Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нобэлеўскую прэмію міру ўпершыню атрымала жанчына з Афрыкі


Сьвятлана Курс, Прага На адмысловай цырымоніі ў Осла Нобэлеўскую прэмію міру 2004 г. атрымала намесьніца міністра па абароне навакольнага асяродку Кеніі 64-гадовая Вангары Маатаі, заснавальніца руху “Зялёны пас”, актывісты якога пасадзілі каля 30 мільёнаў дрэваў для аднаўленьня зялёнага покрыва Афрыкі.

Вангары Маатаі – першая афрыканская жанчына, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію міру памерам у паўтара мільёны даляраў. Старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Ўле Данболт М’ёс уручыў залатую мэдаль нобэлеўскай ляўрэатцы ва ўрачыстай абстаноўцы.

(М’ёс: ) “Я прашу выйсьці ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру 2004 г. Вангары Маатай для атрыманьня залатога мэдаля й дыплёма”.

Вангары Маатаі заявіла:

(Маатаі: ) “Мае дарагія афрыканцы, давайце выкарыстаем гэтае прызнаньне, каб падтрымаць нашых людзей, зьменшыць канфлікты й беднасьць, палепшыць якасьць жыцьця нашых людзей. Давайце прыцягнем усе дэмакратычныя ўрады да абароны правоў чалавека і да абароны навакольнага асяродку. Я перакананая, што мы акажамся на вышыні. Я заўсёды думала, што вырашэньне бальшыні нашых праблемаў – у нас саміх.

Як першая афрыканская жанчына, якая атрымала гэты прыз, я прымаю яго ад імя людзей Кеніі, Афрыкі і ўсяго сьвету. Асабліва ад імя жанчын і дзяўчынак. Спадзяюся, што гэта заахвоціць іх мець уласны голас і імкнуцца да лідэрства”.

У сваёй Нобэлеўскай прамове Вангары заклікала сусьветную супольнасьць змагацца з такімі выклікамі, як глябальнае пацяпленьне й СНІД. Маатаі адпрэчыла думку, якую ёй прыпісваюць, што СНІД ёсьць вынікам няўдалага навуковага экспэрымэнту альбо вынаходкаю заходняй цывілізацыі, закліканай зьнішчыць афрыканскія народы.

Напрыканцы прамовы Нобэлеўская ляўрэатка адзначыла.

(Маатаі: ) “Разуменьне таго, што пастаянны прагрэс, дэмакратыя і мір – непадзельныя – гэта ідэя, час якой нарэшце настаў”.
XS
SM
MD
LG