Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька загіблага жаўнера ўнутраных войскаў мае намер зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд беларускага друку

Івацэвіцкая “Газэта для вас” распавядае пра паказуху ў Драгічыне, дзе нядаўна прайшлі абласныя дажынкі. Матэрыял называецца “Доўгае рэха дажынак”.

У Пружанах таксама пару год таму былі дажынкі. У артыкуле “Безбар’ерная паласа перашкодаў” гаворка ідзе пра тое, як у горадзе жывецца інвалідам – паўсюль высокія бардзюры, а вось пандусаў няма, альбо такія, на якія без дапамогі не ўзьбярэсься. У Баранавічах будуецца лядовы палац, а вось ўчастковыя лякарні закрываюцца, піша “Газэта для вас”.

Карэспандэнт “Витебского курьера” вывучаў, “Як у нас сядзіцца”. У чатырох папраўчых калёніях вобласьці адбывае пакараньне сем з паловай тысячаў чалавек. Пракурор па нагляду за выкананьнем законаў Ігар Скурчык распавёў, што начальнiку адной калёніі асуджаныя заявілі: “Калі людзі ў нашай вёсцы даведаюцца, як тут кормяць, усе сюды пойдуць!” Калёнія №10 ў Наваполацку была праблемная, а цяпер, паводле пракурора Скурчыка, да дашкольных установаў ўлады ставяцца нашмат горш.

Маладэчанская “Рэгіянальная газэта” у артыкуле “Твой першы крок у бізнэсе” дае 10 парадаў прадпрымальніку-пачаткоўцу, як зарабіць першапачатковы капітал.

Баранавіцкая “Інтэкс-прэс” піша пра тое, як Уладзімір Толкач, сын якога загінуў ва ўнутраных войсках, безвынікова спрабуе зьняць з сына кляйно самазабойцы. Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў скаргу Толкача пераадрасаваў у Вайсковую пракуратуру, якая гаротнага бацьку адфутболіла. Уладзімер Толкач мае намер зьвярнуцца цяпер у Эўрапейскі суд.

Яшчэ “Інтэкс-прэс” распавядае пра славутых зямлячак – прэтэндэнтку ў фінал конкурсу “Эўрабачаньне” Гюнэш Абасаву і жонку ўплывовага супрацоўніка Міністэрства замежных справаў Нямеччыны, якія нарадзіліся ў Баранавічах.

Тыднёвік “Наша ніва” усур’ёз абмяркоўвае, дзе ў Менску месца для кварталу чырвоных ліхтароў. Якіх толькі прапановаў не паступіла ад дзеячоў літаратуры і мастацтва – і на Чырвонай, Чырвоназорнай, на Карла Маркса. На праспэкце Машэрава каля “Юбілейкі”. У раёне камвольнага камбінату, каб даць скарочаным ткачыхам дадатковы легальны заробак. Але, паводле эпатажнага літаратара й выдаўца Адама Глёбуса, “нават калі зрабіць рэзэрвацыю, да прыкладу, у раёне кінатэатру “Аўрора”, гэта не вырашае праблемы. Усё роўна ўсе дзеўкі стаяць у мяне на плошчы Перамогі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG