Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсудныя кардыяхірургі сьцьвярджаюць, што ў шпіталях быў дэфіцыт кардыястымулятараў і апэрацыйных матэрыялаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Маскоўскім судзе Менска працягваецца працэс над кардыяхірургамі, якіх абвінавачваюць ў падмане хворых. Выступаючы ў судзе, пацярпелыя адзін за другім дзякуюць лекарам за выратаванае жыцьцё.

У справе кардыяхірургаў фігуруе некалькі дзесяткаў пацярпелых. Гэта хворыя на сэрца, якіх апэравалі прыцягнутыя да адказнасьці лекары. За апэрацыю бралі ад 120 да 500 даляраў.

Неабходнасьць браць грошы розным хворым тлумачылі па-рознаму. З пэнсіянэра Яўгена Міцкевіча ўзялі 120 даляраў нібыта на новыя мэдыцынскія прылады. Стары чалавек пацьвердзіў гэта ў судзе. Другая сьведка распавяла, што ад яе на кардыястымулятар запрасілі ажно 500 даляраў. Мусіла прадаць карову, інакш апэрацыю б не зрабілі.

Апошняй са сьведкаў выступала ў судзе пэнсіянэрка зь Менску Ірына Главацкая. Ёй сказалі, што матэрыялы бясплатныя, але сама апэрацыя каштуе 165 даляраў. Потым кошт падняўся да 200 даляраў. Грошы яна аддала хірургу Аляксею Лучанку. Той паклаў грошы ў мэталічную шафу, дзе ўжо быў сьпіс іншых кандыдатаў на апэрацыі і ляжалі сабраныя зь іх даляры. Ірыну Главацкую не зьдзівіла, што ў дзяржаўным шпіталі апэрацыі былі платныя.

(Сьведка : ) “Усе ў шпіталі, колькі там было хворых, усе ведалі, што трэба плаціць. Як былы бугальтар я ведала, што патрэбны прыходны ордэр, але бываюць моманты, калі і па сьпісе. Тым больш там былі паперкі, яшчэ даляры. Падумалася, што яны зьбіраюць, каб да кожнага не хадзіць, а потым выпішуць ордэр. Але, відаць, не атрымалася”.

Калі па працэсе пацярпелую Главацкую спыталі, як на яе думку трэба абыйсьціся з лекарамі, жанчына заявіла, што вельмі ўдзячная ім за тое, што вярнулі ёй здароўе. У перапынку Ірына Главацкая паўтарыла тое самае для Радыё Свабода.

(Сьведка: ) “Лекар мой вельмі добры, і да загадчыка аддзяленьня я нічога ня маю, ён як сказаў, гэтак мяне і паклалі ў шпіталь. Канешне, мне вельмі шкада гэтых дактароў, але ж я не магу сказаць, што вы іх вызвальце”.

Хірург Аляксей Лучанок, які браў грошы ад Ірыны Главацкай, заявіў суду, што гэта была плата за кардыястымулятары ды іншыя прылады, але дакладна ён ужо ня памятае, колькі трэба было плаціць. На працэсе іншыя лекары таксама працягваюць казаць, што грошы браліся выключна таму, што былі праблемы зь дзяржаўнымі пастаўкамі кардыястымулятараў і прыладаў. Маўляў, пастаўкі гэтых матэрыялаў зь іншых крыніцаў ішлі бесьперапынна. Таму нібыта ў інтарэсах хворых ім прапаноўвалі не чакаць, а набыць тое для апэрацыі, што ёсьць.

Нагадаю, сьледзтва лічыць, што насамрэч і кардыястымулятараў, і апэрацыйных матэрыялаў хапала, а пра дэфіцыт лекары казалі толькі каб браць з хворых грошы.

13 сьнежня працэс над кардыяхірургамі адновіцца. Адвакаты прадказваюць, што былыя хворыя будуць зноў дзякаваць за выратаванае жыцьцё тым, хто цяпер апынуўся на лаве падсудных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG