Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Намесьнік старшыні Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч наведаў Менск


Альгерд Невяроўскі, Менск Неўзабаве Эўрапарлямэнт будзе абмяркоўваць дакумэнт, які будзе рэгуляваць адносіны Эўрапейскага зьвязу з новымі краінамі-суседзямі, у тым ліку і зь Беларусьсю. Дзеля таго, каб сабраць неабходны матэрыял для падрыхтоўкі беларускай часткі гэтага дакумэнту, намесьнік старшыні Эўрапарлямэнту й былы міністар абароны Польшчы Януш Анышкевіч наведаў Менск, дзе правёў шэраг сустрэчаў зь лідэрамі апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, праваабаронцамі, сацыёлягамі, а таксама з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Аляксандрам Міхневічам.

Распавядаць пра тое, які характар будзе мець ягоная справаздача Эўрапарлямэнту, спадар Анышкевіч пакуль адмовіўся, сказаўшы, што найперш ён мусіць яе напісаць і прадставіць эўрапарлямэнтарам. Але пры гэтым намесьнік старшыні Эўрапейскага парлямэнту зазначыў, што “правы чалавека ў Беларусі паўсюдна парушаюцца, і сытуацыя толькі пагоршылася”. Паводле спадара Анышкевіча, “тое, што адбываецца ў Беларусі пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму не настройвае яго на аптымізм”.

13 сьнежня Эўразьвяз зьбіраецца пашырыць сьпіс неўяздных беларускіх чыноўнікаў. Магчыма, у гэты сьпіс трапяць старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына й камандзір менскага АМОНу Юры Падабед. Вось што сказаў з гэтай нагоды Януш Анышкевіч:

(Анышкевіч: ) “ Ёсьць шэраг задумак. Вядзецца гаворка пра тое, каб пашырыць тую блякаду прыездаў у краіны Эўразьвязу зь вельмі невялікага сьпісу на большую групу асобаў. Ня ведаю, якім будзе канчатковае рашэньне парлямэнту, але дакладна мы б хацелі ўключыць у гэты сьпіс тых людзей, якія адказныя за фальсыфікацыю выбараў у Беларусі. Бо менавіта такую ацэнку даў гэтаму Эўрапейскі парлямэнт. Не хачу будаваць здагадкі, як будзе выглядаць гэты сьпіс. Але можа быць, гэты сьпіс будзе шырэйшым. У яго могуць трапіць іншыя прадстаўнікі выбарчай камісіі, зьвязаныя з фальшаваньнем выбараў”.

Што яшчэ можа зрабіць Эўрапарлямэнт ў справе падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі? Януш Анышкевіч працягвае:

(Анышкевіч: ) “Парлямэнт можа займаць такую, я б сказаў, больш маральную пазыцыю. Але што парлямэнт можа зрабіць, ці дакладней, да чаго можа спрычыніцца, гэта да таго, каб Эўразьвяз выдзеліў адпаведную колькасьць сродкаў на падтрымку пабудовы ў Беларусі грамадзянскай супольнасьці. Бо без грамадзянскай супольнасьці няма дэмакратыі. Я думаю, у Эўрапарлямэнце вельмі добрая атмасфэра для таго, каб гэтыя захады зрабіць”.

Сваю справаздачу па выніках паездкі ў Менск Януш Анышкевіч ў бліжэйшыя дні прадставіць сябрам двухбаковай групы Эўразьвяз – Беларусь.
XS
SM
MD
LG