Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць сёлетнюю Хануку беларускія габрэі?


Галіна Жарко, Менск 14 сьнежня завяршаецца габрэйскае сьвята Ханука. Паводле рэлігійнай традыцыі, у вокнах габрэйскіх дамоў цягам 8-мі сьвяточных дзён павінны гарэць сьвечкі. Ці відаць іх у менскіх вокнах?

Можна казаць хіба аб прыхаваным сьвятле Ханукі. Сёньня 7-ы дзень сьвята – і, адпаведна, як сьцямнее, павінныя запальвацца 7 сьвечак. Але вокны, за якімі жывуць габрэйскія сем’і, нічым не адрозьніваюцца ад іншых. Вось што кажа дырэктарка па габрэйскай адукацыі ў менскім абшчынным доме Ірына Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) “Зараз мала сьмелых людзей, якія гатовыя гэта зрабіць. Была аграмадная паўза, калі людзі баяліся быць габрэямі”.

Традыцыя ханукальных сьвечак паходзіць з старадаўняй габрэйскай гісторыі. А герой Яна Баршчэўскага беларускі шляхціц Завальня, які таксама ставіў сьвечку на вакно, тлумачыў гэта хрысьціянскай традыцыяй любові да бліжняга. На агеньчык кіраваліся падарожныя ў завейныя ночы. Каталікі ў Польшчы ў часы “Салідарнасьці” ставілі на вокны сьвечкі, калі па тэлевізары пачыналася вечаровая інфармацыйная праграма. Гэтым яны сьведчылі, што не жадаюць слухаць ілжывай прасавецкай прапаганды, а лепей будуць маліцца. Ханукальныя сьвечкі таксама запальваюцца з малітваю.

Як адзначаюць сьвята ў Беларусі? 13 сьнежня будзе вялікі сьвяточны канцэрт, прайшоў мюзікл “Ханукальная шапачка”. А ў Менскім габрэйскім грамадзкім доме ладзілі ранішнік: гаварылі па-расейску, але сьпявалі на іўрыце. Упершыню сабралася шмат сямей зь дзецьмі. Вось што сказаў адзін з татаў:

(Спадар: ) “Першае нашае сьвята такое. Прывялі двух дзяцей. Гэтыя сьвяты падтрымліваліся толькі ў сям’і дзядулі й бабулі. Менора стаяла заўсёды, але я не разумеў гэтага сьвята ў дзяцінстве. Нам нічога не расказвалі. Мой дзядуля, як вязень гета, пабойваўся”.

Паводле статыстыкі, габрэі складаюць 0,3% насельніцтва Беларусі: гэткая колькасьць людзей засьведчыла габрэйскае паходжаньне. За савецкім часам габрэі часта мянялі прозьвішчы, каб прыхаваць нацыянальную прыналежнасьць... Апошнім часам аднаўляецца традыцыя называць дзяцей габрэйскімі ймёнамі. Часта ім даюць імёны памерлых бабуляў і дзядуляў.

Крыніцаў шматлікіх габрэйскіх імёнаў – Біблія. Сара, Аўраам, Іцхак, Якаў, Лея. Часта габрэйскія імёны перакладныя. Іра на грэцкай – мір, і дзяўчынку называюць Шаламіт, бо “шалом” па-габрэйску “мір”. Або па сугучнасьці: Іра – Ірыт. Імя Талья перакладаецца, як “боская раса”. Альбо Авіталь – “веснавая раса”. У ЗАГСе з такімі ймёнамі – праблемы. Паслухаем дырэктарку па габрэйскай адукацыі ў менскім грамадзкім доме Іру Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) “Не заўсёды можна назваць дзіця, як ты хочаш. Тыя дзеці, якія маюць звычайнае імя ў жыцьці, атрымліваць другое ймя ў нас. Мы робім адмысловыя дакумэнты: Зайчык Аляксандар носіць імя Міхаль. Габрэйскае імя – гэта ймя, якое будзе спадарожнічаць дзіцяці ў габрэйскім сьвеце”.

Сытуацыя – аналягічная з прыхаваным сьвятлом Ханукі...

Дзьве тысячы гадоў таму цары грэка-сырыйскае імпэрыі, якія захапілі Юдэю, забаранілі габрэям выконваць свае запаветы. Вызвольнае паўстаньне завяршылася перамогаю. Храм у Ерусаліме ачысьцілі й асьвяцілі: Ханука і азначае асьвячэньне.

Сэнс ханукальных сьвечак – нагадваць пра цуд. Часам бракавала алею, але Менора гарэла цэлых 8 дзён. “Як і ўсе габрэйскія сьвяты, далёкія падзеі Ханукі паўтараюцца ў нашыя дні”, мяркуе дырэктар клюба “Хэсэд-Рахаім” Міхаіл Гальперын.

(Гальперын: ) “Я ведаю гісторыю свайго народа. Колькі ні было спробаў, каб габрэі пазбавіліся і сваёй культуры, і сваіх традыцый, нічога не атрымалася. Мы разьлічваем, што некалі ў кожным вакне, дзе жыве габрэйская сям’я, зьявіцца ханукія. І сьвятло гэтых сьвечак будзе бачнае ня толькі габрэям, але і ўсім астатнім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG