Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі гарвыканкам вырашыў прымаць адмыслоўцаў на дзяржаўную службу на конкурснай аснове


Казімір Яноўскі, Гомель Паводле рашэньня гарвыканкаму, конкурсная аснова прыёму на працу ўводзіцца з будучага году ў адміністрацыі Чыгуначнага раёну – адной з чатырох у горадзе. У іншых структурах выканкаму такі экспэрымэнт пакуль не прадугледжаны.

Плянуецца таксама, што ў склад рэзэрву гарвыканкаму будуць уключаныя выпускнікі вышэйшых навучальных установаў гораду, якія завяршылі навучаньне з чырвонымі дыплёмамі. Згаданымі ды іншымі новаўвядзеньнямі гарвыканкам мяркуе прыцягнуць на кіраўнічыя пасады сьвежыя маладыя сілы.

Дасьведчаныя гараджане, знаёмыя з сыстэмай выканаўчай улады, лічаць, што вяртаньне да конкурснага замяшчэньня вакансіяў у “вэртыкальных” структурах, якое практыкавалася яшчэ напачатку 1990-х гадоў, сьведчыць пра пэўны кадравы голад. Гаворыць былая старшыня Гомельскага гарадзкога Савету і выканкаму, сябра АГП Сьвятлана Гальдадэ:

(Гальдадэ: ) “З прыходам Лукашэнкі спачатку на пасады прызначалі партыйных функцыянэраў рознага рангу. Затым пайшлі ў ход шараговыя інструктары. І цяпер гэты ліміт кадраў вычарпаны. Прэзыдэнцкая “вэртыкаль” – вельмі закрытая структура. І зразумела, што крытэрыем адбору кадраў будзе не іх кампэтэнтнасьць і прафэсіяналізм, а лаяльнасьць да кіраўніка і адпаведныя палітычныя погляды”.

Ці дапаможа конкурснае замяшчэньне кіруючых пасад неяк вырашыць кадравую праблему ў кіруючых структурах гораду? Усе гэтыя кадравыя экспэрымэнты выканкам арганізоўвае ня сам па сабе, а дзеля выкананьня адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы “Пра работу з кіруючымі кадрамі ў сыстэме дзяржаўных органаў”.

Ужо знаёмая нам былая кіраўніца гарадзкога Савету й выканкаму Сьвятлана Гальдадэ лічыць, што нейкія лякальныя экспэрымэнты ўнутры “вэртыкальнай” сыстэмы ня вырашаць праблему кадравага дэфіцыту ў выканаўчых структурах, і перш за ўсё таму, што не разьвіваецца мясцовае самакіраваньне.

(Гальдадэ: ) “Пры такім адборы кадраў ня будуць вырашаныя задачы разьвіцьця мясцовага самакіраваньня. А гэта азначае, што новыя кадры будуць выконваць загады, а не вырашаць праблемы насельніцтва той ці іншай тэрыторыі. Калі б улада сапраўды хацела, каб да кіраваньня прыйшлі новыя людзі, яна б пайшла на выбары насельніцтвам кіраўнікоў раёнаў, гарадоў, абласьцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG