Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асамблея няўрадавых арганізацыяў Беларусі распачынае акцыю за зьмену заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях


Галіна Абакунчык, Менск У рамках кампаніі “Наша салідарнасьць” Асамблея няўрадавых арганізацыяў распачынае акцыю, скіраваную на зьмену заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Пачатак акцыі прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны правоў чалавека, а доўжыцца яна будзе да 10 лютага 2005 году.

Ідэя шырокага абмеркаваньня праблемаў грамадзкіх аб’яднаньняў зьявілася ў зьвязку з наступам уладаў на гэтыя структуры: толькі за мінулы год у Беларусі былі забароненыя 52 грамадзкія арганізацыі, — паведаміла Свабодзе сябра асамблеі Алена Танкачова:

(Танкачова: ) “Сёньня ў Беларусі вядомыя шматлікія факты парушэньня права на свабоду асацыяцыяў. Гэта парушэньні, якія зыходзяць ад заканадаўцаў, у той час як яны закліканыя гэтае права гарантаваць. А таксама парушэньні ад асобаў, якія займаюць высокія дзяржаўныя пасады”.

Паводле спадарыні Танкачовай, сябры асамблеі прапануюць скасаваць рэспубліканскую камісію па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, адмяніць абавязковасьць рэгістрацыі паводле юрыдычных адрасоў у адміністрацыйных памяшканьнях, зьменшыць неабходную колькасьць сяброў для рэгістрацыі першасных суполак да дзесяці чалавек. Пра мэту акцыі гаворыць каардынатар асамблеі Юры Чавусаў:

(Чавусаў: ) “Распачынаем гэтую кампанію, каб гэта не было ініцыятывай нейкіх асобных юрыстаў, а ініцыятывай шырокага кола грамадзкіх аб’яднаньняў. А тое, што да нас не прыслухаюцца, дык спадзяемся, што нашыя высілкі будуць заўважаныя, калі складуцца адпаведныя палітычныя ўмовы”.

Як паведаміў спадар Чавусаў, пасьля шырокага грамадзкага абмеркаваньня прапановы будуць перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў, дзе цяпер рыхтуецца новая рэдакцыя закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG