Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 сьнежня – Дзень правоў чалавека


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 10 сьнежня

10 сьнежня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Акурат 10 сьнежня 1948 году Генэральная Асамблея ААН зацьвердзiла i абвясьцiла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.

10 сьнежня ў 1520 годзе Марцін Лютэр публічна спальвае ў двары Вітэнбэрскага ўнівэрсытэту папскую булу пра адлучэньне яго ад царквы. З гэтага дня пачынаецца аддзяленьне ад каталіцызму Рэфарматарскай царквы, якую стануць называць лютэранскай.

10 сьнежня 1878 году прыйшоў на сьвет Мікола Бліадуха, беларускі акадэмік, геоляг. На самым пачатку ХХ ст. ён скончыў Пецярбурскі горны інстытут, а з 1922 году быў загадчыкам катэдры геалёгіі БДУ. Пасьля ўзначаліў інстытут геалёгіі Акадэміі навук. Мікола Бліадуха вывучаў карысныя выкапні Беларусі і лепш за іншых ведаў, чым багатая беларуская зямля. Пра вялікі аўтарытэт вучонага сьведчыць тое, што на ягонае пахаваньне ўзімку 1935 году прыйшло вялікае мноства народу. А спачыў акадэмік на менскіх Вайсковых могілках. Ягоны помнік дагэтуль зьвяртае на сябе ўвагу, бо ён адзін зь нешматлікіх тут падпісаны па-беларуску.

10 сьнежня 1892 году ў Горадні нарадзіўся беларускі палітык Павал Аляксюк. Ён працаваў у розных суполках, таварыствах ды камітэтах, быў адказны за палітычную частку пры войсках Булак-Балаховіча, пасьля нейкі час яго бачылі ў Вільні, пасьля ў Наваградку, а ўрэшце ягоны сьлед некуды прапаў. Засталіся артыкулы ў газэтах і ўспаміны.

10 сьнежня 1930 году ў Вецявічах на Слонімшчыне нарадзіўся беларускі паэт і літаратуразнавец Мікола Арочка.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

11 сьнежня 1610 году загінуў самазванец на расейскім царскім пасадзе, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Ілжэдзімітрыя ІІ-га. Гэты чалавек быў папоўскім сынам і настаўнікам у Шклове на Магілёўшчыне, калі яго захапіў вір расейскай палітычнай смуты і ўзьнёс на маскоўскі трон, дзе Ілжэдзімітры прасядзеў некалькі месяцаў. Неўзабаве, аднак, ён мусіў уцячы ў Калугу. Там у часе паляваньня яго нібы выпадкова, але насамрэч па-здрадніцку забіў ягоны прыяцель.

11 сьнежня 1876 году ў Вішневе на Смаргоншчыне нарадзіўся Мечыслаў Карловіч. Ён быў сынам славутага этнографа і музыколяга Яна Карловіча, а сам стаў кампазытарам. Пасьля вучобы ў Нямеччыне пасяліўся ў Варшаве, дзе заснаваў свой аркестар, пісаў сымфоніі. Паводле прызнаньня самога Мечыслава Карловіча, ён зь дзяцінства любіў беларускія песьні, і матывы іх шчодра ўключаў у свае творы.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 11 сьнежня ў розныя гады, згадаем францускага кампазытара Гектара Бэрліёза, нямецкага мікрабіёляга Робэрта Коха, расейскага тэарэтыка марксізму Георгія Пляханава і нямецкага фізыка, стваральніка квантавай мэханікі Макса Борна.
XS
SM
MD
LG