Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд прызнаў былых міліцыянтаў вінаватымі ў вымаганьні грошай з кіроўцы Шэймана


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Цэнтральным судзе Менска ўчора ўвечары быў агалошаны прысуд былым міліцыянтам, бацьку і сыну Палуніным, якіх судзілі паводле заявы асабістага кіроўцы былога генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Адвакаты Палуніных і правабаронцы казалі пасьля суду, што рашэньне судзьдзі прывяло іх у шок.

За вокнамі суду было ўжо цёмна, калі судзьдзя пачаў агалошваць прысуд былым міліцыянтам, бацьку й сыну Палуніным. Раптам ў паўпустую залю ўвайшлі міліцыянты з двума парамі кайданкоў і стала зразумела, што справу выйграў кіроўца Віктара Шэймана Аляксандр Богдан. Суд паверыў, што Палуніны вымагалі зь яго грошы, што яны пагражалі яму й ягонаму сыну, і асудзіў Палуніных да 5 гадоў калёніі кожнага. Таксама ў Івана і Васіля Палуніных будзе канфіскаваная маёмасьць. Вось што сказаў правабаронца Алег Гулак, які прысутнічаў на працэсе:

(Гулак: ) “Вельмі цяжка рабіць камэнтар да такой справы. Адна рэч, калі ёсьць хоць нейкія доказы, хоць нешта. Але …Гэта проста жахліва”.

Нагадаю, ў чым сутнасьць справы. Паўтара гады таму былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Менска Іван Палунін удзельнічаў у апэрацыі па затрыманьні аўтамабіля, у якім нібыта ехалі наркадылеры. Як потым высьветлілася, аўтамабілем кіраваў сын асабістага кіроўцы Шэймана Дзьмітрый Богдан.

Затрымаць аўтамабіль не ўдалося. У апошні момант міліцыянт быў зьбіты, а Дзьмітрый Богдан зьехаў з месца здарэньня. Але па нумарах аўтамабіля яго знайшлі.

Паводле старэйшага Палуніна, каб вырашыць канфлікт, кіроўца Шэймана Аляксандр Богдан, бацька Дзьмітрыя, нібыта сам прапанаваў яму сустрэцца і пакінуў у аўтамабілі тысячу даляраў. Маўляў, на лячэньне малодшаму Палуніну, бо той атрымаў траўму. Аднак кіроўца Шэймана настойваў на тым, што яго шантажавалі й вымагалі тысячу даляраў. Гэтыя грошы фігуруюць ў справе ў якасьць рэчавага доказу – пазначаныя даляры сапраўды знайшлі ў аўтамабілі старэйшага Палуніна, калі затрымалі яго адразу пасьля сустрэчы з кіроўцам Шэймана.

Палуніны публічна назвалі гэтую сустрэчу правакацыяй.

(Іван Палунін: ) “Віны маёй і майго бацькі няма ніякай. Усё гэта зроблена дзеля таго, каб выратаваць сына ад крымінальнай адказнасьці”.

Паводле Івана Палуніна, спрацавалі сувязі Аляксандра Богдана зь Віктарам Шэйманам. Дарэчы, у судзе Аляксандр Богдан пацьвердзіў, што з 1994 года зьяўляецца асабістым кіроўцам Віктара Шэймана, аднак ён ня лічыць, што сьледзтва з гэтай прычыны прызнала яго пацярпелым.

Яшчэ цікавая дэталь – гэтую фармальна шараговую справу пра вымагальніцтва ўзбудзіла рэспубліканская пракуратура, якая звычайна займаецца больш важкімі справамі. Вёў справу сьледчы ў асабліва важкіх справах спадар Расолька. Пракурор Дударава, якая падтрымлівала абвінавачваньне ў судзе, адмовілася патлумачыць для Радыё Свабода, чым выкліканы інтарэс пракуратуры краіны да гэтай справы.

Івану й Васілю Палуніным не далі магчымасьці пракамэнтаваць прысуд. Ім адразу надзелі кайданкі, а ўсіх прысутных з залы выдалілі. У апошні момант малодшы Палунін толькі пасьпеў сказаць, што будзе абскарджваць прысуд. Адвакаты ужо сёньня пачнуць рыхтаваць скаргу.

Дадам, што разглядаў справу Палуніных судзьдзя Валер Есьман. Раней ён працаваў судзьдзём па адміністрацыйных справах і, акрамя іншага, не аднойчы выносіў прысуды ўдзельнікам апазыцыйных акцыяў.
XS
SM
MD
LG