Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на перадкалядных закупах у Польшчы: “Усё тут таньней”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы ў гэтыя выходныя пачаўся пэрыяд перадсьвяточных закупаў. Уладальнікі гандлёвых цэнтраў запрашаюць да сябе таксама замежнікаў, у тым ліку і беларусаў з памежных рэгіёнаў, якія звычайна едуць у Польшчу па харчы й калядныя падарункі. Пра тое, калі лепш рабіць сьвяточныя закупы, каб пазьбегнуць натоўпу і якія падарункі найбольш папулярныя ў Польшчы сёлета, расказвае наш карэспандэнт.

11 сьнежня ў гандлёвых цэнтрах Варшавы людна ўжо ад самага ранку. Да каталіцкіх Калядаў засталося ўсяго два тыдні, і дзесяткі тысячаў жыхароў польскай сталіцы накіраваліся на пошукі сьвяточных падарункаў.

Супэрмаркеты й гандлёвыя цэнтры робяць усё магчымае, каб прыцягнуць кліентаў – у гэтыя дні зарабляецца больш, чым, скажам, цягам некалькіх месяцаў улетку. Гаворыць прадстаўніца гандлёвага цэнтру “Аркадзія”, што ў цэнтры сталіцы:

(Прадстаўніца гандлёвага цэнтру: ) “У выходныя мы разьлічваем на 100 тысячаў кліентаў штодня. У будзённыя дні пакупнікоў будзе прыкладна на палову менш. Так што я б параіла нашым гасьцям з-за мяжы прыяжджаць у будзённыя дні ў першай палове дня – тады людзей меней”.

Перадкалядны пэрыяд у гандлі – гэта пэрыяд значных зьніжак, але тым беларусам, якія сьвяткуюць праваслаўныя Каляды ці Новы год, варта пачакаць, бо шмат тавараў, якія не прадаліся, пасьля каталіцкіх Калядаў будуць яшчэ таньнейшыя.

Паводле адмыслоўцаў, усё больш модным калядным падарункам у Польшчы становіцца добрая кніга. Вось што сказаў нашаму радыё кліент гандлёвага цэнтрцу “Варшава-Віленьска”, што недалёка ад усходняга чыгуначнага вакзалу польскай сталіцы:

(Пакупнік: ) “Я, хіба як кожны мужчына, не люблю хадзіць па крамах. Але вось купіў унуку найноўшага “Гары Потэра” – думаю, яму спадабаецца. Карацей, сьвята – таму вымушаны быў ісьці ў краму”.

У тым самым гандлёвым цэнтры мне ўдалося сустрэць і трох жанчынаў зь Беларусі, якія зь вялікімі торбамі на колах ужо накіроўваліся на вакзал.

(Беларускі: ) “Ды ўсё тут купляем – прадукты ды іншае, і вязем у Беларусь. Усё таньней тут – зь Менску прыяжджаюць машынамі нават, з Барысава. У Беларусі вельмі дарагія прадукты, як і ў Расеі. У Баранавічах вунь як дорага!”

Цяпер, паводле маіх суразмоўцаў, галоўнае – правезьці ўсё гэта праз мяжу, бо беларускія мытнікі дазваляюць увозіць у краіну ня больш за 5 кіляграмаў харчоў.
XS
SM
MD
LG