Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці можна назваць інтэрнат домам студэнта?


Франак Вячорка, Менск Вітаю ўсіх! У эфіры – “Маладыя галасы”. На пачатку – кароткі зьмест праграмы: – экстрэмальныя побытавыя ўмовы ў студэнцкіх інтэрнатах. Насельнікі скардзяцца на холад у пакоях, на адсутнасьць гарачай вады і немагчымасьць прыгатаваць ежу. Кіраўніцтва Тэхналягічнага каледжу абвяргае абвінавачваньні. – моладзь дапамагае аднагодкам выглядаць прыгожа. Касмэтычны кансультант дзеліцца сакрэтамі кантактаваньня з кліентамі. – у рубрыцы “Моладзевыя плыні” – аповед пра сатаністаў. Як людзі становяцца сатаністамі? Чаму яны пасьля адмаўляюцца ад гэтага захапленьня? Ці выклікалі апошнім часам у Беларусі Сатану? Вы таксама пачуеце меркаваньні беларускай моладзі пра сатанізм і сатаністаў. – анонс чарговага нумару часопісу “Студэнцкая думка”.

ГАВОРКІ ПРА НЕКАМФОРТНЫЯ ІНТЭРНАТЫ

Сьнег у Беларусі выпаў якраз у тую ноч, калі моладзь сьвяткавала Міжнародны дзень студэнта. Наступнай раніцай пасьля ўдалай вечарыны да спэцыфічнага стану ў жыхароў інтэрнацкіх пакояў дадалося адчуваньне холаду. Рукі адразу пацягнуліся да цёплых апранахаў. За вакном мароз, а ў дзьверы могуць пагрукаць з чарговай праверкай. Камэнданты інтэрнатаў і іхнія памагатыя палююць на рознага кшталту ацяпляльныя прыстасаваньні. Не дадаў аптымізму й позірк на каляндар: вясны прыйдзецца чакаць месяцы тры, а то і ўсе чатыры.

У нашую студыю мы запрасілі Тацяну – студэнтку Дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу. Пачакалі, пакуль дзяўчына адагрэецца, а пасьля распыталі пра камфортнасьць жыцьця ў студэнцкім інтэрнаце.

(Карэспандэнт: ) “Студэнцкія інтэрнаты, інтэрнаты навучэнцаў – ці камфортныя гэтыя збудаваньні для жыцьця?”

(Тацяна: ) “Адным словам можна апісаць – жах. Проста кашмарна! Домам інтэрнат не назавеш для студэнта, хаця ён павінен быць такім. Я прыходжу з параў, я не магу прыгатаваць сабе есьці. Я амаль што цэлы дзень галодная. Якраз супадае так, што калі мяне няма ў інтэрнаце, працуюць пліты. Я прыходжу – яны ніколі не працуюць. Яны працуюць па раскладзе ў пэўныя гадзіны: зь 7 да 8. Ва ўсіх пакоях такія шчыліны ў вокнах, што там тоны гэтых ацяпляльнікаў і паперы – яны не дапамагаюць. Проста вецер прадзімае. На днях заклеілі, сёньня глядзім – адклейваецца ўжо гэтая папера ад таго, што такі моцны вецер дзьме. Яно не дапамагае нічога. Усё адно ў пакоях халодна, вельмі халодна”.

(Карэспандэнт: ) “І як у такіх умовах студэнты, студэнткі грэюцца?”

(Тацяна: ) “У вопратцы, бывае, сьпім. Шмат коўдраў, што толькі ёсьць, нацягваем на сябе. Заліваем у бутэлькі гарачую ваду й бярэм яе да сябе: абдымаем там, засоўваем пад коўдру, каб яна ацяпляла. Гарачая вада была ў кранах калісьці. У тым годзе свабоднае цячэньне гарачай вады спынілася. Яна таксама па раскладзе. У нас зараз гарачая вада з 8 да 12 днём, і вечарам – з 18 да 23 гадзін ночы”.

