Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новай Эўропе (беларусы ў Даніі)


Ганна Сурмач, Прага У гісторыі беларускай эміграцыі мы ня знойдзем старонак пра беларусаў у Дацкім каралеўстве. Гэтая эўрапейская краіна чамусьці ня вабіла выгнанцаў з Беларусі. Магчыма, што вандроўны лёс і закідаў туды некага, але беларускай прысутнасьці яны там ніяк ня выявілі. А вось сёньняшняе пакаленьне беларусаў актыўна асвойвае амаль што ўсе куткі сьвету, у тым ліку і Данію.

Данія сёньня – гэта частка аб’яднанай Эўропы, і таму краіна стала больш даступнай для тых беларусаў, хто хоча пабачыць сьвет і пазнаёміцца з жыцьцём іншых народаў. Цяпер там няма моўнага бар’еру і кожны, хто валодае ангельскай моваю, можа паспрабаваць знайсьці сваё мейсца ў гэтай краіне для працы ці навучаньня.

(Шырокі: ) “Тутэйшыя амаль усе валодаюць ангельскаю – і кіроўцы аўтобусаў, і паліцыянты, усе, і вельмі добра. Гэта элемэнт культуры, які ўжо тут шмат гадоў прысутнічае. Тут перадачы па-ангельску на тэлебачаньні, музыка пераважна англамоўная. Мы тут можам ня ведаць мовы краіны, можам размаўляць толькі па-ангельску”.

Так гаворыць Зьміцер Шырокі – 23-гадовы выпускнік фізычнага факультэта Белдзяржунівэрсытэта. Ён прыехаў у Данію тры месяцы таму па кантракце, які дае магчымасьць яму вучыцца ў асьпірантуры і працаваць. Яго запрасіў навуковы цэнтар Дацкага тэхнічнага ўнівэрсытэта ў Капэнгагене.

(Сурмач: ) “Зьміцер, як Вам удалося трапіць на навучаньне ў замежжа, наколькі складана гэта было?”

(Шырокі: ) “Насамрэч, нашмат лягчэй, чым некаму падаецца. Калі ёсьць жаданьне, дык амаль кожны, я думаю, можа падаць дакумэнты, прайсьці конкурс і вучыцца там, дзе ён хоча. Мы даволі інэртныя ў гэтым сэнсе. Нам здаецца, што замежжа – гэта толькі блакітная мара, але, насамрэч, Эўропа значна бліжэй да нас, чым уяўляецца, ня трэба баяцца. У мяне былі знаёмыя, якія тут працавалі, яны параілі. Я раней прыяжджаў сюды на стажыроўку”.

(Сурмач: ) “Падалі заяву і Вам адразу прапанавалі месца?”

(Шырокі: ) “Не адразу, канешне, патрэбна было прыляцець сюды на сумоўе, не за свае грошы, а за грошы тых, хто выклікаў. Трэба падаць дакумэнты, пачакаць два месяцы, пакуль возьмуць.

Беларусаў тут мала, мне здаецца, магло б быць больш. Ня ведаю чаму, але Данія нейкая ня вельмі папулярная для нас краіна. А шкада, бо ўмовы тут ня горшыя, чым у Нямеччыне. Заробкі тут, напрыклад, у асьпіранта вышэйшыя. Побач са мною працуе шмат французаў-асьпірантаў, яны ўсе кажуць, што проста неверагодна добрыя тут умовы.

Ня трэба мовы дацкай ведаць. Хаця, канешне, у маіх плянах вывучыць дацкую мову хаця б на элемэнтарным узроўні, як даніна краіне, дзе я жыву. Тэст здаваць на веданьне ангельскай таксама не абавязкова ў выпадку, калі ты ўжо сталы чалавек і вучысься ў асьпірантуры, калі ёсьць вышэйшая адукацыя. Калі едзеш толькі паступаць вучыцца ва ўнівэрсытэт, то патрэбна”.

(Сурмач: ) “Навучаньне ў вас на ангельскай мове?”

(Шырокі: ) “На ангельскай. Тут ужо не навучаньне, тут, як выглядае, я сам сябе вучу. Чытаю кніжкі, альбо выбіраю нейкія курсы, якія мне падабаюцца. Гэта ня лекцыі ў нашым разуменьні, гэта самастойная праца, ў лябараторыі ці ў іншым месцы”.

(Сурмач: ) “Можаце адзначыць яшчэ нейкія асаблівасьці сыстэмы адукацыі й жыцьця студэнтаў ў Даніі?”

(Шырокі: ) “Што адрозьнівае сыстэму навучаньня Даніі ад беларускай – гэта практыка арганізацыі розных мерапрыемстваў, калі навучэнцы адной групы павінны сабрацца разам і правесьці дзень у нейкіх гульнях, потым пайсьці разам у рэстаран павячэраць, патаньчыць. Кожную пятніцу тут ладзяцца парты, калі людзі прыходзяць разам папіць піва. Мне гэта ня вельмі падабаецца. Я лічу, што стасункі па-за працаю – гэта асабістая справа кожнага, кожны сам можа выбіраць, што яму рабіць і з кім кантактаваць”.

(Сурмач: ) “Вашае навучаньне спалучана з працаю. Вы працуеце ў нейкай дасьледчай лябараторыі?”

(Шырокі: ) “Я працую не ў лябараторыі, я тэарэтык. Я сяджу за сваім кампутарам і працую за пісьмовым сталом. У чым праца? Звычайная праца фізыка, які сядзіць, нешта думае, нешта піша – артыкулы, езьдзіць на канфэрэнцыі. Тры гады, і вынік гэтага – ступень доктара, ці, па-нашаму, кандыдата навук”.

(Сурмач: ) “Вам плацяць за працу?”

(Шырокі: ) “Мне плацяць, але, на жаль, падаткі проста неверагодныя – больш паловы, значна больш. У мяне ёсьць мэдычная карта, маю права на мэдабслугоўваньне, але трэба плаціць за лекі, якія купляеш, нешта можна атрымаць і бясплатна. Я не лічу гэтую сыстэму добрай. Не падаецца мне гэты паўночна-эўрапейскі сацыялізм добрай мадэльлю”.

Зьміцер жыве на паўночнай ускраіне Капэнгагену, дзе здымае кватэру за 330 даляраў у месяц, што лічыцца вельмі танным. Да новага мейсца прывыкае зь цяжкасьцю.

(Шырокі: ) “Ня вельмі мне падабаюцца гэтыя сумныя паўночна-эўрапейскія гарады, пабудаваныя зь цёмнай цэглы. Але экалягічная сытуацыя мне вельмі падабаецца. Усюды дрэвы, шмат зеляніны. Спакойная краіна, сумная, год ад году нічога не адбываецца ў палітычным жыцьці. Гэта не Беларусь, але і клімат падобны, людзі звонку выглядаюць, як у нас. Няма толькі з кім часьцей размаўляць па-беларуску. Мару аб тым, каб стварыць тут нейкае згуртаваньне беларусаў”.

(Сурмач: ) “Тым часам, зараз вы больш кантактуеце з сучаснай дацкаю моладзьдзю – як яна выглядае?”

(Шырокі: ) “Звычайныя эўрапейцы з мэнтальнасьцю, якая хутчэй ужо ня дацкая, а эўрапейская. Справа ў тым, што ў вышэйшай адукацыі ў Эўропе пачынаючы з канца 1990-х гадоў пачалі дзейнічаць так званыя Балёнскія пагадненьні. Пачаліся працэсы актыўнага перамяшчэньня студэнтаў, якія навучаюцца на апошніх курсах ВНУ, ці якія скончылі ВНУ. Праводзіцца такая наўмысная палітыка, скіраваная на большую інтэграцыю Эўропы ў галіне адукацыі. Таму маладыя людзі адчуваюць сябе больш эўрапейцамі, чым грамадзянамі сваіх краінаў”.

(Сурмач: ) “Так што інтэграцыя там зайшла ўжо даволі далёка?”

(Шырокі: ) “Інтэграцыя паміж старымі эўрапейскімі краінамі зайшла далёка. Я часам пытаю ў знаёмых – хто вы, эўрапейцы ці французы. Яны кажуць: мы – эўрапейцы. Днямі падыходзіць да мяне італьянка па паходжаньні, але не грамадзянка адной з краінаў Эўразьвязу, і кажа: “Ой, якая бяда, у Італію трэба ляцець, а тут мне кажуць, што патрэбен пашпарт і віза. А ў мяне толькі Mastercard, а ня Visacard”. Я ёй патлумачыў, што гэта ня банкаўская карта, а віза ў пашпарце. Я запытаўся, колькі ў яе візаў у пашпарце. Яна адказала, што ніводнай няма”.

Выглядае, што заходняя моладзь ужо не ведае, што такое межы і візы. Яны свабодна могуць езьдзіць і пазнаваць сьвет. І ў той жа час, сьвет становіцца ўсё больш зачыненым для моладзі ў Беларусі.

