Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвярамі фальшывай гарэлкі стаюцца алькаголікі, моладзь і беспрацоўныя – перадусім на вёсцы


Міхал Стэльмак, Менск Фальшывая гарэлка небясьпечная перадусім наступствамі яе спажываньня. Што думаюць на гэты конт шараговыя грамадзяне і адмыслоўцы?

У Беларусі п’юць шмат. Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, сярэднестатыстычны беларус выпівае за год у сярэднім звыш 9 літраў сьпірту. Гэта амаль удвая больш нормы, якую рэкамэндуе не “перабіраць” Усясьветная арганізацыя здароўя.

Як вынік, пад наглядам у нарколягаў знаходзяцца звыш 200 тысяч жыхароў краіны. У народзе іх называюць немудрагеліста – алькаголікамі. Якраз на гэтую катэгорыю насельніцтва найперш працуе падпольная гарэлачная індустрыя.

Яшчэ адна буйная катэгорыя спажыўцоў фальшывай гарэлкі – беларусы зь нізкімі даходамі. У прыватнасьці – беспрацоўныя. Зразумела, і вяскоўцы. Сафія Табола жыве ў Шаркаўшчынскім раёне і добра ведае тутэйшую сытуацыю:

(Табола: ) “Гэта вёскі Людвінова, Зорка, Юзэфова, Германавічы. На тэрыторыі іх калгаса памерла за апошні год 20 працаздольных мужчынаў. Навокал тут п’яніцы, п’яніцы, п’яніцы. У нас гэта страшэнная справа. Ёсьць некалькі кропак, якія гэты сьпірт тэхнічны разьведзены прадаюць ледзьве не адкрыта. Гэта ў нас спажываемая вадкасьць №1. Таму што гарэлка дарагая. Таму альбо віно таннае купляюць у краме, альбо гэты разьведзены сьпірт. Па ўсёй акрузе чуткі, што нават у крамах прадавалі таемна. Як бы левы тавар такі. Мы казалі пра гэта ўладам, але ніякага руху ў гэтым напрамку не чуваць. Як прадавалі, так і прадаюць. І людзі як гінулі, так і гінуць”.

А якой бачыцца сытуацыя прадстаўнікам грамадзкіх ці афіцыйных стуктураў, адмыслоўцам? Пра існаваньне няякаснай гарэлкі добра ведаюць у Беларускім таварыстве абароны спажыўцоў. Як паведаміла мне старшыня гэтай грамадзкай арганізацыі Ганна Суша, яны рэгулярна атрымліваюць сыгналы ад грамадзянаў пра набыцьцё імі ў гандлёвай сетцы фальшывых сьпіртовых напояў. Прынамсі, дапамагчы пацярпелым спажыўцам, як зазначыла спадарыня Суша, таварыству складана, паколькі яно ня мае ўласных лябараторыяў для правядзеньня хіміка-біялягічных аналізаў такой гарэлкі.

Не падрыхтаваная да такіх экспэртызаў і дзяржава. Напрыклад, вядомыя ўсім санэпідэмстацыі, якія ёсьць у кожным раёне, ня маюць адпаведнага абсталяваньня для такіх дасьледаваньняў. Таму спажывец, які набудзе, скажам, у райцэнтры ці ў вясковай краме напой, выраблены са шклаачышчальніка, можа толькі спадзявацца на “авось”– на тое, што бяда абыдзе яго бокам.

На жаль, як сьведчаць мэдыкі, многія грамадзяне становяцца ахвярамі алькагольных сурагатаў. Паводле статыстыкі, ад ужываньня такіх сурагатаў штогод у Беларусі памірае каля дзьвюх тысячаў чалавек. Вось, напрыклад, якімі ўражаньнямі на гэты конт падзяліўся ў гутарцы са мной галоўны нарколяг Дубровенскага раёну Уладзімір Радыёнаў:

(Радыёнаў: ) “Прывозяць нейкую танную расейскую гарэлку і на кропках гандлююць. Ёсьць сьмерці сярод тых, хто п’е. Яны і самі казалі, што куплялі, як яны называюць, “палёнку”.

(Карэспандэнт: ) “Якая катэгорыя насельніцтва больш церпіць ад гэтай гарэлкі?”

(Радыёнаў: ) “У асноўным малады ўзрост. Ад 38, 40 гадоў і старэйшыя. Яны яе набываюць чаму? Таму што танная. Яны прывозяць яе, відаць, са Смаленску і прадаюць за дзьве з паловай тысячы рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “А якія рэчывы ў гэтай гарэлцы могуць выклікаць такія цяжкія наступствы?”

(Радыёнаў: ) “Часам жа бывае, што гэта не этылявы сьпірт, а мэтылявы. Дзейнічае і на зрок, і на цэнтральную нэрвовую сыстэму, можа і паралюшы разьвіваць”.
XS
SM
MD
LG