Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: “дастойна прадстаўляць пазыцыю прэзыдэнта ў парлямэнце” можа Валерый Цапкала


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка хоча накіраваць у Палату прадстаўнікоў свайго паўнамоцнага прадстаўніка. Ён лічыць, што надышоў час “сур’ёзна разабрацца з пытаньнямі ўзаемадзеяньня кіраўніка дзяржавы й парлямэнта; неабходна трымаць у полі зроку ўсе працэсы, якія адбываюцца ў парлямэнце, аналізаваць настроі і адсочваць сытуацыю”.

У мінулым складзе Палаты прэзыдэнт меў ажно сем сваіх прадстаўнікоў. Калі пра сябе заявіла апазыцыйная група “Рэспубліка”, Аляксандар Лукашэнка нечакана выклікаў да сябе семярых дэпутатаў і аб’явіў іх сваімі прадстаўнікамі ў парлямэнце. Адзін зь іх, Сяргей Забалоцец, патлумачыў у адным з інтэрвію, што прэзыдэнт усяго толькі клапаціўся пра лёс дэпутатаў перад заканчэньнем іх паўнамоцтваў, і сямёрка прэзыдэнцкіх прадстаўнікоў павінна была заняцца пытаньнямі іх далейшага лёсу – працаўладкаваньня ці пераабраньня. Яшчэ гэтыя дэпутаты, прадстаўнікі прэзыдэнта, павінны былі інфармаваць Лукашэнку пра дзейнасьць парлямэнта, альбо “шасьцярыць”, як жартавалі тады дэпутаты “Рэспублікі”. Сяргей Забалоцец ня толькі пераабраўся, яму цяпер далі партфэль віцэ-сьпікера.

Былы дэпутат Палаты, а цяпер дырэктар Беларускага аналітычнага фонду “Палітыка, грамадзянскія ініцыятывы й дыялёг” Іван Пашкевіч згадвае, што аб прызначэньні паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта ў Палаце гавораць ужо цягам гадоў 10. Калі Іван Пашкевіч трапіў на працу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, яго таксама зьбіраліся зрабіць такім прадстаўніком, аднак ён так і ня быў накіраваны ў Палату. Тлумачыць спадар Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Гэты прадстаўнік павінен быць тады, калі зьменяцца функцыі парлямэнта, але сёньня парлямэнт толькі ўзгадняе законапраекты, прадстаўленыя прэзыдэнтам ці ўрадам. Больш за тое, сам прэзыдэнт кажа, што парлямэнт прапрэзыдэнцкі, і спрэчак ніякіх у парлямэнце не вядзецца, усе законы прымаюцца “на ўра”, то ня мае ніякага сэнсу мець такога прадстаўніка ў парлямэнце”.

Як успрымаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў намер Лукашэнкі? Вольга Абрамава мяркуе, што кіраўнік Беларусі вырашыў скарыстаць расейскі досьвед, бо ў расейскай Дзярждуме такі інстытут даўно ўведзены. Аднак спадарыня Абрамава лічыць спрэчнай магчымасьць выступу ў Авальнай залі паўнамоцнага прадстаўніка Лукашэнкі.

(Абрамава: ) “Я ня ведаю, ці будзе мець прадстаўнік беларускага прэзыдэнта права на выступ у залі. Ва ўсякім разе, у рэглямэнце ў нас такой фігуры пакуль няма. Калі гэты прадстаўнік будзе мець права выступу ў сьценах Авальнай залі, то, канешне, тут напрошваецца зьмена рэглямэнту”.

Паводле дэпутата Абрамавай, паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта хутчэй за ўсё будзе выконваць функцыі апэратыўнай сувязі з прэзыдэнтам. Такое ж меркаваньне і ў старшыні парлямэнцкай камісіі па заканадаўству Аляксандра Архіпава.

(Архіпаў: ) “Гэта адзін з тых крокаў па дыялёгу парлямэнт – прэзыдэнт. Паўнамоцны прадстаўнік – афіцыйная асоба, да якой можна зьвярнуцца й данесьці тое ці іншае пытаньне да кіраўніка краіны. Гэта той чалавек, які будзе пастаянна знаходзіцца ў залі ў часе пленарных паседжаньняў”.

Каму ж прэзыдэнт Лукашэнка зьбіраецца даручыць ролю свайго прадстаўніка? Паводле Лукашэнкі, менавіта Валерый Цапкала зможа “дастойна прадстаўляць пазыцыю прэзыдэнта ў парлямэнце”. Спадар Цапкала на пасадзе памочніка прэзыдэнта будуе так званую “сыліконавую даліну”. Яго сакратарка мяркуе, што спадар Цапкала не пакіне сваёй пасады, хутчэй за ўсё ён будзе сумяшчаць “сыліконавую” даліну з Палатай. Дэпутат Вольга Абрамава лічыць, што спадар Цапкала – гэта яшчэ ня горшы варыянт, бо “ён не выклікае алергіі”.

Былы дэпутат Іван Пашкевіч лічыць, што няма неабходнасьці ў накіраваньні прэзыдэнцкага прадстаўніка ў Палату, якая толькі ўзгадняе законапраекты.

(Пашкевіч: ) “85 працэнтаў законапраектаў уносіцца ад імя прэзыдэнта, а астатнія ад імя ўраду. Магчыма, можа ўнесьці адзін ці два законапраекты дэпутат Кучынскі, болей там не засталося ніводнага чалавека, які мог бы выканаць заканадаўчую ініцыятыву. Таму ўвядзеньне такой пасады зноў будзе адкладзенае на нейкі тэрмін”.
XS
SM
MD
LG