Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Конкурс "Мой Герой": “Дзякуючы гэтаму чалавеку я зразумеў, што маю сваю краіну. Цэлую краіну”


Уладзімер Арлоў, Менск (эфір 9 сьнежня). Конкурс “Мой герой”.

Існуе безьліч азначэньняў гераізму і мноства поглядаў на тое, якімі якасьцямі павінен валодаць герой. Джардана Бруна, да прыкладу, лічыў вызначальнай рысаю героя нястрымнае імкненьне да ісьціны. Выдатны пісьменьнік XX стагодзьдзя нобэлеўскі ляўрэат Герман Гэсэ быў перакананы, што герой — кожны, хто ідзе ў жыцьці ўласным шляхам і зьдзяйсьняе сваё наканаваньне. Ёсьць меркаваньне, што герой — гэта той, хто ў вырашальны момант робіць менавіта тое, што трэба зрабіць дзеля свайго народу. А Ёган Вольфганг Гётэ пісаў, што немагчыма заўсёды быць героем, але заўсёды можна заставацца чалавекам.

Абвяшчаючы конкурс эсэ на тэму “Мой герой”, Беларуская служба Радыё Свабода найперш мела на мэце атрымаць ад слухачоў аповеды пра нашых сучасьнікаў, людзей, якія сталі героямі менавіта ў вашым жыцьці. Пра тых, хто зьмяніў вас сваім учынкам, словам, пазыцыяй. Пра тых, хто абудзіў у зьнявераным сэрцы веру, хто паказаў шлях.

Ужо атрыманыя творы сьведчаць, што такіх людзей сярод нас шмат. Часам іхныя імёны вядомыя ўсёй краіне, часам — вашаму гораду, вашай вёсцы, або толькі школе, дзе вы вучыцеся. Часам чалавек, пра якога вы напісалі, пакуль што стаўся героем выключна для вас, але гэта таксама вельмі важна, бо вы набылі надзею, адчулі, што не самотныя.

Пра аднаго з такіх людзей расказаў Генадзь Агафонаў зь Віцебску. “І адкуль гэткія бяруцца? — запыталася аднойчы ў Генадзя знаёмая, маючы на ўвазе ягоную беларускую мову і яго погляды на сёньняшні дзень і будучыню Беларусі. Адказваючы на пытаньне, наш слухач і зразумеў, што героем ягонага жыцьця стаў выкладчык беларускай мовы і літаратуры віцебскай СШ №40 Мікалай Яраш.

“Зьнешне Мікалай Канстанцінавіч мала чым адрозьніваўся ад настаўніцкага калектыву. Аднак ён кагосьці ўражваў, а кагосьці насьцярожваў сваімі поглядамі, якія не хаваў на занятках. Тады я ўпершыню пачуў пра нацыянальную ідэю, гістарычных герояў, наогул — пра сваю краіну. Напачатку ўсё падавалася мне крыху дзіўным і незразумелым, успрымалася як вечаровая казка на фоне дзяжурнай радыё- і тэлеінфармацыі пра посьпехі працоўных”.

Як шчасьлівыя моманты свайго жыцьця прыгадвае наш слухач візыты ў пяціпавярховую хрушчоўку, дзе ў кватэры на другім паверсе яго сустракаў настаўнік і радасны “беспародны сабачка Рыжык”. Генадзь Агафонаў прызнаецца, што падчас тых сустрэчаў, пад час вандровак па творах Янкі Купалы, М.Багдановіча, В.Быкава яму адкрываліся ня толькі таямніцы нацыянальнай літаратуры, але цэлы вялікі сьвет. “Я зразумеў, што ў мяне ёсьць свая краіна. Цэлая краіна… Паняцьці мова, Бацькаўшчына набылі сьвежы сэнс… Сумленьне прымусіла вымавіць першыя словы па-беларуску. Спачатку я гаварыў з памылкамі, няправільнымі націскамі, але паступова мая мова набывала ўсё больш упэўненае і нязмушанае гучаньне”.

Герой нашага слухача пакінуў гэты сьвет зусім маладым, не дажыўшы да 35 гадоў, але душа ягоная працягвае жыць у вучнях.

“На мой погляд, — піша Генадзь Агафонаў у сваім эсэ, — мэтамарфоза абуджэньня ўласьцівая кожнаму беларусу. Варта толькі, каб Бог паспрыяў той адзінай сустрэчы, якая расплюшчыць вочы на саміх сябе і навакольны сьвет, расфарбаваны ня толькі ў чырвоны ці зялёны, усходні ці заходні колеры, але і ў свой, тутэйшы, беларускі. У ім будуць жыць не прыблуды ды вырачэнцы, а дбайныя гаспадары нашае прасторы, будзем жыць мы — беларусы!”

Удзельнік конкурсу Робэрт Багарадаў з Наваполацку пачынае аповед пра свайго героя зь вершаў:

“Гаварыў Язэп Барэйка… Па “Свабодзе” беларускай Аб імпэрыі расейскай Гаварыў Язэп Барэйка.

Гаварыў Язэп Барэйка… Пра гісторыю народа І аб пакце Рыбэнтропа Гаварыў Язэп Барэйка.

Гаварыў Язэп Барэйка… Як грымела страляніна У гарах Монтэ-Касына Гаварыў Язэп Барэйка…”

“Язэп Барэйка ўдзельнічаў у баях з гітлераўцамі пад Монтэ-Касына, — піша наш слухач. — Сапраўднае імя гэтага чалавека — Віктар Сянкевіч. Лёсам яму было наканавана застацца жывым і стаць супрацоўнікам Беларускай службы Радыё Свабода. Ягоныя перадачы на гістарычныя тэмы былі вельмі папулярныя. Я, просты савецкі рабочы, сьлесар-аўтарамонтнік, слухаў яго з захапленьнем… Спадар Барэйка казаў пра пакт Молатава-Рыбэнтропа, пра нашую старажытную сталіцу Вільню, пра фальсыфікатарскую кнігу афіцыёзнага савецкага гісторыка Лаўрэна Абэцэдарскага “Ў сьвятле неабвержаных фактаў…” Язэп Барэйка даўно ўжо не працуе на Свабодзе, але мне і цяпер часта ўспамінаецца ягоны адметны хрыплаваты голас…”

Па-юначаму натхнёна напісаў пра сваіх герояў 15-гадовы Валянцін Цішко з Маладэчна. Ён лічыць, што ягоны лёс зьмянілі два чалавекі — Васіль Быкаў і кіраўнік маладэчанскага літаратурна-краязнаўчага аб’яднаньня “Агмень” Ларыса Іванаўна Сысун. Цяжка без хваляваньня чытаць пра тое, як наш слухач цяпер у думках часта размаўляе з Быкавым, пытаецца ў яго парадаў на парозе дарослага жыцьця. Імя Васіля Быкава вельмі часта сустракаецца ў творах канкурсантаў.

Аўтар цікавага эсэ Сяргей Патаранскі зь Менску называе сваім героем усю Беларускую Нацыю, у якой “Дух Божы увасабляе Зянон Пазьняк, а Душу — Васіль Быкаў”.

Абвяшчэньне конкурсу “Мой герой” натхніла ўзяцца за пяро вядомага скульптара Алеся Шатэрніка. Ён згадвае людзей, якія ў розны час бывалі ў ягонай старой майстэрні на вуліцы Дзімітрава, у гістарычным будынку, які потым быў злачынна зруйнаваны. А тыя сьцены памяталі Ул.Караткевіча, В.Быкава, З.Пазьняка…

Дзясяткі вядомых усёй Беларусі імёнаў называе мянчанка Ліна Масалкова, знаходзячы для кожнага некалькі ўдзячных прачулых словаў. У сувязі з гэтым хочацца нагадаць удзельнікам конкурсу пра тое, што вы павінны абраць для свайго эсэ аднаго героя, няхай сабе яго і ведаеце толькі вы і вашыя блізкія.

Некаторыя канкурсанты назвалі сваім героем Ісуса Хрыста, а адзін слухач спыніў выбар на прашчуры Адаме, які пакінуўшы рай, акрэсьліў гэтым учынкам шлях усяго чалавецтва.

На жаль, творы згаданых аўтараў не вызначаюцца сьвежасьцю думкі й стылю. Відаць, гэта непазьбежна. Сапраўднае адкрыцьцё і посьпех могуць чакаць тады, калі вы знойдзеце менавіта свайго, добра вам знаёмага героя.

Праўда, у гэтых пошуках некаторыя ўдзельнікі конкурсу вызначаюцца вялікай вынаходлівасьцю. Хтосьці ў якасьці героя прапануе самога сябе. А хтосьці нават “славутых беларускіх русалак”, якія “нараджаюць сваімі паводзінамі глыбокі роздум і спачуваньне”. Можна толькі пазайздросьціць чалавеку, гэтак добра знаёмаму з русалкамі. У мяне нават разыгралася фантазія, і я паспрабаваў уявіць, як вы ў выпадку перамогі ў конкурсе будзеце слухаць разам са сваёй русалкаю прызавы кароткахвалёвы радыёпрыймач або як зьдзейсьніце зь ёю падарожжа ў Прагу.

Некалькі ўдзельнікаў конкурсу напісалі пра антыгерояў. Сярод гэтых тэкстаў вылучаецца літаратурным узроўнем эсэ Ганны Зайчук. Ейны антыгерой лёгка пазнаецца, бо ён штодня зьяўляецца ў вечаровых выпусках навінаў, на першых старонках дзяржаўных газэт.

“Шчыра кажучы, мне ўжо даўно надакучыў мой герой, надакучыла адгукацца на кожную ягоную заяву, абмяркоўваць ягоныя капрызы, аналізаваць выбрыкі. Хацелася б прыбраць яго з майго жыцьця, забыцца на гэты твар, ня чуць пазнавальнага тэмбру голасу. Але каб яго ня стала, патрэбна, каб у маёй краіне зьявіліся сапраўдныя героі… — піша Ганна Зайчук і завяршае эсэ наступнымі словамі: — Калі паважанае журы прызнае мой твор вартым паездкі ў Прагу, то я не паеду туды са сваім героем. Па-першае, яго туды ня пусьцяць, а па-другое, я не хачу зь ім ехаць…”

І ўсё ж мне хочацца спадзявацца, што слухачы Свабоды знойдуць у нашым жыцьці не “анты”, а сапраўдных герояў. Такіх, зь якімі хочацца жыць побач, а ў выпадку перамогі ў конкурсе разам паехаць у адзін з найпрыгажэйшых гарадоў сьвету — Прагу.
XS
SM
MD
LG