Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Кучма надаў сьпікеру Вярхоўнай Рады Ўладзімеру Літвіну званьне Героя Ўкраіны


Валер Каліноўскі, Менск Тым часам абодва кандыдаты ў прэзыдэнты Ўкраіны — Віктар Юшчанка і Віктар Януковіч — рыхтуюцца да перагаласаваньня 26 сьнежня і заяўляюць пра свае высокія шанцы на перамогу.

Леанід Кучма нечакана прысвоіў сьпікеру Вярхоўнай Рады Ўладзімеру Літвіну званьне Героя Ўкраіны за “выдатныя асабістыя заслугі перад Украінай у разьвіцьці дзяржаўнага будаўніцтва, рэфармаваньні палітычнай сыстэмы, сьцьвярджэньні ідэалаў грамадзянскага адзінства і згоды ў грамадзтве”. Вось як адрэагаваў на гэтую навіну вядомы ўкраінскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў:

(Дзергачоў: ) “Ой, ну шмат ёсьць такога кур’ёзнага ў праўленьні спадара Кучмы, хоць ён тут проста перахоплівае ініцыятыву, сьпяшаючыся кагосьці ўзнагародзіць. Што ж, на справе Літвін адгуляў важную і канструктыўную ролю на гэтым этапе”.

Роля Ўладзімера Літвіна ў дасягненьні кампрамісных рашэньняў у Вярхоўнай Радзе і прыняцьця канстытуцыйнай рэформы сапраўды вялікая. Аднак спадар Дзергачоў лічыць, што Кучма і ягонае атачэньне цяпер ня здолеюць скарыстацца палітычнай рэформай дзеля самазахаваньня. Кіроўная эліта Ўкраіны будзе абноўленая пасьля выбараў.

(Дзергачоў: ) “Але праўдай зьяўляецца і тое, што прэзыдэнцкімі выбарамі не завершыцца складаны пераходны працэс. Бо будзе вельмі важным усталяваць стабільную большасьць у Вярхоўнай Радзе. Гэта прадугледжвае фармаваньне досыць стракатых кааліцыяў. Усё гэта акрэсьлівае пераходны этап, які мае завершыцца фармаваньнем новага складу Вярхоўнай Рады. Такім чынам мы мецьмем прынамсі 15 месяцаў такога пераходнага пэрыяду”.

Паводле прагнозу Аляксандра Дзергачова, падчас перагаласаваньня другога туру выбараў 26 сьнежня Віктар Юшчанка ўпэўнена пераможа, зь перавагай ня меней за 15%, аднак адной перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах усё не завершыцца. Новы прэзыдэнт Украіны з поўнымі паўнамоцтвамі цягам 15 месяцаў будзе мець магчымасьць шмат зрабіць пры падтрымцы неапазыцыйнай яму Вярхоўнай Рады.

На думку палітоляга Аляксандра Дзергачова, Леанід Кучма цяпер вырашае асабістыя пытаньні. Не выключаюцца і перамовы пра гарантыі ягонага постпрэзыдэнцкага існаваньня. Да 26 сьнежня Леанід Кучма яшчэ можа ўскладніць сытуацыю, бо мае значныя фінансавыя і арганізацыйныя рэсурсы, — упэўнены Аляксандар Дзергачоў.

Кандыдат ад апазыцыі Віктара Юшчанка сёньня спрагназаваў сваю перамогу 26 сьнежня з вынікам больш за 60%. У агітацыйнай кампаніі спадар Юшчанка будзе больш спадзявацца на працу са СМІ, ён не выключае спробаў улады сарваць перагаласаваньне ў пэўных акругах.

Выбарчы штаб прэм’ера Віктара Януковіча таксама ўпэўнены ў перамозе свайго кандыдата і таксама зь вялікім адрывам. Пра гэта заявіў “Прэзыдэнцкай газэце” кіраўнік перадвыбарчага штабу Януковіча Тарас Чарнавіл. Ён мае намер правесьці паралельны падлік галасоў, узмацніць кантроль за выбарамі прэзыдэнта і не дапусьціць фальсыфікацыяў на карысьць Юшчанкі. Чарнавіл намагаецца стварыць новае палітычнае аблічча Януковіча як апазыцыйнага Кучму дзяржаўнага дзеяча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG