Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваполацку асьвяцілі новы касьцёл


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак 11 сьнежня ў “горадзе вялікай хіміі” Наваполацку адбылося асьвячэньне наноўзбудаванага касьцёлу. Ва ўрачыстасьцях бралі ўдзел шматлікія замежныя госьці.

Наваполацкі касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса яшчэ дарэшты не збудаваны, там яшчэ стаяць рыштаваньні. Тым ня менш, вернікі прагнуць лучыцца з Богам у новым Доме Пана, і сёньня адбылося яго ўрачыстае асьвячэньне.

Непасрэдна асьвячаў бажніцу Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусэвіч, які адмыслова прыехаў з Масквы, дзе вядзе душпастырскую дзейнасьць.

Мусім заўважыць, што наваполацкія каталікі зьвяртаюцца да Бога выключна на роднай беларускай мове. Адпаведна, і ўрачыстасьці ладзілася па-беларуску.

Зьвяртаючыся да вернікаў, арцыбіскуп Кандрусэвіч, у прыватнасьці, сказаў:

(Кандрусэвіч: ) “Уваходзячы да гэтага касьцёлу, адчыняючы яго дзьверы, я сказаў словы. Словы са Сьвятога Пісаньня: “З радасьцю войдзем да Дому Пана!” У гэтых словах выказваюцца тыя пачуцьці, зь якімі вы прыйшлі сюды, у гэтыя сьцены, бо тут асьвячаецца першы ў Наваполацку касьцёл”.

На сьвяце адкрыцьця новага касьцёлу прысутнічалі каталіцкія дастойнікі з усяе Беларусі, а таксама амбасадары Францыі і Польшчы, першы сакратар украінскай амбасады, дэлегацыі зь Нямеччыны, Польшчы, Летувы, прадстаўнікі міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Renovabis” – арганізацыя гэтая шмат зрабіла для таго, каб на Полацкай зямлі паўстала новая бажніца.

Калі арцыбіскупу Кандрусэвічу ўручылі сымбалічны ключ, ён прамовіў ня менш сымбалічныя словы пра тое, што ключом можна як адчыняць, так і зачыняць. “Дык хай жа ніколі больш ня знойдзецца рука, якая зможа зачыніць касьцёл. Хай яны заўсёды адчыняюцца для вернікаў”, сказаў арцыбіскуп.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG