Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сайту беларускай Свабоды – шэсьць гадоў


Уладзімер Каткоўскі, Прага 10 сьнежня 1998, у дзень 50-годзьдзя прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, пачаў працу вэбсайт беларускай службы Радыё Свабода. Сёньня сайт svaboda.org сьвяткуе шосты дзень народзінаў.

За шэсьць гадоў колькасьць наведнікаў вырасла практычна з нуля да больш, чым тысячы ўнікальных наведваньняў штодня.

За шэсьць гадоў зьмест сайту значна пашырыўся. Калі ў першыя гады выстаўлялася толькі малая частка таго, што гучала ў эфіры, то цяпер выстаўляецца амаль 100% усіх тэкстаў, а часам матэрыялы, зробленыя эксклюзіўна для інтэрнэту.

За шэсьць гадоў сайт меў больш як 1 мільён унікальных наведваньняў, што таксама зафіксавана лічыльнікам Akavita.by.

Да шостай гадавіны сайту было прымеркаванае і адкрыцьцё даччынага праекту "Мартыралёг Беларусі" – martyraloh.org.

Вось тэкст першага артыкулу, які зьявіўся на svaboda.org 10 сьнежня 1998 году:

***

Сёньня -- 50 гадоў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Беларуская служба Радыё Свабода пачынае публікаваць выбраныя матэрыялы радыёэфіру на ўласнай старонцы ў Інтэрнэце.

Напачатку было слова, цэнзура зьявілася потым. Магчыма, аднак, што насамрэч усе было наадварот – напачатку была цэнзура, якая ёсьць яшчэ адным імeм небыцьця, нематы й бязладу. Слова стала пачаткам сьвету – і з таго пераможнага моманту йдзе ягонае змаганьне супраць цэнзуры. Беларуская служба Радыё Свабода ўдзельнічае ў гэтай барацьбе ад 20 травеня 1954 году. Тады ўпершыню ў Беларусі маглі пачуць пазыўныя Pадыё Вызваленьне на кароткіх хвалях. Дэвіз нашага радыё – "шукаць, атрымліваць і пашыраць інфармацыю і ідэі праз любыя сродкі незважаючы на межы" быў сфармуляваны 50 гадоў таму ў Дэклярацыі правоў чалавека.

Сёньня, на 50-я ўгодкі гэтага маніфэсту, у сусьветнай інфармацыйнай прасторы зьявілася новая плошча беларускай свабоды – вы зможаце чытаць асноўныя матэрыялы нашага штодзённага эфіру ў Інтэрнэце. Беларуская служба вызнае клясычны правапіс -- Тарашкевіцу.

На экране вашага кампутара вы бачыце зьмест старонкі: у разьдзеле "Праграмы" прадстаўленыя асноўныя тэматычныя рубрыкі нашых перадачаў.

Кожны раз пад тытулам "Сёньня" будзе зьмяшчацца апэратыўная інфармацыя бягучага дня – навіны, рэпартажы, аналітычныя матэрыялы, інтэрвію зь Беларусі. Эфір Беларускай службы Радыё Свабода не вычэрпваецца перадачамі, пералічанымі пад рубрыкай "Праграмы". Пакуль на нашай старонцы будуць выстаўляцца штодня толькі выбраныя матэрыялы; цалкам са зьместам праграмы можна пазнаёміцца па-ранейшаму толькі з дапамогай вашых радыёпрыймачоў. Дарэчы, у разьдзеле "Час і хвалі", дзе зьмешчаны расклад нашага эфіру, вы знойдзеце парады, на якіх частотах нашая праграма чуецца лепей.

На нашай старонцы вы можаце прачытаць і тое, што ў эфіры не гучыць – у "English Corner" падаецца кароткі зьмест асноўных перадачаў дня па-ангельску; таксама зьмешчаны беларускі фрагмэнт штодзённага аналітычнага агляду важнейшых падзеяў посткамуністычных краінаў Newsline, які рыхтуе аналітычны аддзел Радыё Свабода.

Хоць прэм''ера Беларускай службы Радыё Свабода адбываецца сёньня, 10 сьнежня, на старонцы ўжо ёсьць раздзел "Архіў" -- вы зможаце пазнаёміцца зь некаторымі выбранымі перадачамі, што гучалі на нашых хвалях сёлета.

У разьдзеле "Супрацоўнікі" прадстаўленыя журналісты, якія сёньня працуюць у штаце радыёстанцыі.

Пішыце нам -- E-Mail -- па-беларуску лацінкай, а таксама па-ангельску, па-француску, па-польску, па-літоўску, па-чэску, па-нямецку, па-ірляндзку, па-альбанску, па-рэтараманску, па-галісійску і на іншых мовах свабоды.

Мы не падзяляем думку, быццам інфармацыя на радыё жыве толькі гэтулькі часу, колькі яна гучыць – свабоднае слова жыве да таго часу, пакуль ёсьць зацікаўленьне ў свабодзе. Мы спадзяемся, "Свабода" ў Інтэрнэце дапаможа павялічыць працягласьць жыцьця свабоднага слова, яго здольнасьць супрацьстаяць цэнзуры, немаце й несвабодзе. Беларуская служба Радыё Свабода 10 сьнежня 1998 году Прага

Арыгінал: http://archive.svaboda.org/prahram/internet/opening.html

***

З таго часу ў нас два разы зьмяніўся дызайн. Апошні раз зьмена дызайну адбылася сёлета. У новым дызайне ёсьць цэлы шэраг новых магчымасьцяў:

• Новае падзяленьне па катэгорыях для зручнага чытаньня;

• Магчымасьць праглядаць навіны ў фармаце навіновай стужкі (для гэтага на першай старонцы трэба націснуць на кнопку "Стужка навінаў Свабоды");

• Архіў усіх матэрыялаў, міжнародных навінаў і перадачаў (У дадатак да старога архіву 1998-2004);

• Поўны Аўдыё-архіў;

• Магчымасьць праглядаць апошнія навіны паводле месца падзеі: - Берасьцейская вобласьць - Віцебская вобласьць - Гарадзенская вобласьць - Гомельская вобласьць - Магілёўская вобласьць - Менская вобласьць - Горад Менск (або агульнабеларускія падзеі) - Літва - Польшча - Расея - Украіна - Эўропа / Эўрапейскі Зьвяз - Сьвет

• Магчымасьць праглядаць апошнія навіны паводле тэмы: - Адукацыя - Акцыі пратэсту, дэманстрацыі - Апытаньні Vox Populi - Беларусь – ЗША - Беларусь – Расея - Беларусь – Эўропа - Бізнэс, прадпрымальніцтва - Вайна з тэрарызмам - Выбары - Газ, паліва, энэргетыка - Грамадзтва - Здароўе, фітнэс - Кампутары і тэхналёгіі - Крымінал і здарэньні - Курапаты - Літаратура - Лукашэнка - Мастацтва і культура - Міжнародная прэса (агляды) - Мова - Музыка - Мэдыі - Палітыка - Правы чалавека - Прафсаюзы - Рэлігія - Спорт - Чарнобыль - Эканоміка

• Штодзённая рассылка навінаў праз электронную пошту;

• RSS-стужка для навінаў зь Беларусі і міжнародных навінаў;

• Рэгулярныя форумы зь вядомымі ў Беларусі асобамі;

І шмат іншага.
XS
SM
MD
LG