(Карэспандэнт: ) “Імідж студэнцкіх інтэрнатаў – што гэта такая вольная тэрыторыя, дзе маладыя людзі могуць карысна й з задавальненьнем правесьці час. У прыватнасьці, інтэрнат вашага каледжа – ці адпавядае гэтаму іміджу?”

(Тацяна: ) “Гэтаму іміджу ён не адпавядае, таму што проста ў нас забаронена пускаць нават знаёмых. Абсалютна нікога не прапускаюць. Проста так дзіўна: амаль ва ўсіх інтэрнатах больш-менш свабоднае наведваньне, але ў нас абсалютна нікога не пускаюць, колькі ні змагаліся з гэтым – нічога ня робяць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьвярталіся вы да кіраўніцтва інтэрнату, да камэнданта інтэрнату, каб выправіць гэтую сытуацыю? Ці рухаецца справа?”

(Тацяна: ) “Так, у летась зьбіралі подпісы па ўсім інтэрнаце амаль ва ўсіх людзей. Больш за трыста подпісаў мы сабралі. Падавалі камэнданту, на што нам нічога добрага не адказалі, толькі пачалі наезды на дзяўчыну, якая арганізатаркай гэтага ўсяго выступала. Увесь пачатак году пагражалі вельмі моцна, што як ня тое – адразу высяляюць”.

(Карэспандэнт: ) “Якое вы бачыце выйсьце з гэтай сытуацыі, якая склалася?”

(Тацяна: ) “Спыняцца мы, у прынцыпе, не зьбіраемся. Таксама думкі аднаўляцца зноў з подпісамі, дамагацца больш, кудысьці вышэй іх падаваць, каб гэта неяк лепш разгледзелася. Можа, яшчэ й атрымаецца!”

Мы скантактаваліся з намесьніцаю дырэктара Тэхналягічнага каледжу Валянцінаю Ажар. Папрасілі яе пракамэнтаваць выказваньні студэнтаў.

(Ажар: ) “Ужо абмяркоўвалася гэтае пытаньне. Пліты ўключаныя. Яны нічога ня вараць! Там у інтэрнаце цёпла, я вось нават цікаўлюся ў дзяцей. І тое, што яны кажуць, гэта няправільна, няпраўда! І вада ў нас ёсьць, і ацяпленьне ўключанае. А тыя, хто ня хоча стварыць у сябе сваю ўтульнасьць, так як трэба, і будуць скардзіцца. Хлопцаў хочуць прыводзіць, але, прабачце! Таксама зразумейце, што гэта – мараль! У нас у інтэрнаце жывуць дзеці, якія яшчэ толькі закончылі 9 клясаў, а ёсьць, якія на апошнім курсе. Таму ў нас там вельмі узмоцнены кантроль. Там нармальны мужчына – кіраўнік інтэрнату, там працуе мора выхавацеляў, якія глядзяць за ўсім. Паўтаруся, умовы нармальныя, не абмежаваныя. Калі яны так незадаволеныя, хай ідуць жывуць на кватэру. Знойдуцца іншыя, якія хочуць тут жыць”.

ГАВОРКІ ПРА КАСМЭТЫКУ

Як моладзі зарабіць грошы – гэта адна з галоўных тэмаў праграмы “Маладыя галасы”. Сёньня – пра прафэсію касмэтычнага кансультанта. Нашая суразмоўца, Ірына, распаўсюджвае прадукцыю фірмы Oriflame. Яна дзеліцца назіраньнямі за кліентамі й раскрывае сакрэты свайго прафэсійнага посьпеху.

(Ірына: ) “Уся ж такі, як ні банальна, няма непрыгожых людзей. З кожнага чалавека можна зрабіць ну калі не прыгожага, то цікавага. Многія дзяўчынкі й хлопчыкі няправільна даглядаюць за сабой. Тыповая памылка: многія хлопчыкі лічаць, што калі мужчынскі пол глядзіць за сабою, то гэта ці геі, ці яшчэ няведама што. На самой справе гэта ўсё ня так. Хлопчыкі павінны даглядаць сябе, павінны карыстацца дэзадарантамі і парфумамі”.

(Карэспандэнт: ) “Як часта сярод вашых кліентаў можна сустрэць асобаў мужчынскага полу?”

(Ірына: ) “Працэнтаў пяць. Яны мала размаўляюць між сабой пра касмэтыку. І таму атрымоўваецца, што мужчына мужчыну не заўсёды папросіць параіць нешта. Якраз такі лягчэй, калі я прыйду – мы зь ім пагаворым, вырашым, якія ў яго праблемы, усё падбярэм. Ён застанецца задаволены.

Я падбіраю людзям касмэтычныя сродкі. Трапіць было вельмі лёгка. Спачатку вельмі доўга думала, бо быў прыклад шматлікіх сябровак, якія гаварылі, што гэта нерэальна, зарабіць грошы на касмэтыцы, і што тысячы дзяўчынак ужо спрабавалі так зарабіць, і ў іх нічога не атрымалася. Але потым усё пайшло вельмі добра. Проста мае сябры, знаёмыя ўбачылі, што я магу гэта рабіць, што я ведаю, што ім трэба, і яны пачалі самі да мяне зьвяртацца. У мяне ўжо няма такіх праблемаў, як знайсьці кліентаў. Яны самі знаходзяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Якія псыхалягічныя сакрэты мусіць ведаць кансультант, каб у яго былі кліенты, каб яны засталіся задаволеныя?”

(Ірына: ) “Ёсьць такое правіла “трох”: кожны чалавек любіць сваё імя, любіць камплімэнты і ўсьмешку. Добрае стаўленьне да чалавека – гэта стаўленьне да яго не як да кліента. Бо нават кажуць: калі ты прыходзіш і хочаш зарабіць, у цябе у вачах даляры. Па-другое, наш мозг не ўспрымае часьціцу “не”. Калі мы гаворым: “Вы ня хочаце ўзяць каталёг паглядзець?” Вось гэтая часьціца “не” можа блякавацца й чалавек можа сказаць: “не”. Трэба гаварыць: “Давайце я вам пакіну каталёг паглядзець”. Тады ён абавязкова згодзіцца.

Трэба верыць у сябе, гэта вельмі-вельмі істотна. І трэба ставіць мэты й запісваць іх, тады ўсё атрымліваецца. Напрыклад, калі вы жадаеце купіць аўто, вы пішаце, што вы жадаеце купіць. Вы абавязкова пішаце: калі, які й як. І вось вашая правільна сфармуляваная мэта – гэта 90% вашага посьпеху. Тут працуе вашая воля й вашае ўменьне й намаганьні. Вашая магчымасьць супрацьстаяць вось гэтым зьнешнім фактарам”.

(Карэспандэнт: ) “Касмэтычны кансультант – гэта нейкая ўзроставая прафэсія? І сярод маладых людзей – колькі такіх ёсьць, і што гэта за людзі?”

(Ірына: ) “Кансультант прыгажосьці ў нашай кампаніі – з 14 гадоў. Але трэба абавязкова прайсьці школу веданьня прадукцыі. Можна стаць з 14 гадоў, можна стаць ім у 60 гадоў. Моладзь – гэта большасьць. Але, трэба сказаць, моладзь – яна хутка прыходзіць і хутка сыходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Касмэтычны кансультант – наколькі гэта лёгкі хлеб? Што вас корміць?”

(Ірына: ) “Мяне, няпэўна, корміць язык. Некалі мама мне казала, што акрамя языка, я нічым сабе грошы не зараблю. Яна як у ваду глядзела. Вядома ж, ногі. Трэба шукаць кліентаў, іх знаходзіць. Трэба аддаваць замовы, зьбіраць замовы й гэтак далей. Калі вы хочаце зарабляць, прыкладна, каля 50 даляраў, то магчыма гэтым займацца каля адной-дзьвюх гадзінаў у дзень. Чым больш вы хочаце зарабляць, тым больш часу мусіце прысьвячаць гэтай працы”.

ГАВОРКІ ПРА САТАНІСТАЎ

Моладзь і старэйшае пакаленьне па-рознаму ставяцца да хіпі, панкаў і рэпэраў. Але ў дачыненьні да каго дзеці з бацькамі адзінадушныя – дык гэта да сатаністаў. Нэгатыўны імідж названай плыні час ад часу падмацоўваецца чарговым актам вандалізму на могілках альбо газэтнымі публікацыямі пра тое, што яшчэ адзін сэктант зьехаў з глузду й перасяліўся ў лякарню для псыхічна хворых.

На інтэрвію да нас прыйшла апранутая ва ўсё чорнае дзяўчына, якая прадставілася Ксеніяй. Без асаблівых эмоцыяў на твары, яна адказвала на нашыя пытаньні. Пры гэтым ейны позірк быў утароплены ў адну далёкую кропку.

(Ксенія: ) “Сатанізмам можна назваць нават культ асобы, толькі сваёй уласнай. Вобраз жыцьця заключаецца ў тым, што ты жывеш так, як падабаецца табе, эгаізм у чыстым выглядзе – у культ узводзяцца ўсе ніжэйшыя інстынкты чалавека, і таксама чалавек раўнаецца з жывёлай. Агульнае разуменьне сатанізму як культу перавернутых крыжоў і разьбітых магільных камянёў – гэта ўсё абывацельскае, бо, на самой справе, Сатана займае не такое ўжо вялікае месца ў сатанізьме. Гэта, хутчэй за ўсё, проста зручны сымбаль. У сапраўдным сатанізьме не існуе пакланеньня д’яблу, гэта проста пакланеньне, яшчэ раз паўтару, самому сабе”.

(Карэспандэнт: ) “Сатаністаў у Беларусі шмат?”

(Ксенія: ) “Сапраўдных сатаністаў ня так ужо й многа. І вось гэтыя людзі, з пункту гледжаньня грамадзтва, яны сапраўды небясьпечныя. І яны не становяцца звычайнымі людзьмі, яны назаўсёды захоўваюць сваю ідэалёгію. Зразумела, гэта ідэалёгія маладых людзей. Таму што ва ўзросьце ад гадоў 15-ці максымум да гадоў 25-ці хочацца адчуць такую сваю ўседазволенасьць – калі ня толькі няма забароны, а наадварот, гэта ўхваляецца”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта проста – стаць сатаністам?”

(Ксенія: ) “Па-першае, чалавек духоўна павінен сам прыйсьці да гэтага й зразумець, што гэта ўсё не панты, каб зьдзівіць прыгожую дзяўчыну.з суседняй клясы. Ёсьць розныя суполкі сатаністаў, у адной зь іх, каб стаць чальцом, трэба прайсьці пэўныя выпрабаваньні. Прыносяцца ў ахвяру жывёлы. Некаторыя павінны зрабіць так, каб у цяжарнай жанчыны здарыўся выкідыш”.

(Карэспандэнт: ) “Усё тое, пералічанае вамі, падпадае пад крымінал. Людзей гэта не спыняе?”

(Ксенія: ) “Наадварот, нечым вабіць. Усё забароненае маніць да сябе. Большасьць сатаністаў так і застаюцца непакаранымі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы самі ўзгадалі, што захапленьне сатанізмам – гэта зьява часовая, і мала хто ідзе па гэтай сьцяжыне ўсё жыцьцё. Тыя, хто ў адзін момант сканчаюць сваё захапленьне – як складваецца лёс гэтых людзей надалей?”

(Ксенія: ) “Гэта ўсё ўспамінаецца потым як захапленьні маладосьці, ня больш таго. Былыя сатаністы становяцца ня проста нармальнымі, а нават моцнымі вернікамі. Лёс іх у далейшым нармальна складваецца, яны знаходзяць сабе працу, жэняцца, нараджаюць дзяцей, і нават потым многія спрабуюць прадухіліць захапленьне сваіх дзяцей такімі ж рэчамі”.

