Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі распачынаецца “Тыдзень груднога кармленьня”


Галіна Абакунчык, Менск Усясьветная арганізацыя аховы здароўя пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі й грамадзкай арганізацыі “Малочнае дзяцінства” распачынаюць акцыю “Тыдзень груднога кармленьня”, якая прадоўжыцца да 19 сьнежня. “Выключна-грудное кармленьне – Залаты стандарт”: пад такою назвай акцыя праходзіць сёлета ва ўсім сьвеце.

Ці сапраўды грудному кармленьню немаўлятаў ў сьвеце надаюць такую вялікую ўвагу й чаму? Каб адказаць на пытаньне, прывяду такі прыклад: у 1990 годзе была прынятая Дэклярацыя аб абароне, заахвочваньні й падтрымцы груднога кармленьня, якую падпісалі 32 краіны й 10 агенцыяў Дзіцячага фонду ААН. Паводле адмыслоўцаў гэтай арганізацыі, малако маці мае ўсе рэчывы, неабходныя немаўляці для разьвіцьця і ўмацаваньня ягонай імуннай сыстэмы. Дзеці, якія найдалей п’юць матчына малако, лепш разьвіваюцца разумова.

Яшчэ адзін важкі аргумэнт на карысьць груднога кармленьня – гэта якасьць штучнага дзіцячага харчаваньня. Пэўна, многія, яшчэ памятаюць гісторыю, калі ізраільская кампанія Humana паставіла ў продаж непаўнавартасную прадукцыю, якая сталася прычынай сьмерці некалькіх немаўлятаў. Паводле адмыслоўцаў ЮНІСЭФ, штогод у сьвеце больш за 10 мільёнаў дзяцей паміраюць ад розных хваробаў. Але калі бы ўсіх малых да 6 месяцаў кармілі грудным малаком, то гэта дапамагло бы выратаваць да 3,5 тысячаў дзяцей штодня – гэта значыць – каля мільёна за год. Тым ня менш, ва ўсім сьвеце з розных прычынаў на грудным кармленьні знаходзяцца толькі 39% дзяцей.

Якое становішча з кармленьнем немаўлятаў у Беларусі – ці заўсёды мацярынскае малако мае перавагу над іншымі відамі кармленьня? Адмыслоўцы заяўляюць, што існуюць выпадкі, калі грудное кармленьне не рэкамэндуецца. Да прыкладу, калі жанчына ёсьць вірусаносьбітам СНІДУ, калі яна лечыцца ад нейкіх сур’ёзных хваробаў. Акрамя таго, у Беларусі пасьля Чарнобыльскай аварыі ў жанчын, што жывуць на забруджаных тэрыторыях у малацэ выяўляюцца шкодныя рэчывы.

Тым ня менш, адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што нават у выпадках, калі жанчына падчас цяжарнасьці мела неўнармаваны лад жыцьця – гэта значыць паліла ці выпівала – грудное кармленьне здымае значную частку нэгатыўнага ўплыву на здароўе дзіцяці. Аднак пераважная бальшыня беларускіх жанчын сканчае грудное кармленьне цягам года альбо нават паўгода, і галоўнай прычынай ёсьць недахоп малака. А прычынай таму ёсьць не слабое здароўе мацярок, а дрэнная праца мэдыкаў па навучаньню правільнаму кармленьню.

Менавіта з мэтай выправіць такое становішча й арганізаваны “Тыдзень груднога кармленьня”, паведаміла каардынатарка праекту, сябра грамадзкай арганізацыі “Малочнае дзяцінства” Вольга Багаева.

Якія імпрэзы на гэтую тэму заплянаваныя цягам тыдня ў Беларусі? Іх ня вельмі шмат – круглы стол з жанчынамі й зацікаўленымі адмыслоўцамі, які пройдзе ў 26-й і 17-й гарадзкіх паліклініках Менску, а таксама цягам двух дзён будзе арганізаваная прамая тэлефонная лінія. Паводле спадарыні Багаевай, гэтага, натуральна, недастаткова, але Міністэрства аховы здароўя добра падтрымлівае акцыю на словах, астатняе – кладзецца на плечы грамадзкай арганізацыі.

Тым часам адмыслоўцы ЮНІСЭФ заяўляюць, што калі дзіця памірае зь пераадольных прычынаў, то гэта азначае няўвагу да маці й дзіцяці з боку грамадзтва, і што жанчына, якая сваім малаком корміць немаўля, мусіць мець маральную й матэрыяльную падтрымку з боку дзяржавы.
XS
SM
MD
LG