Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 сьнежня 1919 году старшынёй Рады БНР стаў Пётра Крэчэўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 12 і 13 сьнежня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

Найважнейшыя гістарычныя падзеі маюць дачыненьне да сучаснай гісторыі Расеі, якая 12 сьнежня адзначае свой Дзень канстытуцыі.

12 сьнежня 1979 году Палітбюро ЦК КПСС пастанавіла ўвесьці войскі ў Аўганістан. А роўна празь пятнаццаць гадоў, 12 сьнежня 1994 году, расейскі прэзыдэнт выдаў указ пра выкарыстаньне ўсіх сродкаў для раззбраеньня незаконных збройных фармаваньняў на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі, пасьля чаго ў Ічкерыю ўводзяцца расейскія войскі й пачынаюцца маштабныя вайсковыя дзеяньні. Вынік гэтых дзеяньняў атрымаўся такі самы, што і ў Аўганістане: канца вайне не відаць.

12 сьнежня 1971 году памёр Давыд Сарноф – амэрыканскі пачынальнік радыё- і тэлевяшчаньня. Нарадзіўся Давыд у Менску, і чакаў яго лёс выкладчыка талмуда, калі б сям’я ў 1900-м годзе ня зьехала ў Амэрыку. У пятнаццаць гадоў, працуючы ў тэлеграфнай кампаніі пасыльным, Давыд на першы свой заробак купіў сабе тэлефонны апарат. У 1912 ён злавіў сыгнал бедзтва з карабля Тытанік і трое сутак заставаўся на сувязі, атрымліваючы ўсе навіны зь месца катастрофы. Ён першы прапанаваў радыёмузычны прымач, рабіў першыя сэнсацыйныя радыёрэпартажы з баксёрскіх спаборніцтваў. Урэшце, узначаленая ім Радыёкарпарацыя Амэрыкі стала атрымліваць калясальныя прыбыткі ад продажу сваіх радыёпрымачоў. У 1926 годзе Сарноф стварыў нацыянальную радыёвяшчальную кампанію NBC, а ўжо праз год пачаў экспэрымэнтальную тэлетрансьляцыю.

12 сьнежня ў розныя гады нарадзіліся францускі пісьменьнік Гюстаў Флабэр і амэрыканскі сьпявак і кінаактор Фрэнк Сынатра.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

13 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Андрэй. Як адзначае этнограф Уладзімер Васілевіч, дзень сьвятога Андрэя асабліва славіўся варажбою дзяўчат: “Сьвяты Андрэю, я каноплі сею, дай мне знаць, з кім буду рваць”. Каб жаданьні збываліся, дзяўчаты цэлы дзень пасьцілі і пазьбягалі размоваў. Станоўчы або адмоўны вынік гэтай варажбы можна было пабачыць толькі вясною, калі пасеянае ўзыходзіла або не.

13 сьнежня 1919 году Пётра Крэчэўскі стаў старшынёй Рады БНР. Ад былога выпускніка віленскай духоўнай сэмінарыі, пасьля – школьнага настаўніка, а тады банкаўскага работніка патрабавалася немалая мужнасьць, каб у тыя часы ўзяць на сябе адказнасьць кіраўніка новастворанае краіны.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 13 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага паэта Генрыха Гейнэ, нямецкага электратэхніка і заснавальніка аднайменнай фірмы Эрнста фон Сымэнса ды расейскага паэта-мадэрніста Валерыя Брусава, які на пачатку мінулага стагодзьдзя сябраваў зь літаратарамі віленскай беларускай газэты “Наша Ніва”.
XS
SM
MD
LG