Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валерыя Навадворская: “Такія прыёмы магчымыя толькі ў дзяржаве, якая кіруецца тыранам”


Ігар Карней, Менск Лідэр партыі Дэмакратычны Саюз Расеі Валерыя Навадворская, якая нарадзілася ў Баранавічах і, паводле ейных словаў, заўсёды пільна назірае за падзеямі на радзіме, лічыць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі катастрафічнай.

Камэнтуючы цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, Валерыя Навадворская заўсёды вяртаецца да самых змрочных часоў у гісторыі СССР – 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Маўляў, тады партыйныя правадыры таксама казалі пра захаваньне правоў савецкага чалавека.

(Навадворская: ) “Права народа аддаць сваю свабоду першаму ж тырану пад хвост, права адмовіцца ад правоў і свабодаў – правам не зьяўляецца. Гэта зьяўляецца вымушаным, цалкам канцлягерным прыёмам. Натуральна, народ мае поўнае права, як гэта ён рабіў у 1930-я гады, напісаць на сябе паказаньні, што ён англа-амэрыкана-японскі шпіён. Гэтае права, відавочна, было і ў тых, каго судзілі ў той час. Але гэта ня можа зьяўляцца правам”.

Валерыя Навадворская – дысыдэнтка з 35-гадовым стажам. У 19-гадовым узросьце арганізавала падпольную студэнцкую групу дзеля супраціву камуністычнаму рэжыму, але была арыштаваная за антысавецкую агітацыю і прапаганду. У 1970-м прымусова зьмешчаная на лячэньне з дыягназам “шызафрэнія”. Пасьля выхаду са спэцшпіталю ў 1972-м зноў пачала распаўсюджваць самвыдат. У 1978, 1985 і 1986 гадох Навадворскую судзілі за дысыдэнцкую дзейнасьць.

Цяпер яна канстатуе: на жаль, тыя часы зноў вяртаюцца ў Беларусь. Апошні прыклад – кампанія парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

(Навадворская: ) “Ня трэба гуляць у гэтыя гульні, у якія гуляе “бацька бульба-фры”, як мы называем яго ў рэдакцыі “Нового времени”, і казаць, што народнае волевыяўленьне – гэта рэфэрэндум на адмену Канстытуцыі”.

Спадарыня Навадворская кажа, што беларускія ўлады бесцырымонна паводзяць сябе ня толькі са сваімі грамадзянамі. Высылка зь Беларусі расейскіх палітыкаў – Барыса Нямцова й Ірыны Хакамады – самы паказальны прыклад марнасьці размоваў пра беларуска-расейскія стасункі.

(Навадворская: ) “Назавіце мне яшчэ дзяржаву, адкуль высылаюць зь лётнішча бліжэйшых суседзяў, ды яшчэ на высокіх парлямэнцкіх пасадах. Барыса Нямцова, тады яшчэ кіраўніка фракцыі СПС у Дзярждуме, і Ірыну Хакамаду, экс-віцэ-сьпікера расейскага парлямэнту, якія прыехалі ў Менск на канфэрэнцыю, нават у горад ня выпусьцілі. “Гэбульнікі” беларускія арыштавалі іх на лётнішчы, спрабавалі падкінуць грошы, выціснуць прызнаньні, што яны, маўляў, прыехалі весьці варожую дзейнасьць. А ўрэшце выслалі назад у Расею. Такія прыёмы магчымыя толькі ў дзяржаве, якая кіруецца тыранам. Прычым не сучасным, а сярэднявечным “яшчарам”, якім і ёсьць Лукашэнка”.
XS
SM
MD
LG