(Сурмач: ) “Дарэчы, ці можаце Вы нешта сказаць пра тое, як датчане ставяцца да новых краінаў Эўразьвязу?”

(Шырокі: )”Я размаўляў шмат з кім наконт бачаньня агульнай Эўропы, цікавіўся, ці падтрымліваюць яны ўступленьне ў Эўразьвяз, напрыклад, Турцыі альбо Украіны. Дык вось, Украіну яны ўспрымаюць абсалютна як частку Эўропы. Яны, на маю думку, мала чаго ведаюць пра гэтыя краіны, лічаць, што гэта бедныя краіны. Напрыклад, я кажу, што Ўкраіна таксама бедная краіна, і вы не супраць уступленьня яе ў Эўразьвяз. А яны кажуць, што Эстонія, якая ўвайшла, таксама бедная”.

(Сурмач: ) “А наконт Беларусі?”

(Шырокі: ) “Наконт Беларусі, я думаю, абсалютна нармальна ставяцца. Звычайна, любы чалавек на вуліцы ведае, што Беларусь існуе. Але, часам, бывае, трапляеш у сытуацыю, калі, напрыклад, на пошце адпраўляеш ліст, і краіны Беларусь ня могуць знайсьці.

Пры жаданьні нашага народу, мы вельмі хутка ўвайшлі б ў аб''яднаную Эўропу. Іншая справа, што я, напрыклад, не лічу мэтазгодным нам уступаць у Эўразьвяз. У НАТО – калі ласка. Навошта гэтая палітычная інтэграцыя?”

Спадара Зьміцера ўразіла ў дацкім грамадзтве такая зьява:

(Шырокі: ) “У Паўночнай Эўропе вельмі папулярныя ідэі з краінаў, якія моцна пацярпелі ад камуністычнай ідэалёгіі. Я тут наймаю кватэру ў пажылога камуніста, які ўсе сьцены абвесіў плякатамі Кім Ір Сэна, ці Кім Чын Іра, з надпісамі кшталту: “Працоўны, памятай, усе скарбы сьвету табе дала Кастрычніцкая рэвалюцыя”.

Напрыклад, учора я быў на экскурсіі ў адной фірме, дзе працуе вельмі вядомы чалавек у галіне дацкага кінэматографа. Там у калідоры, дзе адна зь дзьвярэй вядзе ў ягоны пакой, усё абвешана цытатамі з Мао Цзэ Дуна, проста безьліч цытатаў. Папулярнасьць такіх імёнаў нават у самых вышэйшых інтэлектуальных колах для мяне незразумелая і непрымальная”.

Зьміцер Шырокі напачатку сказаў, што думку падаць заяву на навучаньне ў Даніі яму падказалі ягоныя знаёмыя. Сапраўды, Зьміцер – ня першы беларус у гэтай краіне.

Дарогу беларускім навукоўцам у Данію адчыніў былы выкладчык факультэта фізыкі БДУ спадар Андрэй Лаўрыненка, цяпер – доктар навук, супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі.

(Лаўрыненка: ) “Я быў дацэнтам унівэрсытэта, быў у Даніі на стажыроўцы ў 2000 годзе. Адзін з маіх вучняў, які знайшоў мейсца ў Нямеччыне, на адной канфэрэнцыі пазнаёміўся з навукоўцамі з Даніі. Яны сказалі, што ў іх будзе адчыняцца новы праект, і яны патрабуюць навукоўца, які мог бы рабіць мадэляваньне. Ён ведаў, што я якраз гэтым займаюся, і празь яго было дамоўлена, каб я туды паехаў.

У той год, калі я першы раз працаваў, я парэкамэндаваў Андрэя Сягло, а потым і Зьміцер Шырокі скончыў унівэрсытэт. Так атрымалася, што ён тут удзельнічае ў праекце.

Асьпірантура тут ня як у нас – гэта праект. Напрыклад, нейкі навуковы цэнтар хоча дасьледаваць тэму, ён піша заяўку на выдзяленьне грошай пад гэты праект, і яму патрэбныя спэцыялісты для выкананьня. Вось гэты спэцыяліст, які працуе сярод выканаўцаў праекту, і ёсьць асьпірант”.

Спадар Лаўрыненка цяпер ізноў знаходзіцца ў Даніі на гадавой стажыроўцы. Так што ў навуковым цэнтры Дацкага тэхнічнага ўнівэрсытэта працуюць зараз тры беларускія фізыкі. Трохгадовая стажыроўка ў Андрэя Сягло заканчваецца, і ён рыхтуецца вяртацца дадому. Зьміцер Шырокі і сам спадар Лаўрыненка прыехалі ў Данію толькі тры месяцы таму.

(Сурмач: ) “Спадар Андрэй, што Вам, як навукоўцу, даюць гэтыя стажыроўкі ў Даніі?”

(Лаўрыненка: )”Званьняў ніякіх гэтая праца не дае. Усе свае навуковыя званьні я атрымаў у Беларусі, я ў гэтым годзе абараніў доктарскую дысэртацыю. Але, дзякуючы стажыроўцы, якая ў мяне была раней, я напрацаваў шмат чаго новага менавіта для дысэртацыі. Так што мне гэта дае магчымасьць быць на адпаведным узроўні.

Тут ідуць экспэрымэнты. Мы – тэарэтыкі, патрэбна праводзіць шмат экспэрымэнтаў, асабліва у той галіне, якою я займаюся. Гэта оптыка, праблемы распаўсюджваньня сьвятла. Вырабляць такія сыстэмы, зь якімі тут працуюць, нашыя тэхналёгіі яшчэ не могуць.

Мы маглі б у Беларусі рабіць для іх тэарэтычныя разьлікі, але для гэтага патрэбныя дамовы аб супрацоўніцтве. Асноўныя фонды, якія датчане атрымліваюць, паступаюць, вядома, у рамках Эўрапейскага зьвязу, і Беларусь ужо сама па сабе выпадае з сыстэмы разьмеркаваньня гэтых грошай”.

(Сурмач: ) “Атрымліваецца, што Вам проста неабходна ехаць на стажыроўку і навуковую працу ў іншыя краіны?”

(Лаўрыненка: ) “Увогуле, я лічу, што кожны навуковец павінен некуды паехаць. Я не хачу нічога дрэннага сказаць пра нашу адукацыю, наша адукацыя вельмі добрая, я па сваіх студэнтах бачу, яны сюды прыяжджаюць як падрыхтаваныя навукоўцы. Мы іх пачынаем падрыхтоўваць яшчэ ў старэйшых клясах школы. Да заканчэньня ўнівэрсытэта яны ўжо становяцца сфармаванымі навукоўцамі. Яны гатовыя рухацца далей. Але як толькі пытаньне выходзіць на экспэрымэнт – вядома, гэта ў нас вельмі слабое месца.

Асьпіранты ў Даніі маюць магчымасьць езьдзіць на стажыроўку. Яны вучацца ў Даніі два з паловаю гады, потым едуць у нейкі навуковы цэнтар на стажыроўку ў іншую краіну. Вось такі абмен асьпірантамі, каб навукоўцу ўдасканальвацца, як мага больш даведацца новага. Для навукоўцаў, я лічу, стажыроўка на Захадзе, хаця б кароткая, ці на Усходзе – у Кітаі зараз магутная навука, у Японіі, нават хаця б у Расеі – гэта было б вельмі добра”.

(Сурмач: ) “У Беларусі на працы Вы мелі праблемы з выездам на стажыроўку?”

(Лаўрыненка: ) “Ведаеце, пакуль няма ніякіх праблемаў, абсалютна свабодна. Пытаньне ў тым, як знайсьці самому, куды паехаць. Тут у Даніі яны самі гатовыя ўзяць каго-небудзь талковага, тут нашая адукацыя паважаецца, яны ўвогуле зацікаўленыя. І Андрэй тут добра працуе, і я за першую стажыроўку зрабіў добрую справаздачу, я думаю, што і Зьміцер тут пасьпяхова будзе працаваць.Такі прыклад для іх вельмі пазытыўны.

Я быў на стажыроўцы таксама і ў Нямеччыне, у Англіі, але, найлепшыя ўражаньні ў мяне ад Даніі. Можа, таму, што яны да нас бліжэй, магчыма, што ў нас нейкія гістарычныя сувязі ёсьць, да нас падобныя, добразычлівыя”.

(Сурмач: ) “Заставацца ня будзеце ў Даніі?”

(Лаўрыненка: ) “Я ня ў тым узросьце, каб заставацца, я ўсё ж сумую па дому. Апошнім часам я ўсё больш станаўлюся такім, у добрым сэнсе, нацыяналістам. Тут яны нас так успрымаюць, калі з былога Савецкага Саюзу, значыць – Расея. Не, не Расея, гэта Беларусь. Вельмі мала ведаюць,часта не выдзяляюць Беларусь як самастойную краіну, успрымаюць як расейцаў. Мы не расейцы, я не расеец. Я ўвогуле расеец па маці, але я сябе адчуваю беларусам, я зь Беларусі прыехаў”.
XS
SM
MD
LG