(Карэспандэнт: ) “Акты вандалізму на могілках, у храмах. Што прымушае людзей рабіць гэта? Матывацыя іхняя – у чым палягае?”

(Ксенія: ) “У 90% выпадкаў гэта робяць зусім не сатаністы, а проста п’яныя гопнікі, якім трэба адчуць сябе такімі сьмелымі, мужнымі. Калі гэта не рытуал які-небудзь, то гэта проста жаданьне ўхапіць адрэналін. Іншы раз праводзяцца й рытуалы, але гэта даволі рэдка. Пабачыць гэта вельмі складана, і, я лічу, лепш ня трэба, таму што гэта не такое ўжо прыемнае відовішча.

Адзін з найбольш вядомых выпадкаў – гэта абсалютна сапраўдная гісторыя – у Віцебскай вобласьці падлеткі здабылі кніжку з асновамі чорнай магіі. Яны выклікалі дэманаў. З магілаў усталі духі салдатаў, і фашыстаў, і нашых беларускіх. Ноччу яны хадзілі па вёсцы, і, пакуль не прыехаў бацюшка, не асьвяціў гэта месца й не асдлужыў малебен за душы загінуўшых салдатаў, усё гэта ня скончылася. Я лічу, што гэты выпадак павінен навучыць : ня лезь туды, куды галава не пралазіць. Гэтыя сатаністы, якім было так весела маляваць пэнтаграмы й разьліваць кроў на могілках, сядзелі ў хатах і не высоўвалі нос на вуліцу”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі апошнім часам сатану выклікалі?”

(Ксенія: ) “Я ні разу ня бачыла”.

Што ведае пра сатаністаў беларуская моладзь? Якое іх стаўленьне да гэтых людзей? Вашай увазе – апытанка праграмы “Маладыя галасы”.

(Карэспандэнт: ) “Што ты ведаеш пра сатаністаў?”

(Дзяўчына: ) “Я ведаю, што яны пакланяюцца цёмным сілам, яшчэ ў іх іншыя кашоўнасьці. Мяркуюць, цёмныя сілы – гэта нават лепей чым дабро. Часам многія даходзяць да фанатызму, крывавыя рытуалы ўсякія пачынаюцца, розныя ахвяраваньні. У сучасным грамадзтве шмат зла, калі шмат зла, то, вядома, вынікае нейкая рэлігія з гэтага”.

(Карэспандэнт: ) “Тваё асабістае стаўленьне да сатаністаў і да гэтай плыні?”

(Дзяўчына: ) “Калі я пазнаёмлюся з сатаністам і буду гэта ведаць, то я пастараюся гэтага чалавека выправіць”.

(Карэспандэнт: ) “Што ты ведаеш пра сатаністаў?”

(Другая дзяўчына: ) “Сатаністы – гэта проста маладыя людзі, якія ня ведаюць чым заняцца, гэта моладзь, якая не знайшла яшчэ свайго месца ў грамадзтве, якая ня ведае, чым заняць сябе: шмат вольнага часу, і, акрамя гэтага, у іх парушаная псыхіка”.

(Карэспандэнт: ) “Што ты ведаеш пра сатністаў?”

(Трэцяя дзяўчына: ) “Ну, я ведаю, што гэта маладзёвая субкультура, у якую ўваходзяць звычайна агрэсіўна настроеныя людзі. Але я ня думаю, што сатаністы – гэта ўсе павальна дрэнныя людзі. Ёсьць сярод іх і вельмі нават чалавечныя, і добрыя. Я не лічу, што гэта дрэнная субкультура, і што людзі, якія да яе належаць, нявартыя павагі, што зь імі ня варта дачыняцца”.

(Чацьвёртая дзяўчына: ) “Я да іх ніяк ня стаўлюся, бо нічога пра іх ня ведаю. Адзінае, што я ведаю, што час ад часу яны могуць там размаляваць які-небудзь храм, касьцёл і што-небудзь яшчэ такое”.

