Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піскун, якога ў 2003 годзе звольнілі з працы, аднавіўся на пасадзе генэральнага пракурора Ўкраіны праз суд


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня Леанід Кучма аднавіў на працы былога генэральнага пракурора Ўкраіны Сьвятаслава Піскуна, які быў звольнены восеньню 2003 году.

Падставай сталася рашэньне Пячэрскага раённага суду Кіева аб незаконным звальненьні Піскуна. На аднаўленьні Піскуна настойваў і апазыцыйны блёк “Наша Ўкраіна”.

Вось як пракамэнтавала нашаму радыё сёньняшняе прызначэньне Сьвятаслава Піскуна аглядальніца кіеўскага тыднёвіка “Дзеркало тыжня” Тацяна Сіліна:

(Сіліна: ) “У нас не было добрых пракурораў. Але Піскун бліжэй за ўсіх падышоў да расьсьледаваньня справы Гангадзэ, за што і быў звольнены, хаця фармулёўка была супрацьлеглая: за тое, што ён нібыта нічога не рабіў у расьсьледаваньні гучных злачынстваў”.

У арганізацыі забойства апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ быў падазраваны і дзейны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

Апазыцыя спадзяецца, што новы генэральны пракурор Украіны зоймецца дасьледаваньнем фактаў масавых парушэньняў і фальсыфікацыяў падчас выбараў 21 лістапада, а таксама заклікамі да сэпаратызму кіраўнікоў шэрагу ўсходніх абласьцей Украіны.

Учора пад ціскам апазыцыі Леанід Кучма звольніў гепракурора Генадзя Васільева. Сёньня з уласнай ініцыятывы звольніўся намесьнік генэральнага пракурора Віктар Пшонка, які раней пяць гадоў працаваў пракурорам Данецкай вобласьці й быў зьвязаны зь Віктарам Януковічам.
XS
SM
MD
LG