Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеячы культуры заяўляюць: пад шыльдай абароны ад гвалту і парнаграфіі ў Беларусі праводзіцца палітычная цэнзура


Ігар Карней, Менск Рэспубліканская экспэртная камісія ў папярэджаньні прапаганды парнаграфіі, гвалту й жорсткасьці, якую прадстаўнікі галіны культуры часьцяком называюць “паліцыяй нораваў”, пашырае сфэру сваёй дзейнасьці. Калі дагэтуль аб’ектамі пільнай увагі экспэртаў былі перадусім відэа- ды кінастужкі, а таксама друкаваная прадукцыя, то цяпер сябры камісіі адсочваюць ступень дазволенасьці на аўдыёносьбітах і інтэрнэт-сайтах, у шоў-праграмах і стрыптыз-клюбах.

Справядліва будзе сказаць, што асноўнай увагай Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па-ранейшаму ёсьць кінаіндустрыя. Пра гэта сьведчыць і статыстыка Рэспубліканскай экспэртнай камісіі. Сёлета камісіяй было выдадзена блізу трох соцень экспэртных заключэньняў. Дык вось, больш чым траціна ад гэтай колькасьці прыходзіцца менавіта на відэакасэты й кінастужкі, у якіх знойдзеныя, так бы мовіць, “звышдозы” парнаграфіі, гвалту й жорсткасьці.

У зьвязку з гэтым некаторыя адмыслоўцы канстатуюць, што высновы камісіі не заўсёды аб’ектыўныя, а сама гэтая структура паступова робіцца інструмэнтам ідэалягічнай цэнзуры.

Прыкладам, вядомы кінакрытык Ала Бабкова больш за 10 гадоў была экспэртам Рэспубліканскай экспэртнай камісіі. Але сёлета, пасьля таго, як у склад камісіі пачалі ўключаць прадстаўнікоў міністэрства культуры, яна сышла з камісіі, як яна кажа, каб ня быць палітычным цэнзарам.

(Бабкова: ) “Былі стужкі, якія трэба было забараніць, бо гэта не фільмы, а інструктаж сэксуальнага характару. Але, разам з тым ад гэтага году пачалося ідэалягічнае наступленьне, усё праглядаецца “праз лупу”. Так, бразыльскую кінастужку ў рамках паказу “Кінафармат 4х4” не дазволілі да паказу паводле распараджэньня міністэрства культуры”.

У гэтым зьвязку можна прыгадаць, што калі раней забракоўваліся пераважна замежныя стужкі, то сёлета забаранілі паказ шэрагу працаў беларускіх аўтараў. І ў тых выпадках ня йшла гаворка пра элемэнты парнаграфіі ці гвалту.

Адразу на дзьве стужкі рашэньнем міністэрства культуры, у падпарадкаваньні якога знаходзіцца Рэспубліканская экспэртная камісія, была накладзеная забарона на паказ у беларускім кінапракаце. Гэта фільм рэжысэра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі” – тут экспэртам не спадабалася трактаваньне партызанскага руху ў Беларусі, і дакумэнтальная стужка, прысьвечаная Васілю Быкаву “Дарога дадому. Рэквіем”.

Дарэчы, летась “Акупацыя” Кудзіненкі атрымала рэгістрацыйнае пасьведчаньне на паказ, але сёлета яно было скасаванае на той падставе, што на зьмест могуць пакрыўдзіцца вэтэраны вайны. А што да стужкі пра Васіля Быкава, то стаўленьне ўладаў да асобы Быкава, відавочна, ад пачатку не давала шанцаў, каб успаміны ягоных сяброў і аднадумцаў зьявіліся на вялікім экране.

Абодва фільмы ўжо атрымалі нямала ўзнагародаў на розных міжнародных кінафорумах. Кінадакумэнталіст Юрый Хашчавацкі наўпрост сьцьвярджае: пад шыльдай абароны ад жорсткасьці і парнаграфіі ў Беларусі праводзіцца палітычная цэнзура.

(Хашчавацкі: ) “Робяць гэта людзі мала кампэтэнтныя ў мастацтве, але якія ўзьняліся ў палітычным служэньні. А што да міністэрства культуры, то яно даўным-даўно пераўтварылася ў афіцыянта для ўладаў… Сапраўдную ж парнаграфію трэба шукаць на Беларускім тэлебачаньні: кожны дзень загружаны гэтай парнаграфіяй у навінах, у палітычных камэнтарах, у аналітыцы. Вось там трэба чысьціць іх вельмі сур’ёзна”.
XS
SM
MD
LG