(Карэспандэнт: ) “А пакланеньне цёмным сілам – наколькі яно адэкватнае ў сучасным грамадзтве?”

(Чацьвёртая дзяўчына: ) “Адэкватнае, бо ў нас наагул цёмныя сілы вакол”.

АНОНС ЧАСОПІСА “СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА”

Ад сатаністаў вернемся да больш вясёлых тэмаў. Хутка выйдзе з друку апошні ў 2004-м годзе нумар незалежнага моладзевага часопісу “Студэнцкая думка”. У нашае праграме – пераказ саміх цікавых публікацыяў.

У сьнежні часопіс “СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА” прадстаўляе штоквартальны спэцыяльны праект. У гэтым месяцы ён называецца “People of the future” – маладыя, амбітныя і пэрспэктыўныя ў набліжэньні. Гэта зборнік гісторыяў рэальнага жыцьця, у якім празь некалькі год усё будуць вырашаць такія, як нашыя Героі. Зараз іх, 17-23-гадовых, называюць проста – “пэрспэктыўныя”. Гэта не кляймо – гэта гарантыя якасьці. І ваша мэта – запомніць іх у твар.

“Самае галоўнае, – кажа Андрэй Цялькоўскі, – не пытайся, чым сквош адрозніваецца ад тэнісу. Гэта самае тупое, што толькі можна прыдумаць. Ня ведаеш – ідзі ды глядзі”. Андрэй Цялькоўскі – адзін з самых пэрспэктыўных беларускіх сквошэраў. У неафіцыйным усясьветным рэйтынгу па сквошы ён сярод 20-ці лепшых.

Каманда CherryVata зь Менску грае ў стылі intelligent music для сваіх сяброў і знаёмых. Арганізатары конкурсу маладых музыкаў “МuZZone Драйв” назвалі іх “Лепшым гуртом”. А прадстаўніцтва Sony Music пазычылі рэмікс CherryVaty на кампазыцыю “Пачак цыгарэтаў” для зборніку “Бумер-II”. Вядомы альтэрнатыўны лэйбл “Ninja Tune” таксама прыглядаецца да пэрспэктыўных беларусаў.

Фатограф Міхал Лешчанка ўжо можа запісваць у свой актыў працу ў глянцавых СМІ. Ягоныя здымкі займаюць першыя месцы ў прафэсійных рэйтынгах. Гэтыя працы трэба бачыць у колеры – гэта насамрэч вельмі ярка. Ён не асабліва клапоціцца наконт фактуры. Адну з найлепшых сваіх сэсій ён наздымаў выпадкова: адпачываў у Баўгарыі і знайшоў на пляжы дапатопны тэлепрымач. Але Міхал абсалютна не клапоціцца пра папулярнасьць: у самы разгар сваёй выставы ў Вэне можа ўзяць і зьехаць у Індыю – проста так, “пафоткаць”.

Да таго ж у праекце “People of the future”:

– студэнт мэхмату БДУ і прызэр БДУ за лепшую працу па прыродазнаўстве Кірыл Кузьмін распавядае, чаму ён лічыцца геніем у такой галіне матэматыкі, як шматкрытэрыяльная аптымізацыя, і чаму людзям трэба баяцца тэорыі адноснасьці Энштэйна;

– школа графічна-эмацыйнага дызайну. Любы ахвотны абсалютна “за так” можа прыйсьці і навучыцца маляваць партрэты, якія замаруджваюць працэс старэньня, альбо абстаўляць офісы так, што любыя перамовы ў іх абавязкова скончацца для гаспадара посьпехам.

Адмысловы выпуск “СТУДДУМКІ” шукайце напярэдадні Калядаў у заўсёдных кропках распаўсюду.

Час разьвітвацца. У наступнай, перадсьвяточнай праграме мы пагаворым пра студэнцкія хітрыкі часам здачы сэсіі, а таксама пра тое, дзе і як файна адсьвяткаваць Каляды ды Новы год.

Пачуемся!
XS
SM
MD
LG