Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі выявілі сьпіртавод зь Беларусі рэкорднай даўжыні – эўрапейская прэса адзначае арыгінальнасьць кантрабандыстаў


Тацяна Поклад, Вільня Труба для пампаваньня нелегальнай беларускай гарэлкі знойдзеная ў Літве ў Салечніцкім раёне, які мяжуе зь Лідзкім раёнам Гарадзенскай вобласьці, – яна была працягнутая пад вадой і зямлёй і мела агульную даўжыню 3 кілямэтры.

Апэрацыя літоўскіх памежнікаў каля мястэчку Эйшышкі ў Салечніцкім раёне, што пры самай беларуска-літоўскай мяжы, названая адной з найбольш пасьпяховых за бягучы год. Выяўленая падземная плястыкавая труба нябачнай дасюль даўжыні для пампаваньня нелегальна вырабленай гарэлкі зь Беларусі ў Літву.

Варэнскія памежнікі дзяржаўнай службы аховы мяжы пасьля папярэдняга расьсьледаваньня ўчора асабліва пільна спраўдзілі памежную тэрыторыю ў Салечніцім раёне, што мяжуе зь Лідзкім раёнам Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Каля самай лініі беларуска-літоўскай мяжы, на дне рэчкі Наркунка, глыбіня якой каля 1 мэтру, была знойдзеная плястыкавая труба, прымацаваная да дна жалезнымі 40-сантымэтровымі скобамі. Пачаўшы выцягваць сьпіртавод на бераг, памежнікі не маглі ўявіць, якой ён даўжыні. Праз 1,5 км труба прывяла да прадмесьця мястэчка Эйшышкі, дзе труба паварочвала ў поле. На цалкам адкрытай мясцовасьці сьпіртавод быў пакладзены пад зямлёй на глыбіні каля 10 см, ён праходзіў пад некалькімі мясцовымі дарогамі.

Памежнікаў зьдзівіла тое, ўсё гэта – пры самым мястэчку Эйшышкі, немагчыма было не заўважыць тых, хто закопвалі трубу нават і ўначы. Падземны сьпіртавод заканчваўся на тэрыторыі каля аднога са шматкватэрных дамоў. Меў ён нябачную дасюль даўжыню – 3 км, складаўся са злучаных кавалкаў па 50 м.

Паводле памежнікаў, сьпіртавод быў пакладзены нядаўна, пра гэта сьведчыць нават дата вырабу на плястыкавай трубцы, зробленай у Літве, – канец кастрычніка гэтага году. Пакарыстацца сьпіртаводам кантрабандысты ня пасьпелі – магчыма, чакалі, калі сьпіртавод схавае сьнег.

Распачатае дасудовае расьсьледаваньне, пакуль ніхто не затрыманы.

Кантрабандная самаробная беларуская гарэлка ў Літве прадаецца ў два – тры разы таньней крамнай, і каштуе да 1 даляру за паўлітра.

Гэта ўжо чацьверты сьпіртавод на беларуска-літоўскім памежжы, выяўлены цягам апошніх гадоў. У лістападзе радыё “Свабода” паведамляла пра знойдзены сьпіртавод у Варэнскім раёне, ён быў працягнуты пад зямлёй на 50 мэтраў. А на літоўска-латыскай мяжы такія трубы кантрабандысты выкарыстоўвалі для пампаваньня скрадзенага бэнзіну.

“Самым арыгінальным кантрабандысцкім вынаходніцтвам” называе нямецкі друк гэты патаемны сьпіртаправод, які злучаў Беларусь і Літву. Як пішуць такія выданьні як “Шпігель” і “Экспрэс”, брыгада махляроў – аўтараў гэтага вынаходніцтва – прадэманстравала надзвычайную крэатыўнасьць і кемлівасьць.
XS
SM
MD
LG