначы з 12 на 13 сьнежня прыходзяць да дому Ярузэльскага ў Варшаве, каб нагадаць суайчыньнікам пра ахвяры гэтага трагічнага пэрыяду польскай гісторыі.

(Удзельнік акцыі: ) “А 9-й раніцы 13 сьнежня Ярузэльскі сказаў, што ў Польшчы не пральецца ніводная кропля крыві. Але гэта была няпраўда – на той час урадавыя сілы ўжо забілі 9 шахцёраў капальні “Вуек”, якія пратэставалі супраць увядзеньня ваеннага становішча”.

У часе ваеннага становішча, якое трывала каля 7 месяцаў, сотні актывістаў “Салідарнасьці”, у тым ліку і Лех Валэнса, былі інтэрнаваныя, у краіне дзейнічала камэнданцкая гадзіна, была абмежаваная свабода руху па краіне, забароненыя страйкі, уведзеная цэнзура тэлефонных размоваў і лістоў.

Для ахвяраў тых падзеяў ваеннае становішча – гэта безумоўнае зло, аўтарамі якога былі ўлады ПНР і Савецкага Саюзу.

Іншыя – і яны таксама былі ўначы каля дому Ярузэльскага – лічаць, што такім чынам генэрал выратаваў Польшчу ад крывавай грамадзянскай вайны і ўвядзеньня савецкага войска.

Між тым, паводле гісторыка зь Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Паўла Махцэвіча, Войцех Ярузэльскі ўвёў ваеннае становішча самастойна, без націскаў з Масквы.

Варта адзначыць, што за ўвядзеньне ваеннага становішча ў сьнежні 1981 году ў Польшчы дагэтуль ніхто ня быў пакараны.
XS
SM
MD
LG