Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы – крымінальныя справы супраць былых супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія зьдзекаваліся з апазыцыянэраў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы распачатыя чарговыя крымінальныя справы супраць былых супрацоўнікаў спэцслужбаў ПНР, якія зьдзекаваліся з апазыцыянэраў, актывістаў забароненых арганізацыяў і звычайных палякаў за тое, што яны, напрыклад, слухалі “Радыё свабодная Эўропа”. Пра тое, хто і як карае ў Польшчы злачынцаў камуністычнага рэжыму расказвае наш варшаўскі карэспандэнт.

Гданьск. Тут сёньня распачаўся судовы працэс у справе 79-ці гадовага Януша Б. – былога супрацоўніка службы бясьпекі, які ў 1949 годзе ў горадзе Лэмборк зьбіваў і катаваў псыхічна двух падлеткаў– сябраў арганізацыі Польскія скаўты ў падпольлі. Падсуднаму пагражае да 10 гадоў турмы.

Торунь. Такі ж тэрмін турэмнага зьняволеньня пагражае і двум былым супрацоўнікам службы бясьпекі, якія ў 1986 годзе зьдзекаваліся з 19-ці гадовага ліцэіста, у якога ў хаце былі знойдзеныя апазыцыйныя ўлёткі і газэты.

Катовіцэ. Былы намесьнік вайсковага пракурора адкажа перад судом за перашкоды сьледзтву ў справе расстрэлу страйкуючых шахцёраў з капальні “Вуек” у 1981 годзе.

Гэтыя і сотні іншых справаў трапілі ў суд дзякуючы супрацоўнікам Інстытуту нацыянальнай памяці – дзяржаўнай арганізацыі, створанай 6 гадоў таму дзеля пакараньня спраўцаў злачынстваў супраць польскага народу.

Інстытут актыўна займаецца навуковымі дасьледаваньнямі гісторыі таталітарызму, але ў яго склад уваходзіць і сьледчы аддзел, дзе працуюць пракуроры, якія зьбіраюць дакумэнты а потым накіроўваюць іх у суды.

Летась Інстытут нацыянальнай памяці вёў амаль 1200 сьледзтваў, зь якіх каля 900 тычыліся камуністычных злачынстваў.

Гаворыць кіраўнік Інстытуту, прафэсар Леон Керэс:

(Керэс: ) “Да нас зьвяртаюцца людзі і просяць знайсьці месца, дзе пахаваныя іхныя сваякі, якіх закатавалі камуністычныя спэцслужбы і высьветліць як гэта было зроблена. Ці, напрыклад, нядаўна мы займаліся справай звычайнай настаўніцы, якую пасадзілі за тое, што яна ўпотай слухала “Радыё свабодная Эўропа”, а потым пазбавілі права навучыць дзяцей. Гэтая жанчына ўжо памерла, але так і не даведалася, што такога страшнага яна зрабіла, чаму яе пазбавілі права на справядлівы працэс, не дазволілі займацца любімай справай. Хіба яе памяць не заслугоўвае, каб распачаць у гэтай справе сьледзтва і высьветліць, хто гэта ўсё зрабіў, усе акалічнасьці справы”.

Паводле словаў Леона Керэса, інстытут займаецца таксама справамі, у якіх ужо немагчыма пакараць вінаватых, але ў такіх выпадках галоўнае – паказаць што злачынствы не застаюцца без пакараньня, нават калі яны былі зробленыя паўстагодзьдзі таму.

(Керэс: ) “Мы вядзем сьледзтвы ня толькі, калі дакладна вядома, што вось абвінавачаны жыве і яго можна судзіць, але таксама гэтак званыя сьледзтвы гістарычныя. Мы ведаем, што спраўцы тых злачынстваў ужо памерлі, але людзі мусяць ведаць, хто вінаваты і як гэта адбывалася”.

На наступным тыдні сьледчыя Інстытуту нацыянальнай памяці пачынаюць апытаньне першых сьведкаў у справе Катынскай трагедыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG