Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ў Менску – будынак беларускага КГБ быў заклеены партрэтамі зьніклых апазыцыйных палітыкаў і журналіста


Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі беларускай апазыцыі правялі 10 сьнежня ў цэнтры Менску вулічную акцыю прысьвечаную дню прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. У ёй брала ўдзел каля 400 чалавек. Напрыканцы акцыі актывісты руху “Зубр” арганізавалі шэсьце да будынку КГБ і заклеілі цэнтральны ўваход гэтай установы партрэтамі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

На заклік Аб’яднанай грамадзянскай партыі й руху “Зубр” 10 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу Менску прыйшло каля 400 чалавек.

Расьцягнуўшыся ланцугом ўздоўж усёй плошчы, яны цягам 40 хвілінаў сталі й трымалі ў руках партрэты вядомых зьніклым апазыцыйных палітыкаў і журналіста. А таксама трымалі транспаранты, па-беларуску, па-ангельску й па-расейску з надпісамі: “Свабоду палітычным зьняволеным!”, “Лукашэнка! Дзе Ганчар, Красоўскі, Завадзкі?”, “Сёньня – Украіна! Заўтра – Беларусь!” і “Свабоду Марынічу!”

На знак салідарнасьці з украінскай апазыцыяй многія ўдзельнікі акцыі мелі на вопратцы аранжавыя стужкі.

Вось, што сказаў адзін з арганізатараў гэтай акцыі, лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Сёньня дэманстрацыя нашай салідарнасьці з нашымі сябрамі й калегамі з Украіны. І ў той жа час акцэнтацыя на праблемах правоў чалавека ў Беларусі. І, я думаю, тое, што мы стаім з партрэтамі – гэта балючая рана для беларусаў. І мы яшчэ раз нагадваем, што гэтая праблема ёсьць, існуе, і што яна ня будзе закрытая”.

Прыкладна такія ж думкі выказвалі Вінцук Вячорка, Андрэй Саньнікаў ды іншыя апазыцыйныя палітыкі. А вось, што сказала жонка зьніклага апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага Сьвятлана:

(Завадзкая: ) “Надзея ў нас заўсёды ёсьць і яна павінна быць. І ў беларускага народу на сёньня ёсьць вялікая надзея ў зьвязку з падзеямі ва Ўкраіне. Надзея на тое, што Беларусь раней ці пазьней будзе свабоднай”.

На Кастрычніцкую плошчу таксама прыйшоў намесьнік старшыні Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч, які прыехаў у Беларусь каб падрыхтаваць справаздачу для Эўрапарлямэнту ў справе адносінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю.

(Анышкевіч: ) “Я даведаўся, што будзе тут дэманстрацыя і таму прыйшоў яе ўбачыць. І я ўражаны мужнасьцю людзей, якія тут стаяць ды нагадваюць пра тое, што ім мусіць належыць. А чаго, на жаль, трэба гэта прызнаць, ім у Беларусі адмаўляюць”.

Сказаў намесьнік старшыні Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч.

Пасьля каля 200 актывістаў руху “Зубр” прайшлі да будынку КГБ Беларусі й заклеілі ўвесь цэнтральны ўваход гэтай ўстановы партрэтамі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG